23 красавiка 2024, aўторак, 23:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У кіроўцы вялікагрузу пад Менскам каранавірус не пацвердзіўся

46
У кіроўцы вялікагрузу пад Менскам каранавірус не пацвердзіўся
ФОТА: ТЭЛЕГРАМ-КАНАЛ NEXTA

Мужчыну павезлі ў лякарню ў ізаляцыйным боксе.

У тэлеграм-канале Nexta з'явілася паведамленне, што ў пасёлку Прывольны пад Менскам шпіталізавалі дальнабойніка адной з буйных лагістычных кампаній з падазрэннем на каранавірус.

Як паведамляе канал, кіроўца нядаўна вярнуўся з Кітая. У яго ўзнялася тэмпература - калегі выклікалі хуткую. Медыкі, якія прыехалі на выклік, былі ў спецгарнітурах, пацыента таксама перавозілі ў адмысловым ізаляцыйным боксе.

Партал tut.by высветліў, што кіроўца, які вярнуўся з рэйса ў Кітай, - 36-гадовы беларус, працуе ў расейскай кампаніі пад брэндам R Group. Мужчына быў у Маньчжурыі - гэта паўночны ўсход КНР, частка краіны, прылеглая да расейска-кітайскай мяжы.

- У нас ёсць медкабінет, куды могуць звярнуцца кіроўцы, якія дрэнна сябе адчуваюць. Перад рэйсам медагляд абавязковы, а пасля - на іх жаданне. Гэты кіроўца паскардзіўся медыкам на млосць. Памералі тэмпературу - 37,2 градуса. Мы надумалі выклікаць хуткую, - распавяла Кацярына Басякова, дырэктар прадпрыемства.

Лекары хуткай дапамогі ізалявалі дальнабойніка, а пасля пастанавілі шпіталізаваць яго ў лякарню. Пакуль мужчына знаходзіўся ў медустанове, фірма-перавозчык праводзіла дэзінфекцыю і прымала меры засцярогі.

- Кіроўца на сувязі. Сёння ён патэлефанаваў нам і паведаміў, што адчувае сябе добра, тэмпературы ў яго ўжо няма, - дадала дырэктар.

Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун пацвердзіла: тэмпература ў мужчыны нармалізавалася, ён адпачывае ў адмысловым боксе ў лякарні. Каранавірус ў пацыента не пацвердзіўся.

Як раней распавёў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, у Беларусі няма пацыентаў з дыягназамі на новы вірус пнеўманіі. Пры гэтым у краіне праводзяць усе магчымыя супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы, каб не дапусціць пападання віруса ў краіну. У Нацыянальным аэрапорце ўзмацняюць кантроль. Спачатку супрацоўнікі медыцынскай службы будуць падымацца на борт самалёта для выяўлення пацыентаў з прыкметамі віруснай інфекцыі, і такія пацыенты будуць перадавацца медыцынскай службе цывільнай авіяцыі. Для іх асобна будзе праводзіцца памежны і мытны кантроль, каб не змешваць плыні пасажыраў. У аэрапорце адкрыюць лабараторыю, дзе пасажыры, якія доўга былі ў Кітаі, пройдуць дыягностыку на новы від пнеўманіі - у іх возьмуць мазкі са слізістай. Вынік будзе гатовы цягам 4-12 гадзін. Аналізы будуць праводзіць за кошт дзяржбюджэту.

У Беларусі ўжо прайшлі лабараторную дыягностыку на наяўнасць новага кітайскага каранавіруса некалькі дзясяткаў чалавек. Ні ў каго ён не выяўлены, часцей за ўсё медыкі сутыкаюцца з грыпам А і В.

Заразіцца новым вірусам досыць няпроста, павінен быць працяглы кантакт з хворым. У зоне рызыкі знаходзяцца медыцынскія работнікі. Сімптомаў, якія характэрныя выключна для кітайскага каранавіруса, няма. Гэты вірус можа выяўляцца і кашлем, і падвышанай тэмпературай. Аднак смяротнасць ад гэтага віруса пнеўманіі нашмат ніжэйшая, чым падчас двух іншых хваляў атыповых каранавірусных інфекцый, якія фіксаваліся ў свеце раней. У групе рызыкі - паджылыя людзі, у якіх ёсць спадарожныя захворванні.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках