20 красавiка 2024, Субота, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ездзіў два дні»: мянчук танна набыў у Маскве аўтамабіль, а потым з’явіліся рэальныя ўладальнікі

24
«Ездзіў два дні»: мянчук танна набыў у Маскве аўтамабіль, а потым з’явіліся рэальныя ўладальнікі
Ілюстрацыйнае ФОТА

Як дзейнічаюць махляры з суседняй краіны.

Красовер Audi Q5 2009 года выпуску першапачаткова належаў жанчыне з Падмаскоўя. Яна наважыла прадаць яго ў Краснадар паводле дамовы куплі-продажу, без пераафармлення. У пакупнікоў свая фірма па здачы ў арэнду аўтамабіляў, Audi папоўніла іх аўтапарк, распавядаюць падрабязнасці ў МУС, піша kp.by.

У снежні гэтае аўто ўзяў у арэнду мужчына, заплаціў пры гэтым толькі за адзін месяц. Ён дамовіўся з фірмай аб аплаце ў тры этапы - гэта распаўсюджаная практыка. Мужчына папярэдзіў, што на гэтым аўтамабілі паедзе ў Маскву і ўсе тры месяцы будзе знаходзіцца там.

У першы месяц аўто сапраўды было ў Маскве. Падышоў час другой сплаты, але грошы на рахунак фірмы не паступілі. Прадпрымальнікі не вельмі турбаваліся з гэтай нагоды, бо аўтамабіль ўсё яшчэ быў у Маскве. Але ў сярэдзіне студзеня высветлілася, што аўтамабіль зняты з уліку і вывезены ў Беларусь.

Як высветлілася пазней, красовер у Маскве набыў мянчук, які нічога не падазраваў. Мужчына лічыў, што аформіў выгадную ўгоду: кошты такіх аўтамабіляў у Расеі пачынаюцца з 13 тысяч даляраў, а ён набыў свой за 10 тысяч. Уладальніцу аўто ён не бачыў: прадавец паказаў выдадзеную жанчынай даверанасць, яе прынялі ў ДІБДР, зарэгістравалі дамову куплі-продажу і без праблем перааформілі аўтамабіль.

На новай машыне беларус паездзіў усяго два дні. На трэцюю ноч Audi, прыпаркаваная ў двары дома ў спальным раёне, знікла. Мужчына наважыў, што яе скралі, і патэлефанаваў у міліцыю.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку выйшлі на ўладальнікаў. Тыя патлумачылі, што адбылося: даведаліся, дзе знаходзіцца аўтамабіль у Менску, адкрылі яго сваім ключом і павезлі. Цяпер супрацоўнікі ГУУС разам з калегамі з Расеі праводзяць праверку.

Самы надзейны спосаб угоды - паводле дамовы куплі-продажу ў ДАІ

У МУС кажуць, што нізкі кошт аўтамабіля павінен вас не ўзрадаваць, а насцярожыць. Магчыма, такі кошт звязаны з праблемамі ў тэхнічнай частцы або з юрыдычнага боку. Угоды куплі-продажу варта ўкладаць толькі асабіста з уладальнікам, пазначаным у дакументах, і толькі ў ДАІ.

- Не згаджайцеся на афармленне па ксеракопіі і даверанасцях. А рахункі-даведкі маюць права выдаваць толькі камісійныя пляцоўкі, якія гандлююць аўтамабілямі, - кажа начальнік аддзела раскрыцця злачынстваў у сферы крымінальнага аўтабізнэсу ўправы крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі ГУУС Менгарвыканкама Цімафей Дарашэвіч.

Да ўкладання ўгоды праверце ў прадаўца пашпарт і пасведчанне аб рэгістрацыі. Паспрабуйце зверыць з дакументамі колер фарбы, ідэнтыфікацыйны нумар, год выпуску - гэтыя лічбы ёсць на рамянях бяспекі, розных дэталях салона. Лічбы VIN - нумары павінны быць выразнымі і лёгка чытэльнымі, без раг фарбы, няроўнасцяў і сколаў.

Ці зможа мянчук вярнуць грошы, выдаткаваныя на аўтамабіль?

- Мужчына, які добрасумленна набыў аўтамабіль, усё адно вымушаны быў бы яго вярнуць уладальніку (п.1 арт.283 ГК). Але ён мае права патрабаваць вяртання сваіх грошай у прадаўца Audi. Ён можа звярнуцца ў суд або ў рамках разгляду судом крымінальнай справы, або асобна звярнуцца з пазовам, - кажа юрыст Сяргей Калабухін і падкрэслівае, што гаворка ідзе пра беларускае заканадаўства.

Чалавека, які арандаваў аўтамабіль, а потым яго прадаў, паводле нашых законаў могуць прыцягнуць да адказнасці за махлярства ў значнай суме (ч.3 арт.209).

- Адназначна можна зрабіць выснову, што ў момант укладання дамовы арэнды ён ужо не збіраўся выконваць умовы дамовы. На гэта паказваюць і ўмовы аплаты - занесеная мінімальна магчымая сума, за адзін месяц замест трох. Далей яго дзеянні можна кваліфікаваць паводле той жа часткі і артыкула: здымаючы аўтамабіль з уліку і рэалізоўваючы яго заніжаным коштам, ён ведаў, што аўтамабіль будуць шукаць, і злоўжыў даверам пакупніка на суму, эквівалентную $10 000.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках