20 красавiка 2024, Субота, 9:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выратаваць Беларусь можна толькі адхіліўшы дзяржаўнага здрадніка ад улады

82
Выратаваць Беларусь можна толькі адхіліўшы дзяржаўнага здрадніка ад улады
Мікола Статкевіч

Незалежнасць як нафта.

Сучасныя паспяховыя дзяржавы ўтрымліваюцца на падаткі ад прыбыткаў і ўласнасці сваіх грамадзянаў. Улады там робяць усё, каб гэтых прыбыткаў і ўласнасці было як мага больш.

Ствараюць умовы для развіцця прыватнай ініцыятывы, стымулююць рост заробкаў. Падтрымліваюць высокі ўзровень адукацыі і аховы здароўя – бо добра адукаваныя і здаровыя грамадзяне лепш зарабляюць. І плацяць больш падаткаў.

Падаткаплацельнікі строга сочаць, на што, як і кім выдаткоўваюцца іх грошы. Яны не дазволяць распараджацца сваімі крэўнымі тым, каго яны не абіралі на справядлівых выбарах. Але і сумленна абраныя палітыкі датэрмінова страцяць уладу, калі іх выкрыюць у фінансавай або маральнай неахайнасці.

Улада ў шчасных краінах служыць таму, хто яе абраў і ўтрымлівае – свайму народу.

Але ёсць і іншыя дзяржавы, якія існуюць, у асноўным, за кошт эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Тут у палітыкаў, якія апынуліся ва ўладзе, з'яўляецца магчымасць узяць пад свой кантроль прыбыткі ад здабычы прыродных багаццяў і выкарыстоўваць іх для прысваення бескантрольнай улады.

На грошы ад продажу дадзеных прыродай рэсурсаў такія кіраўнікі ствараюць асабіста адданыя ім шматлікія сілавыя і чыноўніцкія структуры. Судовая, палітычная, выбарчая сістэмы і СМІ мяняюцца пад бестэрміновае знаходжанне кіраўніка ва ўладзе. Ягоныя апаненты праследуюцца. А сам ён і ягоныя набліжаныя – узбагачаюцца за кошт карупцыі і крадзяжу.

Буйны бізнэс бярэцца пад кантроль. Сярэдні і малы – становіцца кармілкай драбнейшых сілавікоў і чыноўнікаў. Актыўныя людзі з'язджаюць з краіны. Развіццё эканомікі спыняецца.

Вядома, сёе-тое з прыбыткаў ад прыродных рэсурсаў перападае і народу. Але, збольшага, улада разглядае звычайных людзей як лішнія раты, як абцяжаранне.

Краінаў, чые прыродныя багацці сталі інструментам іх прыгнёту і тормазам для развіцця, у свеце дастаткова шмат. Але ёсць адна, якую занявольваюць з дапамогай чужых рэсурсаў. Гэта Беларусь.

Абраны 26 гадоў таму тады яшчэ законны прэзідэнт не меў унутры краіны дастаткова прыродных рэсурсаў, каб забяспечыць сабе бескантрольную і бестэрміновую ўладу над народам. Але побач была Расея, у якой гэтых рэсурсаў дастаткова. І якая не змірылася з незалежнасцю былых савецкіх рэспублік, уважаючы іх сваімі ўскраінамі.

Лукашэнка выкарыстаў гэтую настальгію па былой імперыі, як спосаб атрымання рэсурсаў для сцвярджэння неабмежаванай улады над народам. Ён стаў часткамі прадаваць Маскве суверэнітэт нашай краіны. Расея плаціла за паэтапнае павелічэнне свайго кантролю над Беларуссю таннымі нафтай і газам. Якія перапрацоўваліся і прадаваліся на сусветных рынках паводле высокіх коштаў.

У сутнасці, незалежнасць краіны стала прадаваным рэсурсам. Як нафта, напрыклад.

Прыбыткаў ад продажу незалежнасці хапала на каласальны апарат уціску грамадства, на падтрыманне нерэфармаванай адсталай прамысловасці, на шыкоўнае жыццё і замежныя рахункі дыктатара і ягонай сям'і.

Але незалежнасць сканчаецца хутчэй, чым запасы прыродных рэсурсаў. Цяпер Масква пастанавіла закончыць набыццё нашай краіны. Каб прымусіць беларускага дыктатара хутчэй пагадзіцца на канчатковую анэксію, яму сталі паступова павялічваць кошты на нафту і газ.

Вядома, Лукашэнку не хочацца ператварацца ў кіраўніка расейскай аўтаноміі. Ён гістэрыць, лаецца, нават спрабуе пагражаць. Але... вядзе гандаль пра ўмовы паглынання Беларусі.

Бо дзявацца яму няма куды.

Персаналістычная дыктатура – вельмі марнатраўная сістэма кіравання. Прыгнечаная татальным кантролем эканоміка яе ўтрымліваць не можа. Патрэбныя вялізныя дармовыя сродкі. Якія, за адсутнасцю вялікіх запасаў нафты або іншых прыродных рэсурсаў, дыктатар можа атрымаць толькі продажам незалежнасці.

Яшчэ ёсць варыянт будаваць самадастатковую паспяховую дзяржаву, заснаваную на свабоднай эканоміцы, гарантыях правоў грамадзянаў і дэмакратыі. Але ў такой дзяржаве месца дыктатарам няма.

Таму злачынны продаж краіны прадоўжыцца да канца. Выратаваць Беларусь можна толькі адхіліўшы дзяржаўнага здрадніка ад улады. Гэтая задача робіцца цяпер для патрыётаў галоўнай.

Мікола Статкевіч, statkevich.org

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках