19 сакавiка 2024, aўторак, 14:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: наспяваюць падзеі, што перакуляць Лукашэнку

97
Юры Хашчавацкі: наспяваюць падзеі, што перакуляць Лукашэнку
ЮРЫ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

З'явілася рэальная магчымасць адхіліць дыктатара.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў вядомы беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі, каментуючы сітуацыю, якая склалася ў Беларусі ў пачатку 2020 года.

– 2019 год быў насычаны на падзеі. Што, на Вашу думку, было найбольш знакавым для Беларусі – настолькі, што яшчэ можа адгукнуцца ў годзе насталым?

– Мне здаецца, што найбольш важнае з таго, што адбываецца – гэта аднаўленне размоваў пра «саюзную дзяржаву» і спробы яе рэальна стварыць з боку Расеі.

Гэта, на мой погляд, самае складанае і небяспечнае для беларускага суверэнітэту «мерапрыемства»: мы павінны быць увесь час напагатове, разумець, што можам страціць краіну.

І рэч не толькі ў тым, што свая краіна для любой нацыі з'яўляецца каштоўнасцю сама сабой. Каштоўнасцю ў тым сэнсе, што можна жыць, як хочаш. Можна жыць у такім культурным асяроддзі, якое ты пабудуеш. Можна прытрымлівацца тых традыцый, якія ты ўважаеш патрэбнымі і карыснымі для цябе і для сваёй сям'і.

Рэч не толькі ў гэтым. А рэч у тым, што тая ўсходняя арда, якая спрабуе сюды прыйсці (і ўжо шмат у чым прыйшла), да знішчэння зменіць псіхалогію людзей, іх спосаб мыслення і культурныя традыцыі. Яна цалкам паламае ўсё і пакіне пасля гэтага толькі рабства, пакорлівасць, адсутнасць пачуцця ўласнай годнасці, злосць і нянавісць да ўсяго, што знаходзіцца побач.

Мы гэта ўжо бачым. Бачым і ў самой Расеі, і ў тых краінах, дзе Расея пачынае дыктаваць свае інтарэсы: як гэта было і адбываецца ва Украіне і ў Грузіі. Таму мы павінны быць вельмі ўважлівымі і зрабіць усё, каб не дапусціць гэтага.

Усё гэта цесна звязанае з праблемай наяўнасці ў нас кіраўніка, які захапіў уладу і ўчапіўся, як клешч, у «прэзідэнцкае» крэсла – для таго, каб забяспечыць сябе і блізкіх да сябе ўсімі выгодамі, якія толькі можна выкрасці ў беларускага народа.

Вось тут якраз і робіцца самая вялікая небяспека, таму што менавіта гэты чалавек 25 гадоў вёў краіну ў пастку. Нарэшце ён нас туды завёў, і цяпер мы павінны нейкім чынам выпаўзці з яе, адбіцца. Я ведаю, што гэта можна зрабіць, калі ўся нацыя ўстане супраць гэтага так званага «братняга саюзу». І я ведаю, што гэта атрымаецца толькі ў тым выпадку, калі ўсе мы зразумеем, што самая галоўная небяспека для нашага суверэнітэту – гэта Лукашэнка.

– На пачатак 2020 года ў Лукашэнкі ўпершыню не атрымалася дамовіцца з Расеяй пра кошты на нафту на наступны год (звычайна гэта пытанне «развязвалася» да Новага года). Як Вы гэта пракаментуеце?

– Гэта ўзмацненне націску з боку Расеі на яго. Гэта значыць, ад кліента запатрабавалі нарэшце расплаціцца за задавальненні, якія яму падавалі 25 гадоў: за сваё фрывольнае жыццё беларускай вертыкалі і чыноўнікаў, за бесперапынныя падсілкоўванні грашыма з боку Расеі, грашыма не толькі ў выглядзе крэдытаў, а ў выглядзе скідак, скасавання мытаў і акцызаў , у выглядзе таго, што заплюшчвалі вочы на беларускую кантрабанду, на чорныя і шэрыя схемы, створаныя ў Беларусі (згадайце хаця б гісторыю з растваральнікамі).

За ўсё гэта ў выніку Аляксандру Рыгоравічу цяпер прад'явілі рахунак і папрасілі аплаціць.

– Як, на Вашу думку, могуць развівацца падзеі?

– З боку Расеі мала што зменіцца, мне здаецца. Знешняе ўражанне такое, што Расея хоча нейкага паглыблення інтэграцыі: «падмяць» і ўключыць Беларусь шасцю абласцямі ў федэрацыю.

Але на самай справе велізарнай колькасці расейскіх структураў і групаў гэта нявыгадна. Для іх выгадна, каб Беларусь заставалася такой «чорнай дзіркай», якой яна стала за гэтыя 25 гадоў для расейскага бізнэсу. Таму што менавіта праз Беларусь ідуць усе самыя чорныя і шэрыя схемы, усе гэтыя колавароты, якія там робяцца. Гэта магчымасць выкрадаць з Расеі міма бюджэту велізарныя грошы, гандляваць нафтай, газам, цягаць праз Беларусь усё, што заўгодна, уключаючы, як я разумею, нават наркотыкі.

Таму наўрад ці яны такую зручную для сябе магчымасць знішчаць. Да таго ж трэба браць да ўвагі тое, што не выключаныя самыя жорсткія санкцыі ў адносінах да Расеі з боку заходніх краінаў, у тым ліку нават адключэнне ад SWIFT – і ў такім выпадку беларускія банкі патрэбныя расейскай уладзе як магчымасць абыходзіць усе гэтыя абмежаванні.

Беларусь, такім чынам, ім патрэбная: яна як бы такая «нейтральная» тэрыторыя, накшталт Швэйцарыі падчас Другой сусветнай вайны. Таму я думаю, што тое, што адбываецца – гэта звычайная траскатня, звычайныя рухі, якія нагадваюць школьную гульню ў «пеўняў», а на самай справе ўсё як было, так і застанецца.

Змены могуць пачацца толькі ў тым выпадку, калі ў Расеі або Беларусі пачнуцца сур'ёзныя перамены, скіданне дыктатараў.

У выпадку з Беларуссю я маю на ўвазе выбары. Мы можам паспрабаваць перакуліць усю гэтую сітуацыю, таму што ў жніўні ў нас адбудуцца прэзідэнцкія выбары. І я думаю, што ўжо даўно час рыхтавацца да гэтага. Грамадзяне Беларусі павінны зразумець, што наша будучыня, будучыня нашых дзяцей і ўнукаў, будучыня краіны значна важнейшая, чым адпачынак на берагах Турцыі ці капанне ў агародзе на лецішчы – і паставіцца вельмі важна да гэтага моманту. Гэта першае.

І другое: усе намаганні трэба накіраваць на тое, каб нарэшце здолець паставіць гэтыя выбары пад кантроль грамадства. Усе нашы палітычныя сілы павінны, як мінімум, дамовіцца пра гэта. Пра тое, каб зрабіць гэтыя выбары падкантрольнымі.

– Вы прыдумалі выдатныя тэрміны: выбары, каб перакуліць, і падзеі, каб перакуліць. Гэта значыць, у нас ёсць рэальны шанец ужо ў 2020 годзе скінуць дыктатара?

– Вядома. Бо сёння, што ўжо граху таіць, многія не вераць у тое, што можа нешта адбыцца, не вераць у тое, што беларускі выбарнік на выбарах можа нарэшце адхіліць Лукашэнку ад улады.

Асабліва смешна гэта слухаць ад дэмакратычна настроеных людзей. Мне здаецца, што менавіта гэты міф, які ствараецца самымі рознымі людзьмі, хай нават і неўсвядомлена, больш за ўсё нам і замінае.

Чаму? Таму што калі мы настроім сябе так, што ўсё роўна ярмошынскія структуры нас усіх падмануць, то гэта можа стаць праўдай. Мы тым самым проста дазволім ім гэта зрабіць.

Таму я мяркую, што хопіць нам сядзець у маркоце. Неабходна цяпер вельмі сур'ёзна сабрацца, перакрыць рэальным наглядам усе магчымыя ўчасткі для галасавання і нарэшце здолець даказаць, што даўным-даўно ўжо, на многіх выбарах запар, Лукашэнка саступае.

І гэта праўда: ён даўно саступае дэмакратычным кандыдатам. Гэта проста неабходна ўзаконіць, даць магчымасць людзям гэта ўбачыць. Я думаю, гэта магчыма зрабіць – вядома ж, пры некаторым напружанні. Не сядзець дома на канапе і расказваць, як трэба перамагчы, у сваіх твітаў або на форумах, а сапраўды пайсці праназіраць, выйсці адстойваць рэальны вынік і так далей. Гэта мінімальнае, што неабходна зрабіць.

– Чаго б Вы хацелі пажадаць беларусам у новым, 2020 годзе?

– Толькі аднаго. Шанаваць сябе, шанаваць свае магчымасці, шанаваць сваю сям'ю, шанаваць сваю годнасць. Не даваць магчымасці сябе падманваць. Не падтрымліваць гэты падман, які нясецца з усіх бакоў, з усіх дзяржаўных СМІ, з усіх экранаў тэлевізараў.

Разумець, што вы – не дурні, вы – не ідыёты. Вы выдатна разумееце сітуацыю, якая стварылася. Вы выдатна разумееце, як вамі спрабуюць гандляваць. Вы павінны здабыць пачуццё ўласнай годнасці, і гэта, на мой погляд, галоўнае здабыццё, якое кожны беларус павінен зрабіць у наступным годзе: яшчэ больш паверыць у сябе, у свае сілы.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках