19 красавiка 2024, Пятніца, 13:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары вёскі пад Вілейкай паднялі бунт

13
Жыхары вёскі пад Вілейкай паднялі бунт

Усё пачалося праз бензастанцыю.

Пенсіянер Аляксандр Раткевіч жыве за 20 км ад аграгарадка Ілля Вілейскага раёна. Ільеўская бензостанцыя была найбліжэйшай ад яго дома, ён запраўляўся на ёй 33 гады. Цяпер да АЗС - 34 км або 54 км, таму Аляксандру прыйдзецца ехаць лішнія 40 км, каб заправіць аўтамабіль, піша «Белсат».

На думку мясцовых жыхароў, размяшчэнне заправачнай станцыі было аптымальнае.

«Тут хоспіс, лякарня – гэта скрыжаванне ўсіх дарог. Напрамак на Менск, на Лагойск, на Вілейку, на Мядзель, на Маладзечна…», – распавядае колішні кліент бензастанцыі Браніслаў Паўлюкевіч.

Мясцовую інфраструктуру і сталых кліентаў бензастанцыі жыхары Ільі апісалі ў звароце ў адміністрацыю кіраўніка краіны: навакольныя калгасы, пажарныя, міліцыя, тэхнікум, дзясятак прыватных і дзяржаўных вытворчасцяў, крамы… Аднак не зважаючы на паўтары тысячы подпісаў заправачную станцыю знеслі на пачатку года.

«Не адзін ліст даслалі прэзідэнту. Адказалі, што (заправачная станцыя. – Заўв. «МП») нерэнтабельная», – распавяла нам жыхарка Ільі спадарыня Марыя.

Замест гэтай бензастанцыі «Белнафтахім» пабудаваў новую, вялікую – у вёсцы Сосенцы. Цяпер ільянцам давядзецца праязджаць амаль 30 км, каб проста заправіцца. Нават не маючы іншых справаў у тым кірунку.

Разам з Аляксандрам Раткевічам мы праехалі да новае станцыі. Нават знайшлі пераведзеных сюды былых працаўніц ільянскай АЗС, але размаўляць з намі ім забаранілі.

«І зараз вось думаецца, што пажарнікам не давядзецца спаць. Працы ім дабавіцца. Давядзецца мне запраўляць зараз пра запас, а пра запас шмат не возьмеш! Дзякуй вам (канцэрну «Белнафтахім». – Заўв. «МП») за такую паслугу!» – кажа спадар Аляксандр, запраўляючы сваё аўта.

Галасы ў абмен на бензін

Мы пацікавіліся ў Марыны Вазняк, намесніцы старшыні Вілейскага райвыканкаму ў пытаннях эканомікі, ці збіраюцца чыноўнікі прыслухацца да праблемаў жыхароў.

«Гэты калектыўны зварот мы накіравалі ў «Белнафтахім». Яны нам даслалі адказ, што яна (бензастанцыя. – Заўв. «МП») замартызаваная. Пералічылі шмат нарматыўных дакументаў, якім бензастанцыя не адпавядае. Як варыянт, зварот у іншую кампанію – магчымы», – распавяла нам чыноўніца.

Бензастанцыі як элемент дабрабыту нідзе не прапісаныя. На думку Міраслава Кобасы з Фонду імя Льва Сапегі, развязаць сваю праблему ільянцы могуць, аспрэчыўшы адказ «Белнафтахіму» аб нерэнтабельнасці бензастанцыі.

«Калі ёсць сумневы ў тым, што гэта праўда, што сапраўды гэта было нерэнтабельна, то можна звярнуцца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Хай бы там спраўдзілі», – раіць юрыст.

На сустрэчу з нашай здымачнай групай збіраліся дзясяткі чалавек. Але ў апошні момант адмовіліся: пачаўся ціск на працы.

На развітанне Аляксандр Раткевіч прыгадаў пра выбары кіраўніка краіны, прызначаныя на гэты год:

«Я думаю, што нядрэнны «Белнафтахім» падарунак зрабіў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Вось як зараз ільянцы і ўсё наваколле падумаюць пра гэтыя выбары? Хадзіць на іх або не хадзіць на гэтыя выбары? Калі абароны нідзе няма!»

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках