28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін памілаваў грамадзянку Ізраіля Наам Ісахар

Пуцін памілаваў грамадзянку Ізраіля Наам Ісахар
НААМ ІСАХАР
ФОТА: АРЦЁМ ГЕАДАКЯН/ТАСС

За Ісахар уступаліся прэзідэнт і прэм'ер-міністр Ізраіля.

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб памілаванні грамадзянкі Ізраіля Наам Ісахар, прысуджанай у Расеі да сямі з паловай гадоў калоніі ў справе аб захоўванні і кантрабандзе гашышу, паведамляе РБК.

Справа 25-гадовай Ісахар атрымала шырокі міжнародны рэзананс, прашэнні аб яе памілаванні напісалі ў тым ліку прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху і прэзідэнт краіны Рэўвен Рыўлін. Пастанова аб памілаванні Ісахар была прынятая пасля асабістай сустрэчы Пуціна з яе маці ў Ерусаліме, а таксама пасля перадачы Расеі ўладамі Ізраіля правоў на Аляксандраўскі падворак у Ерусаліме - археалагічны і архітэктурны комплекс побач з храмам Магілы Гасподняй, заснаваны ў канцы XIX стагоддзя расейскім Імператарскім праваслаўным палестынскім грамадствам. Афіцыйна расейскія ўлады не пацвердзілі і не зняпраўдзілі сувязь паміж перадачай Аляксандраўскага падворка і магчымым вызваленнем Ісахар, памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў адказаў на адпаведнае пытанне журналістаў фразай: «Вы можаце ўвязваць што хочаце, але вы яшчэ не ведаеце, якая пастанова будзе па дзяўчыне».

Ісахар падала прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта Расеі 25 студзеня. Гэта адбылося пасля заявы Дзмітрыя Пяскова аб тым, што для яе вызвалення неабходнае асабістае хадайніцтва. Крымінальны кодэкс не ўтрымлівае якіх-небудзь умоў памілавання, акрамя волі прэзідэнта.

Наама Ісахар была затрыманая ў красавіку летась у транзітнай зоне аэрапорта Шарамеццева падчас перасадкі па шляху з Дэлі ў Тэль-Авіў. У яе заплечніку, які быў здадзены ў багаж, выявілі 9,6 г гашышу. Ісахар пагадзілася, што наркотык належыць ёй (такая колькасць наркотыку пры захоўванні не нясе крымінальнай адказнасці як у Індыі, так і ў Ізраілі).

Першапачаткова ізраільцянцы інкрымінавалі незаконнае захоўванне гашышу, а затым зрабілі больш жорсткім абвінавачванне, інкрымінаваўшы кантрабанду наркотыку ў значным аб’ёме (ч. 2 арт. 229.1 КК). У кастрычніку Хімкінскі гарадскі суд прысудзіў Ісахар да сямі з паловай гадоў калоніі.

Адвакаты дзяўчыны настойвалі, што ў Ісахар не магло быць намеру на перасоўванне гашышу праз мяжу Мытнага саюза, бо яна здала свой заплечнік у багаж і не мела да яго доступу ў транзітнай зоне Шарамецьева. Ісахар не праходзіла мытны пункт у Шарамеццева ні з заплечнікам, ні без яго, а значыць, не перасякала мытнай мяжы, указвалі адвакаты. У судзе быў дапытаны старэйшы оперупаўнаважаны мытні Шарамеццева Данііл Герасімаў, які заявіў аб адсутнасці ў дзеяннях Ісахар складу злачынства, аднак суд не даў ацэнкі ягоным паказання, настойвалі адвакаты.

Пакаранне Ісахар выбіваецца з правапрымяняльнай практыкі паводле артыкула аб кантрабандзе наркотыкаў у значным аб'ёме, у тым ліку з практыкі Хімкінскага гарадскога суда: усе асуджаныя за апошнія пяць гадоў атрымалі да пяці з паловай гадоў калоніі, з іх тры чвэрці - умоўна, сцвярджалі абаронцы дзяўчыны. Маскоўскі абласны суд у снежні зацвердзіў прысуд Ісахар.

Яшчэ ў верасні 2019 году Пуцін абмяркоўваў пытанне аб вызваленні Ісахар з Нетаньяху, пісала ізраільскае выданне Haaretz. Паводле ягоных звестак, у Крамлі планавалі абмяняць ізраільцянку на расейскага хакера Аляксея Буркова, затрыманага ў Тэль-Авіве ў 2015 годзе на запыт ЗША, дзе ён абвінавачваецца ў махлярстве з крэдытнымі картамі. Аднак Буркоў у выніку быў выдадзены ЗША.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках