19 красавiка 2024, Пятніца, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Беларусі забыліся пра ахвяр менскага гета

Як у Беларусі забыліся пра ахвяр менскага гета
ФРЫДА РЭЙЗМАН
ФОТА: ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ/BELSAT.EU

З 1947 года ў Беларусі не выдалі ніводнай кнігі пра гэтыя падзеі.

Сутыкнуўшыся з Галакостам падчас Другой сусветнай вайны, беларускія габрэі не знайшлі справядлівасці і пасля яе заканчэння. Пра гэта 27 студзеня ў гутарцы з карэспандэнтам «Белсату» распавяла Фрыда Рэйзман, якая доўгія гады ўзначальвае Менскую гарадскую габрэйскую дабрачынную арганізацыю «Гілф».

Калі ў 1941 годзе нацысты акупавалі Менск, Фрыдзе Рэйзман было толькі 6 гадоў. Яе бацька, Вульф Лосік, стаў адным з кіраўніком супраціву ў Менску і заснавальнікам першага партызанскага атрада на Міншчыне імя Кутузава.

«У 42-м годзе, зімой, на нас наляцела Гестапа. Нехта падказаў, што бацька збірае зброю і выводзіць людзей з гета. Калі яны шукалі зброю, я змагла ўцячы. Выбегла, як стаяла дома. Ні валёнак, нічога не змагла надзець. Падпольшчыкі мяне ўзялі, калі пачало цямнець. Я ўжо гэты момант не памятаю, я ўжо была замарожаная. У мяне былі замарожаныя рукі і ногі», - кажа суразмоўца.

У партызанскім атрадзе быў і старэйшы брат Фрыды, 19-ці гадоў. На ягоным рахунку - 17 узарваных эшалонаў. Другі брат загінуў у Трасцянцы, калі яму было 16 гадоў.

«Нікога не засталося ў жывых нікога», - кажа Фрыда Рэйзман.

Саму дзяўчынку і яе маці выратаваў беларускі селянін з Узлянаў.

«Я заўсёды вінная гэтым людзям. Ён прывёз мяне ў партызанскую зону, у вёску Парэчча [Пухавіцкі раён. - заўв.]. Гэтая вёска выратавала 40 габрэйскіх дзяцей. Бедныя, падлогі земляныя. І яны нас глядзелі, выводзілі на балота разам з сабой», - кажа суразмоўца.

У 2000 годзе ў Парэччы быў усталяваны помнік праведнікам народаў свету.

Пятая графа

Фрыда Рэйзман распавядае, што «шмат сутыкалася з антысемітызмам» і за Савецкай уладай.

«Я не змагла паступіць у той інстытут, у якім я больш бы карысці прынесла, - замежных моў. Адкрытым тэкстам сказалі: нацыянальныя кадры. Мой муж быў скрыпачом, займаўся ў класе адораных дзяцей разам з Лучанком [кампазітарам Ігарам Лучанком. - заўв.], Смольскім [кампазітар Дзмітрый Смольскі. - заўв.], але падчас выступаў ніхто не хацеў ісці граць пасля яго. Яго таксама не прынялі [для працягу адукацыі. - заўв.]. Страцілі скрыпача такога таленту!» - кажа Фрыда.

Паводле ейных слоў, з 1947 года ў Беларусі не было выдадзена ніводнай кнігі пра Менскае гета, акрамя тых, якія ў апошнія гады выдалі самастойна самі ахвяры пераследу: зборнікі дакументаў, успамінаў. Дзяржава ў гэтым не ўдзельнічала. Няма асобнай экспазіцыі, прысвечанай Менскаму гета, і ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны.

«Гэта ганебна. Загінулі грамадзяне гэтай дзяржавы. Патрыёты. І нідзе... Мне сорамна», - кажа Фрыда Рэйзман.

На развітанне яна кажа, што «народу такой дабрыні, як беларускі, нідзе няма».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках