19 красавiка 2024, Пятніца, 19:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст пра нафту: У пазіцыі Лукашэнкі пайшла расколіна

93
Эканаміст пра нафту: У пазіцыі Лукашэнкі пайшла расколіна

Ягоную сістэму чакае лёс СССР.

Расея з 1 студзеня спыніла падачу нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Беларускія НПЗ працуюць на запасах нафты, якіх, як паведамляе «Белнафтахім», хопіць на 10 дзён працы. Менск спыніў экспарт нафтапрадуктаў, баючыся дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку.

Якія наступствы для беларускай эканомікі можа мець канфлікт Крамля і Менска? Як Беларусі злезці з «нафтавай іголкі»? Cайт сharter97.org звярнуўся па каментар да вядомага эканаміста Леаніда Злотнікава:

– Уявіце сабе сітуацыю, вы сябруеце са сваім суседам на лесвічнай клетцы і аднойчы ён прапануе вам аплачваць з вашых прыбыткаў ягоныя выдаткі на цяпло ці электрычнасць. Як бы вы адрэагавалі? Вам бы такое спадабалася?

– Думаю, што не.

– Вось бачыце, а Расея раней згаджалася і субсідавала Беларусь. Цяпер Пуціну для таго, каб застацца ва ўладзе, трэба згуляць у «інтэграцыю». Гаворка пра аднаўленне імперыі, можа, не ідзе, але падобны ход дапаможа ў захаванні ўлады. І Пуцін кажа Лукашэнку: давай аб'яднаем эканоміку. Уявіце сабе, што вы аплачваеце рахункі суседа і просіце яго пра дапамогу, а сусед адмаўляе. Было б вам крыўдна?

– Безумоўна.

– Вы за яго плацілі, сяброўства такое было, абдымаліся, а ён так робіць. Я не прыхільнік так званай інтэграцыі, але трэба стаць на пазіцыю другога боку і паглядзець на сітуацыю іх вачыма. Думаю, што з чалавечага пункту гледжання вось гэтыя патрабаванні Беларусі да Расеі, каб нас «кармілі» («кармленне» пры высокім кошце на нафту даходзіла да $ 10 мільярдаў), выглядаюць недарэчна. І ўсе гэтыя патрабаванні Лукашэнкі, каб яго субсідавалі, выглядаюць такім жа чынам. C аднаго боку, ён не ідзе на саступкі Пуціну, а з другога – патрабуе захавання субсідый. «Мы – адзін саюз, мы – ЕАЭС», а калі справа дайшла да рэальных дзеянняў – Лукашэнка сышоў у бок.

У каштоўнаснай пазіцыі Лукашэнкі пайшла расколіна. Калі ты не хочаш ісці ў гэты «саюз» – не хадзі, але тады карміся сам. Вось такая пазіцыя. А карміцца самі мы не можам.

З гэтай нафтай вось што атрымалася, для ўнутранага спажывання трэба сем мільёнаў тонаў, хочаце больш – бярыце, але плаціце больш. Не было такога, каб нам адмовілі ў нафце, канфлікт у тым, што Беларусь не згаджаецца на новы кошт. Кантракт на 24 млн тонаў нафты быў ужо ўзгоднены, бярыце калі ласка, але Расея не паставіла сыравіну толькі з той прычыны, што пагадненне не было перазаключанае.

Уявіце сабе, калі два прадпрыемствы вядуць перамовы і спрачаюцца пра кошт, а кантракт не падпісваецца, то як вам адпраўляць што-небудзь? Калі сяброўства не атрымліваецца, то трэба жыць па-справавому. Патрэбная нафта – падпішы кантракт, плаці і да 2025 года выйдзем на сусветны кошт.

Цяпер пакуль яшчэ не сусветны кошт, але «схема Сямашкі», якая згладжвае пераход Расеі да падаткаў замест мытаў на нафту. Cхема Сямашкі тры гады згладжвае пераход і балюча нядобра атрымліваецца, што калі яна скончылася летась, то адбыўся абвал на 600 мільёнаў даляраў. Недаатрымалі тое, што атрымлівалі раней. Безумоўна, гэта вельмі крыўдны правал, а яшчэ правалы былі таму, што нафта даражэйшая, НПЗ страчваюць рэнтабельнасць.

Гэта з аднаго боку. Таксама давайце паглядзім на пазіцыю Лукашэнкі. Беларусь не была самастойнай у эканамічным плане і ў савецкі час. БССР была даволі квітнелай рэспублікай, але не з прычыны таго, што тут было нешта эфектыўнае. Так, было машынабудаванне, а ў Расеі – танная сыравіна.

У савецкі час атрымалася так, што кошт на нафту, якая паступала з Расеі, быў нязменны, а кошты на беларускую прадукцыю – лёгкай прамысловасці, машынабудавання, увесь час мяняліся. Нешта новае выпусцілі – паднялі кошт.

Мы дагандляваліся так, што пастаўлялі сваю прадукцыю ў Расею з коштам у два з паловай разы вышэйшым за сусветны, а Расея пастаўляла газ, нафту, металы з коштам у два з паловай разы ніжэйшым за сусветны. Зразумейце самі, у савецкі час мы былі такія «белыя і пухнатыя», таму што так гандлявалі, так была ўладкаваная сістэма коштаў.

Савецкі Саюз разваліўся, усе пачалі гандляваць паводле сусветных коштаў, і тут Беларусь не магла быць эканамічна незалежнай. Пачалося гэтае «сяброўства з Расеяй». Спачатку Кебіч заявіў у сваім інтэрв'ю, што «нам не выжыць без таннай сыравіны з Расеі». Потым усе спрабавалі з Расеяй неяк мець зносіны, з Чарнамырдзіным, з іншымі. Лукашэнка таксама не толькі ішоў на так званую саюзную дамову з палітычных прычынаў, але і хацеў захаваць танную сыравіну. Вось так мы і жылі, сілкуючыся таннымі расейскімі энэргарэсурсамі з 1991 года, прывыклі. Стаіць пытанне, што будзе з нашай эканомікай, калі гэтыя субсідыі спыняцца. Будзе вельмі дрэнна. Пазыкі БелАЭС з наступнага года ўжо трэба аддаваць і тут расейскія субсідыі змяншаюцца. Вельмі напружаная сітуацыя. Ну, самі вінаватыя, бо рэформаў жа не было. Калі падсілкоўванне будзе прыбранае, то ўзровень жыцця ўпадзе недзе на 20%.

Але іншыя краіны паказваюць, што без субсідый можна жыць. Тая самая Японія. У іх жа нічога няма, толькі дажджы, якія сцякаюць па гарах. Ніякіх прыродных рэсурсаў – ні калію, ні суперфасфатаў, ні руды, ні нафты, ні газу – нічога. Але жывуць яны добра, у іх высокі ВУП на душу насельніцтва. А ўсё з той прычыны, што ў іх іншая эканоміка.

У Беларусі перамог папуліст, які выступае супраць рынкавай эканомікі, прыватнай уласнасці, «каб усё забраць і падзяліць». Мы пайшлі па шляху папулізму. Бо калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён заявіў, што «калі хтосьці будзе зарабляць на завышэнні коштаў – мы яго пасадзім у турму». Кошты зрабілі паводле працы і выдаткаў, а не рынку. І ўсю сістэму зрабілі нярынкавай. А яна не можа існаваць.

Бо рэч нават не ў нафце. Вазьміце Венесуэлу, там чорт ведае якія праблемы, галеча. Хаця ў іх адна з самых забяспечаных нафтай краінаў свету. І што мы маем? Cістэму папулізму. Прыйшоў Чавес і пачаў будаваць «сацыялізм 21-га стагоддзя».

Нават калі Расея дасць танную нафту, мы лепш жыць не станем, а наадварот – мы вельмі многае праелі з таго, што нам засталося ад СССР, так званая мадэрнізацыя правалілася і прынесла вялікія страты. Калі гэтай сістэме даць нафты – усё роўна будзе дрэнна.

– Як бы Вы ацанілі магчымасць альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь?

– Ведаеце, ніжэй, чым з сусветнымі коштамі – Беларусі ніхто не дасць. Нават Чавес не даў, хоць у Лукашэнкі былі такія разлікі, што Венесуэла будзе прадаваць нафту з такім коштам, як Расея. Расейская сістэма Лукашэнку даўно не падабаецца – яна алігархічная, не папулісцкая, там усё па-свойму. А сяброўства і стасункі з Венесуэлай скончыліся, калі нафту пачалі прадаваць паводле сусветнага кошту. Былі спробы нешта наладзіць з арабамі, з Іранам, але наша эканамічная сістэма не можа быць эфектыўнай пры сусветным кошце на нафту. І гэта паказвае сусветны досвед – там, дзе дзяржава ўсім кіруе – усё сканчаецца вельмі дрэнна. Усё скончыцца, як у СССР – галеча, бунты і змена ўлады. Так і ў Беларусі памяняецца. Гледзячы на гэтую сістэму – можна ўжо рабіць высновы.

Таксама адзначу, што калі нафта будзе прадавацца паводле сусветных коштаў, плюс яшчэ перавалка з мора на трубу, то яна будзе даражэйшая за сусветны кошт. Нават калі Расея будзе даваць нафту паводле сусветных коштаў, то гэты варыянт лепшы з эканамічнага пункту гледжання, бо не будзе гэтай перавалкі. Альтэрнатыўныя пастаўкі – поўны нонсэнс і палітычныя бунты. Гэта ў стылі «не апрану шапку – назло бабулі адмарожу вушы». Гэта прыкладна на падобным узроўні.

Ніякага эканамічнага палягчэння для краіны не будзе.

– Ці не дадасца да нафтавага шантажу яшчэ і газавы. Бо кантракт паміж бакамі заключаны толькі на два месяцы.

– Ведаеце, я ўсё ж такі рыначнік. Я гляджу так – Беларусь самастойная і Расея самастойная. Значыць, усё павінна быць паводле дамоўленасцяў. Не даюць нам газ ніжэй за сусветны кошт – не павінны яго патрабаваць. Паўтаруся, гэта таксама, як прасіць у суседа, каб цябе кармілі. Трэба выкручвацца, жыць так, як жывуць іншыя. Чаму Паўднёвая Карэя жыве без нафты і газу і не скардзіцца, спажываючы энэргарэсурсы паводле сусветных коштаў? Трэба рабіць новую эканоміку, і гэта будзе развязаннем праблемы нашай галечы. А не вось гэтыя патрабаванні «кармі мяне, мой сусед».

Мы можам жыць лепш, чым хто заўгодна. У многіх краінах няма сваёй нафты і газу, але ў іх іншая сістэма. А ў нас сістэма неэфектыўная. Я гэта тлумачу тысячы разоў на пальцах і яшчэ магу паўтарыць, чаму яна нежыццяздольная. Гэта даказана і ў тэорыі, і на практыцы. Трэба заканчваць з папулізмам.

Бо ў свеце існуюць дзве сістэмы эканомікі – папулісцкая, неэфэктыўная, і эффектыўная, рынкавая эканоміка. Калі мы, замест таго, каб спрачацца, пяройдзем на рынкавую мадэль – нам дапамогуць не з боку Расеі. Нам заўсёды гатовы дапамагчы МВФ, нам будзе дапамагаць увесь свет, калі мы пастановім будаваць новую эканоміку і новае грамадства, і будзем інтэгравацца з Захадам.

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках