25 красавiка 2024, Чацвер, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўнага «адзінароса» Чувашыі выпраўляюць у адстаўку на фоне скандалаў

5
Галоўнага «адзінароса» Чувашыі выпраўляюць у адстаўку на фоне скандалаў
ГУБЕРНАТАР ЧУВАШЫІ – МІХАІЛ ІГНАЦЬЕЎ

Чыноўнік заклікаў «мачыць» журналістаў і прымусіў афіцэра МНС скакаць за ключамі.

Кіраўнік Чувашыі Міхаіл Ігнацьеў сыдзе ў адстаўку, пастанова пра гэта прынятая, апавяла РБК крыніца, блізкая да адміністрацыі прэзідэнта РФ, і пацвердзіў іншы блізкі да Крамля суразмоўца РБК.

Афіцыйна сыход кіраўніка рэспублікі адбудзецца альбо ўжо на гэтым, альбо на наступным тыдні, удакладніла адна з крыніцаў РБК.

Ігнацьеў не адказаў на званкі і паведамленні РБК. Прэс-сакратар кіраўніка Чувашыі Алег Сідараў адмовіўся ад каментароў.

Міхаіл Ігнацьеў кіруе рэспублікай з 2010 года, у цяперашні час дапрацоўвае свой другі тэрмін. Ягоныя паўнамоцтвы мінаюць у верасні 2020 года.

Адстаўцы Ігнацьева папярэднічалі два публічныя скандалы. Падчас выступу 18 студзеня, прымеркаванага да Дня друку, кіраўнік рэспублікі заявіў, што некаторыя журналісты і блогеры прыязджаюць у Чувашыю з розных рэгіёнаў і пачынаюць «пісаць, не ведаю, пра што і пра каго». «Абы, значыць, зарабіць на розных схемах. Таму трэба выразна пазначыць: трэба іх мачыць, як у народзе кажуць», – падкрэсліў Ігнацьеў.

Пасля ён папрасіў прабачэння за свае словы, заявіўшы, што «сэнс ягонай прамовы быў у іншым, але, як бывае звычайна, усё перасмыкнулі і перайначылі», і дадаўшы, што заўсёды «карэктна ставіўся да журналістаў, якія крытыкуюць, карэктна падаюць артыкулы».

23 студзеня Ігнацьеў уручаў ключы ад пажарных машынаў супрацоўнікам МНС. Пасля мерапрыемства ў сеціве з'явілася відэа, на якім кіраўнік рэгіёну, як пісалі мясцовыя СМІ, «прымусіў афіцэра МНС скакаць за ключамі на ўручэнні пажарных машынаў».

На шырока папулярнае відэа адрэагаваў сакратар генрады «Адзінай Расеі» Андрэй Турчак, які заявіў, што кіраўніцтва адзінаросаў разгледзіць пытанне выключэння Ігнацьева з партыі, а таксама ягонай адпаведнасці сваёй пасадзе. Паводзіны Ігнацьева «знаходзяцца за мяжой разумення», гаварылася ў заяве Турчака. Кіраўнік МНС Яўген Зінічаў назваў паводзіны губернатара недапушчальнымі.

У панядзелак, 27 студзеня, на сайце кіраўніка Чувашыі з'явілася заява Ігнацьева, у якой ён сказаў, што адхіляе «ўсе дадумкі, чуткі, плёткі і адкрытую хлусню пра якое-небудзь маё непаважлівае стаўленні да супрацоўнікаў МНС». Губернатар нагадаў, што ў 2010 годзе ўдзельнічаў з ратавальнікамі ў тушэнні лясных пажараў: «Мы разам елі і тушонку з кашай. Многіх я асабіста ведаю. За гэтыя гады ў нас чалавечыя, сяброўскія стасункі склаліся». У прэс-службе кіраўніка рэгіёну заявілі, што ён быў асабіста знаёмы з выратавальнікам, якому ўручаў ключы, і што ўсё адбывалася «на пазітыўнай ноце».

Гэтыя тлумачэнні не пераканалі адзінаросаў. У панядзелак партыйная камісія ў этыцы рэкамендавала выключыць Ігнацьева з шэрагаў «Адзінай Расеі». Замсакратара генрады партыі ўлады Яўген Равенка сказаў, што дзеянні Ігнацьева шкодзяць гонару і годнасці афіцэра, «які ратуе жыцці людзей», а рэкамендацыя пра выключэнне губернатара з «Адзінай Расеі», – «паслядоўная праца партыі ў ачышчэнні».

Канчатковую пастанову пра выключэнне Ігнацьева павінен прыняць прэзідыум генрады партыі. Ягоная дата яшчэ не вызначаная, раней паведамляла крыніца РБК у «Адзінай Расеі».

Планавы сыход

Адстаўка Ігнацьева была запланаваная яшчэ да публічных скандалаў, апавялі РБК дзве блізкія да адміністрацыі прэзідэнта крыніцы. Паўнавартасна кіраваць рэгіёнам падчас новага тэрміну чувашскаму кіраўніку мог перашкодзіць стан здароўя, патлумачыў адзін з іх. У Ігнацьева нізкія рэйтынгі, што таксама згуляла сваю ролю, дадаў другі суразмоўца РБК.

У ліпені СМІ паведамлялі пра шпіталізацыю Ігнацьева ў «цяжкім стане» у гарадскую Марыінскую лякарню. У даведцы лякарні на пытанне РБК, ці знаходзіцца ў іх медустанове Міхаіл Васільевіч Ігнацьеў, тады пацвердзілі, што ягоны поўны цёзка «на кардыялагічнай хуткай дапамозе ў рэанімацыі». Інфармацыю пра тое, што кіраўнік рэспублікі трапіў у лякарню з падазрэннем на інфаркт, РБК пацвярджала і блізкая да адміністрацыі Чувашыі крыніца.

Прэс-сакратар Ігнацьева, аднак, запэўніваў РБК, што кіраўнік рэгіёну знаходзіцца ў адпачынку і «ягоная асабістая справа ў адпачынку займацца тым, чым ён хоча».

Тое, што Ігнацьеў сыдзе ў адстаўку, было зразумела даўно – ён непапулярны, у рэгіёне ёсць запыт на замену, кажа палітолаг Канстанцін Калачоў. «Можа, таму (губернатар) і расслабіўся», – разважае ён. «Усё астатняе – прыгожы спектакль, у якім Ігнацьеў выпадкова стаў антыгероем, астатнія толькі гэтага і чакалі. Выдатная магчымасць прыбраць губернатара з карысцю для ўсіх», – рэзюмуе эксперт.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках