28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Цукровая справа»: што адбываецца і чаму ў РФ цукар таннейшы?

27
«Цукровая справа»: што адбываецца і чаму ў РФ цукар таннейшы?

Цукровая галіна - адна з ключавых у структуры харчовай прамысловасці Беларусі.

Сілавыя структуры не даюць афіцыйных каментароў, аднак СМІ паведамляюць аб затрыманні кіраўнікоў усіх цукровых заводаў. У Беларусі іх чатыры: у Гарадзеі, Слуцку, Жабінцы і Скідзелі. Што ж адбываецца ў цукровай галіне нашай прамысловасці і пры чым тут расейскі рынак – Belsat.eu тлумачыць разам з экспэртамі.

СМІ паведамляюць: кіраўнікі чатырох прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю цукру, былі затрыманыя адзін за адным на гэтым тыдні. Дырэктараў Гарадзейскага і Слуцкага камбінатаў Міхаіла Крыштаповіча і Мікалая Прудніка знялі з рэйса «Белавія» з Менска ў Мюнхен, які развярнулі дзеля экстранай пасадкі ў Гародні. Пасля ў СМІ з'явіліся паведамленні аб затрыманні дырэктара Скідзельскага цукровага камбіната Дзмітрыя Ягорава і кіраўніка завода ў Жабінцы Віктара Міронава.

28 студзеня tut.by напісаў, што «знік» кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў. Гэтую кампанію з офісам у Маскве Беларускія цукровыя заводы заснавалі дзеля рэалізацыі сваёй прадукцыі на расейскім рынку. Паводле крыніцы выдання, Кірылаў таксама з'яўляецца фігурантам «цукровай справы», аднак на працоўным месцы кажуць, што ён нібыта ў камандзіроўцы.

Ні Следчы камітэт, ні КДБ ніякім чынам не каментуюць інфармацыю пра арышты дырэктараў.

Цукровая галіна - адна з ключавых у структуры харчовай прамысловасці Беларусі. На сёння амаль 370 сельскіх гаспадарак у чатырох абласцях краіны займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў і пастаўляюць іх на згаданыя дзяржаўныя заводы для перапрацоўкі. Паводле інфармацыі канцэрна «Белдзяржхарчпрам», агулам яны перапрацоўваюць больш за 35 тысяч тон цукровых буракоў за дзень і на 100% задавальняюць патрэбы ўнутранага рынку. А завод у Скідзелі за сезон 2018-2019 нібыта дасягнуў такіх поспехаў, што нават быў прызнаны «найлепшым цукровым заводам Мытнага саюза».

Тым часам аўдытары характарызавалі фінансавае становішча прадпрыемстваў як «складанае». Некампенсаваныя страты за 2018 год там перавысілі 50 млн рублёў. А чыстыя страты Жабінкаўскага завода дасягнулі 16,2 млн рублёў (у 2017 годзе яны складалі 2,9 млн).

Справаздачы за 2019 год пакуль няма ў адкрытым доступе, але цягам 2018-га тры з чатырох заводаў (за выключэннем Слуцкага) трымаліся толькі дзякуючы падтрымцы дзяржавы. Яны не выходзілі на рэнтабельнасць, таму для набыцця сыравіны і прыроднага газу (на якім працуе вытворчасць) былі вымушаныя браць крэдыты ў банках. Урад, у сваю чаргу, даў банкам гарантыі ў выплаце запазычанасці ў гэтых крэдытах. Акрамя таго, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) на 15% панізіла для цукровых заводаў кошты набыцця буракоў і паліва.

Чаму расейскі цукар такі танны?

Каб захаваць стратэгічную галіну, дзяржава падвышала кошты тавару: з улікам ПДВ цукар у беларускіх крамах цяпер павінен каштаваць не менш за 1,5 рубля за кілаграм. Аднак побач на паліцах апынуўся танны расейскі цукар. Увосень 2019 «КП» пісала, што цукар Бранскага завода каштаваў на 24 капейкі танней за цукар з Гарадзеі. У чым прычына такога разрыву?

«Па-першае, узровень ўраджайнасці буракоў у Беларусі, як і змяшчэнне ў іх цукру, у разы ніжэйшы, чым у Расеі. І нягледзячы на тое, што МАРГ рабіў зніжку беларускім заводам, для расейскіх кошты энэрганосьбітаў, якія падаюцца на цукровыя камбінаты, таксама ніжэйшыя», - тлумачыць экс-дарадца міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Казімір Раманоўскі.

У Расеі кошты цукру падаюць таму, што прапанова перавышае попыт. Як паведамляў РБК, у чэрвені 2019 года яны абнавілі пяцігадовы мінімум. У той час сабекошт беларускага цукру выявіўся большым, чым экспартны.

«Я высветліў, што мы прадавалі на экспарт цукар па 30-40 цэнтаў за кілаграм» – заўважае былы дарадца. - Гэта ў значнай ступені падарвала эканоміку».

Сярод прычын непаспяховасці цукровай галіны ў Беларусі экспэрт таксама называе вельмі дарагую мадэрнізацыю, праведзеную на камбінатах, стратнасць гаспадарак для вырошчвання буракоў, якія дзяржава ім «падарыла», і празмерную закрэдытаванасць.

«Адсутнасць уласных абаротных сродкаў - асноўная прычына, паводле якой цукровая галіна падае ва ўсё большую яму. Яна вынікае з праліку ў развіцці гэтай галіны. У 2009 годзе дзяржава нават хацела будаваць пяты цукровы завод, і я тады пытаўся, навошта гэта трэба?»,- кажа Раманоўскі.

«У Эстонію прадавалі па 29 цэнтаў»

Цікавы факт, на які яшчэ летась звярнулі ўвагу журналісты «Белсату»: у расейскіх крамах наш цукар каштуе танней, чым у беларускіх. У адным з сеткавых супермаркетаў яго можна набыць усяго за 24,9 расейскіх рубля, гэта значыць, за 83 нашы капейкі.

Як заўважылі чытачы «Нашай Нівы» яшчэ ў пачатку 2018 года, прадукцыя Слуцкага камбіната ў маскоўскай краме «скрыжаванне» прадавалася па 26,9 расейскага рубля за кілаграм, у пераліку на беларускія гэта 93 капейкі.

Гарадзейскі і Жабінкаўскі цукар у маскоўскіх рытэйлераў можна знайсці па 24 рублі (або па 81 беларускай капейцы).

Эканаміст Леанід Заіка і раней звяртаў увагу на тое, што Беларусь рэалізуе тавар на экспарт нізкімі коштамі, бо для дзяржавы важней за ўсё поўная загрузка магутнасцяў камбінатаў.

З ягоных слоў, каб выканаць план у аб'ёмах вытворчасці, Беларусі даводзілася рэалізоўваць тавар дэмпінгавымі коштамі.

«Яшчэ некалькі гадоў таму мы прадавалі цукар у Эстонію наогул па 29 цэнтаў, у Расею – па 49, а свайму насельніцтву - па 75. У якой нармальнай краіне гэта будуць добра ўспрымаць? Я не думаю, што гэта рабілі ўласна самі дырэктары заводаў, яны могуць праходзіць, хутчэй, як сведкі. Але там, відавочна, быў беспарадак», - сцвярджае эканаміст.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках