25 красавiка 2024, Чацвер, 19:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што падаражае пасля нафтавага краху Лукашэнкі?

79
Што падаражае пасля нафтавага краху Лукашэнкі?
ЛЕЎ МАРГОЛІН

Прагноз эканаміста.

Кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта Юры Сянько пасля дакладу Лукашэнкі заявіў, што кампенсаваць нафтавыя страты бюджэт будзе за кошт ПДВ, акцыза, увозных мытаў, што выплачваюцца фізічнымі (!) асобамі.

Галоўны мытнік дадаў, што гэты досвед ужо быў «паспяхова» ўжыты ў 2019 годзе: «Гэтая праца вялася мэтанакіравана, каб ні адна капейка не была страчаная і ўсе яны паступілі ў прыбытак дзяржавы. Праца прадаўжаецца, аналагічныя задачы стаяць і на гэты год», – адзначыў ён.

Што гэта азначае для беларускіх грамадзянаў? На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін.

– Як можна кампенсаваць нафтавыя страты за кошт ПДВ? Ці азначае гэта, што падатак можа быць павышаны і да чаго гэта можа прывесці ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі?

– Гэта, уласна кажучы, любімая цацка Лукашэнкі, якая называецца «асіметрычны адказ». Гэта значыць: Расея б'е па ім, ён будзе біць па ўласных грамадзянах.

Думаю, што кіраўнік Мытнага камітэта меў на ўвазе ПДВ увозны – хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тое, што будзе зменшаная колькасць ільготных пазіцый, у якіх ПДВ не плаціўся або плаціўся ў паменшаным памеры. Будуць, мабыць, пашыраны або павялічаны акцызы на тавары, якія ўвозяцца ў краіну. І тым самым гэта нейкім чынам дасць магчымасць знізіць страты бюджэту ад падатковага манеўру. Гаворка ідзе проста пра тое, каб нейкім чынам кампенсаваць выпалыя прыбыткі бюджэту.

– Што ў гэтай сітуацыі азначае цікавасць уладаў да стаўкі на акцызы і ўвозныя мыты, выплачваныя фізічнымі асобамі?

– Што тычыцца акцызаў, то яны, хутчэй за ўсё, будуць павышацца. Таму што падакцызныя тавары – гэта перш за ўсё прадметы раскошы і алкагольныя напоі. Вось іх асартымент і будуць пашыраць, дадаючы туды тое, што раней не абкладалася акцызамі.

Акцызы – гэта, як правіла, альбо тое, што «шкодзіць здароўю», альбо тое, што прызначана для сярэдняга класу, для адносна багатых людзей. Гэта значыць, гэта спосаб абкласці дадатковымі паборамі тых, хто спажывае тавары люкс-класу.

Таму тут магчымыя два варыянты: могуць быць павялічаныя стаўкі акцызаў і можа быць пашыраны асартымент тавараў, якія абкладаюцца акцызных падаткам.

А што тычыцца ўвознага ПДВ, то я не думаю, што тут будзе павышацца стаўка. Таму што гэта закране тады вельмі многія рэчы, многія прадметы спажывання. Думаю, што тут, хутчэй за ўсё, будуць ісці шляхам скарачэння льготных пазіцый, у якіх увозны ПДВ альбо не плаціўся ўвогуле, альбо плаціўся паводле зніжаных ставак.

– Якімі метадамі ўлады яшчэ могуць кампенсаваць свае страты ад падатковага манеўру РФ – беручы да ўвагі досвед мінулых гадоў у латанні «бюджэтных дзірак»? Ці могуць зноў з’явіцца ідэі пра 100-даляравую мыту за выезд за мяжу?

– Я думаю, што пакуль гэта малаверагодна – увесці 100-даляравы падатак на выезд за мяжу – таму што гэта можа выклікаць сацыяльны выбух.

Прагназуючы захады для напаўнення бюджэту, я не стаў бы арыентавацца на мінулае, таму што ўсё тое, што ў нас раней было, за выключэннем яўна памылковых рэчаў, яно і так існуе сёння.

Думаю, што, хутчэй за ўсё, будуць прыдумляцца нейкія новыя крокі, якія дазволяць нейкім чынам кампенсаваць выпалыя прыбыткі ад падатковага манеўру. Я думаю, што ў нас ва ўладзе сядзяць людзі «крэатыўныя» ў такіх пытаннях. Па-першае, будзе падвышацца кошт на бензін для раздробных пакупнікоў. Не выключана, што гэта ўжо будзе не 1 капейка на тыдзень, а 2 ці 3 капейкі на тыдзень. І будуць прыдумляцца нейкія новыя рэчы, якія нам сёння нават цяжка сабе ўявіць.

– На колькі Вы ацэньваеце магчымыя страты беларускага бюджэту ў 2020 годзе ад нафтагазавых праблемаў з Расеяй?

– Тут пытанне не ацэнкі, тут пытанне матэматычнага разліку. І наколькі я ведаю, людзі, якія гэтым займаюцца, ужо даўно палічылі, колькі мы страцілі ў 2019 годзе, колькі мы страцім у 2020 годзе, колькі мы страцім да 2024 года, калі гэта будзе відаць у поўным аб'ёме.

Ну, а што тычыцца кампенсацый: тут нельга ставіць пытанне так: кампенсаваць усе 100% менавіта за кошт нейкіх павышэнняў або пашырэння падатковых плацяжоў.

Магчыма, будуць нейкія іншыя спробы. Лукашэнка пэрыядычна праводзіць «напампоўку» сваіх знешнепалітычных, дыпламатычных місій, каб для іх пашырэнне экспарту было задачай №1, пра якую яны павінны думаць і днём, і ноччу.

Атака будзе ісці па ўсіх франтах. Але ўсё гэта вельмі малапрадуктыўна, таму ўсё, што можна было зрабіць – ужо зроблена. І цяпер можна дзе-небудзь што-небудзь наскрэбці, але нейкіх радыкальных павелічэнняў паступленняў валюты ў бюджэт наўрад ці можна чакаць.

– Вы сказалі, што кошты на аўтамабільнае паліва могуць пачаць падымаць хутчэй. Што можа яшчэ падаражэць у Беларусі, акрамя бензіну?

– Па-першае, калі будуць даражэць паліўна-змазачныя матэрыялы, то гэта адаб'ецца і на кошце ўсіх астатніх тавараў. Таму што няма ні аднаго тавару – ні імпартнага, ні айчыннага – у склад сабекошту якіх не ўваходзіць транспартны складнік. Таму гэта ўжо гарантуе павышэнне коштаў.

Што тычыцца астатніх тавараў, акрамя гэтага складніка, тут сказаць цяжка. Рэч у тым, што ў нас вельмі мала засталося тавараў з рэгуляванымі коштамі.

Нас можа ў першую чаргу чакаць хуткае павелічэнне коштаў на паслугі – тое, што якраз рэгулюецца дзяржавай. Можа быць павелічэнне ўнутраных акцызаў. Не толькі на імпарт, а і на ўнутрыствараныя тавары – напрыклад, на той самы алкаголь і тытунь.

– Якімі яшчэ наступствамі для эканомікі Беларусі можа павярнуцца нафтагазавая вайна?

– Ёсць адно вялікае наступства, да якога гэта ўсё вядзе. Гэта стагнацыя беларускай эканомікі. Самае страшнае, што можа здарыцца – калі ад стагнацыі эканоміка пяройдзе да звужэння. Гэта значыць, замест росту будзе падзенне вытворчасці. А гэта таксама не выключана.

Сусветны досвед паказвае, што і стагнацыя, і звужэнне эканомікі могуць доўжыцца гадамі. Гэта паказвае досвед многіх лацінаамерыканскіх краінаў, напрыклад той самай Венесуэлы, і афрыканскіх краінаў. Самае галоўнае, калі не атрымліваецца ўтрымаць эканоміку – яна паволі пачынае падаць.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках