25 красавiка 2024, Чацвер, 3:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Улады могуць непрыкметна пераступіць апошнюю грань

7
Барыс Жаліба: Улады могуць непрыкметна пераступіць апошнюю грань
БАРЫС ЖАЛІБА
ФОТА: «Радыё Свабода»

Эканаміст папярэдзіў урад.

Перад Мінэканомікі пастаўлена некалькі ключавых задачаў: праца з кадрамі, павышэнне якасці працы дзяржсектара і барацьба са знешнімі шокамі. Ці атрымаецца ў новапрызначанага міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова выканаць пастаўленыя задачы?

Паводле словаў доктара эканамічных навук прафесара Барыса Жалібы, што тычыцца знешніх шокаў, то асноўны пачаўся з першых дзён года, калі Расея спыніла пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, паведамляе «Заўтра тваёй краіны».

– Няма кантрактаў, але ўрад і «Белнафтахім» думалі, што праз інэрцыю пастаўкі нафты прадоўжацца альбо неяк дамовяцца, як дамовіліся наконт газу на два месяцы – зноў жа праз інэрцыю.

Другі шок, больш шырокі – гэта глыбокая інтэграцыя з Расеяй і як ёй супрацьстаяць, каб захаваць дзяржаўны суверэнітэт, а тут эканамічная лінія асноўная. Тое, што нам адмовілі ў пастаўках нафты і не могуць дамовіцца пра кошт на энэргарэсурсы – гэта жаданне Расеі паставіць беларускую эканоміку на калені, а ў нафце – пакінуць Беларусь без маторнага паліва, таму што ні на якія саступкі Расея не ідзе.

Нам трэба тэрмінова адразу ж шукаць альтэрнатыўныя крыніцы, а як гэта зрабіць хутка – вялікае пытанне. Гэта таксама кладзецца на плечы ўрада, у тым ліку і на Міністэрства эканомікі. Вось гэта больш глабальны шок. Нам гэты год будзе цяжка без расейскай фінансавай падтрымкі, і трэба будзе шукаць зусім нестандартныя варыянты ў эканамічным развіцці.

Можна знайсці яшчэ шмат праблемаў, да прыкладу, з экспартам (не выконваем запланаваных аб'ёмаў). Або стагнацыя, рост ВУП у адзін з невялікім адсотак – гэта статыстычная хібнасць, праблема, якую таксама трэба пераадолець.

– Ці існуюць нейкія альтэрнатывы Расеі?

– Гэтыя альтэрнатывы трэба было шукаць ужо даўно. Напэўна, у глыбіні душы і сам прэзідэнт гэта ўжо разумее. Урэшце, ёсць вядомая формула: толькі траціну, а не палову, як цяпер, нашага экспарту – а мы экспартаарыентаваная краіна – аддаваць на Расею. А яшчэ траціну аддаваць на Еўразвяз, на Еўропу (сёння туды ідзе крыху больш за 20% нашага экспарту), і яшчэ траціну – на краіны далёкай дугі. Формула вядомая і правільная, а вось перайсці на яе ніяк не атрымліваецца праз адсутнасць рэформаў.

– Яшчэ адной задачай, пастаўленай перад новым міністрам, з'яўляецца павышэнне якасці працы дзяржсектара. Ці можа дзяржаўны сектар у прынцыпе быць эфектыўным?

– У прынцыпе, можа. Дзяржсектар ёсць і ў развітых краінах, у развітых эканоміках, дзе ён працуе даволі эфектыўна і паспяхова канкуруе з прыватным сектарам. Нашы крэдыторы, сярод іншых, МВФ ужо не настойваюць на прыватызацыі буйных прадпрыемстваў, якая ў нас застопарылася, а кажуць проста пра перабудову карпаратыўнага кіравання.

Гэта значыць, гаворка ідзе пра рэформы карпаратыўнага кіравання дзяржпрадпрыемствамі, якія набілі аскому. Пра тое, чаго мы не хочам рабіць. Мы не ідзем пакрокава па той дарожнай карце, якую распрацаваў Сусветны банк. Таму ніяк не можам атрымаць танны крэдыт МВФ, які нам сёння асабліва патрэбны.

– Ці гатовае беларускае кіраўніцтва ў сітуацыі, якая ўжо склалася, пайсці на такія рэформы?

– Не, у тым ліку і таму, што яно не хоча рызыкаваць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

– Чаго можа каштаваць Беларусі адкладанне рэформаў?

– Мы ўжо сталі на грань страты дзяржаўнага і палітычнага суверэнітэту. Зможам непрыкметна гэтую грань пераступіць і страціць дзяржаву Беларусь на мапе Зямнога шара.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках