19 красавiка 2024, Пятніца, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандал у Гішпаніі: Мадрыд парушыў санкцыі Еўразвязу

1
Скандал у Гішпаніі: Мадрыд парушыў санкцыі Еўразвязу
ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТКА ВЕНЕСУЭЛЫ ДЭЛЬСІ РАДРЫГЕС
ФОТА: REUTERS

Парламенцкая апазіцыя патрабуе пачаць расследаванне.

У Мадрыдзе разгарэўся палітычны скандал праз інфармацыю, якая трапіла ў прэсу, пра таямнічую начную сустрэчу ў панядзелак, 20 студзеня, у сталічным аэрапорце Барахас міністра транспарту Гішпаніі Хасэ Луіса Абаласа з віцэ-прэзідэнткай Венесуэлы Дэльсі Радрыгес. Рэч у тым, што Радрыгес фігуруе ў спісе з 11 найвышэйшых дзеячаў венесуэльскага рэжыму, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі Еўразвязу. Яны абвінавачваюцца ў парушэнні правоў чалавека і здушэнні грамадзянскіх свабод у Венесуэле, паведамляе dw.com.

У адпаведнасці з пастановай ЕЗ, прынятай у 2017 годзе, краіны-чальцы не павінны прымаць на сваёй тэрыторыі асоб з санкцыйнага спісу, а іх афіцыйныя асобы - падтрымліваць кантакты з пералічанымі ў ім венесуэльцамі.

Патрабаванне апазіцыі

Гішпанская парламенцкая апазіцыя запатрабавала расследаваць сустрэчу ў Барахасе і адхіліць Абаласа ад пасады - за грубае парушэнне нормаў агульнаеўрапейскай замежнай палітыкі. Праблема ў тым, растлумачыў DW прафесар паліталогіі Мадрыдскага ўніверсітэта Франсіска Варэла Марэна, што Абалас - не проста адзін з 23 чальцоў кабінета міністраў, які ўзначальвае Гішпанскую сацыялістычную рабочую партыю (ГСРП). Ён шмат у чым вызначае курс урада, з'яўляючыся даверанай асобай прэм'ера Пэдра Санчэса.

Што да самога Абаласа, то ён спачатку адмаўляў сустрэчу і перамовы з Радрыгес, якая знаходзілася ў Гішпаніі не меней за 8 гадзін, заяўляючы, што адправіўся ўночы ў аэрапорт для размовы з нейкім "старым сябрам". Зрэшты, затым міністр усё ж быў вымушаны прызнаць факт гутаркі, хоць так і не раскрыў яе змест.

Абалас таксама заявіў, што зона WIP аэрапорта, дзе ён вёў перамовы з венесуэлкай, нібыта не з'яўляецца тэрыторыяй Гішпаніі, а таму прадпісанне ЕЗ парушана не было. Газета El Confidencial у гэтай сувязі падае меркаванне Франсіска Хіменэса, прафесара міжнароднага права Універсітэта імя караля Хуана Карласа. Экспэрт сцвярджае, што ўся тэрыторыя аэрапорта з'яўляецца тэрыторыяй Гішпаніі.

Уплыў папулістаў?

Алей у агонь скандалу падліла адмова прэм'ера Санчэса прыняць лідара венесуэльскай апазіцыі і спікера парламента Хуана Гуайдо, які ажыццяўляў у апошнія дні паездку па Еўропе, дзе ён меў шматлікія сустрэчы на найвышэйшым узроўні.

На думку Варэла Марэна, пазіцыя прэм'ера і сустрэча Абаласа, магчыма, тлумачацца націскам з боку папулістаў з партыі "Падэмас" (Мы можам). Пяць яе прадстаўнікоў ўваходзяць у надоечы сфармаваны кааліцыйны левы ўрад Гішпаніі.

Характэрна, што да альянсу з "Падэмас" ГСРП займала вельмі крытычную пазіцыю ў дачыненні да венесуэльскага рэжыму Нікаласа Мадуры і цалкам падтрымлівала Гуайдо. Ну, а "Падэмас", як вядома, была створана ў 2014 годзе пры фінансавай падтрымцы рэжыму Мадура, сцвярджае прафесар.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках