19 красавiка 2024, Пятніца, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Волан: як беларускі шляхціц узначаліў Рэфармацыю ў ВКЛ

Андрэй Волан: як беларускі шляхціц узначаліў Рэфармацыю ў ВКЛ

У гэты час нашыя землі перажывалі «залаты век» роўнасці веравызнанняў.

Вялікалітоўскі палітычны дзеяч Андрэй Волан нарадзіўся ў 1530-ым годзе. У нашай гісторыі ён ведамы як філосаф, ідэолаг рэфарматаў-евангелістаў, літаратар, сакратар Мікалая Радзівіла Рудога, каралёў Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Вазы. Паходзіў ён з шляхецкага роду, сын Яна Волана і Соф’і з Квілецкіх. У 1544-47 гадах вывучаў дыялектыку, рыторыку і эпісталаграфію ва ўніверсітэце Франкфурта-на-Одэры, дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі.

Каля 1550 году Волан стаў сакратаром Мікалая Радзівіла “Рудога”. Дзякуючы падтрымцы Радзівілаў у лістападзе 1550-га пачаў навучанне ў Караляўцы. Найвялікшы ўплыў на Волана ў гэты перыяд меў рэктар Георг Сабінус. Вярнуўся з-за мяжы Волан ужо зацятым кальвіністам.

Скончыўшы навучанне, Андрэй Волан пасяліўся ў Літве. Ад Мікалая Радзівіла Рудога атрымаў маёнтак Біюцішкі, а ад Жыгімонта Аўгуста – вёскі Чарэшчанету і Гербенету, таксама да смерці кіраваў староствамі Рудомін і Немеж. Пасля заключэнні Люблінскай уніі шматразова быў абіраны паслом на сойм Рэчы Паспалітай ад Ашмянскага павету. За часам Стэфана Баторыя стаў ганаровым каралеўскім сакратаром, часта быў пасярэднікам паміж каралём і шляхецкімі соймікамі, выконваў важныя дыпламатычныя місіі ў Інфлянты, Аўстрыю, Маскоўскую дзяржаву. У 1595 быў у Маскве як пасол разам з Львом Сапегам.

З часу вяртання на Літву звязаўся з мясцовым кальвінскім зборам. З часам стаў лідарам віленскіх евангелікаў і “архміністрам” мясцовай грамады, “папам літоўскіх кальвіністаў”. Удзельнічаў у некалькіх сінодах літоўскіх кальвіністаў, у час якіх пераконваў у неабходнасці аб'яднання евангелікаў з лютаранамі альбо праваслаўнымі. У 1590 сінод надаў яму функцыю цэнзара кальвінісцкіх кніг.

Як соймавы пасол і пісьменнік Волан браў чынны ўдзел ва ўнутраным палітычным жыцці ВКЛ. Змаганне паміж рэлігійнымі партыямі, якое пагражала небяспекай існаванню пратэстанцтва ў Рэчы Паспалітай, улучыла Андрэя Волана ў палеміку з абаронцамі каталіцтва і розных пратэстанцкіх сектаў.

Волан быў знаёмы з асноўнымі прадстаўнікамі літоўскай Рэфармацыі: Янам Глябовічам, Сымонам Турноўскім, Янам Абрамовічам, Янам Ласіцкім, Станіславам Судроўскім, Андрэем Дудычам, Андрэем Храстоўскім. Быў тройчы жанаты, меў трох сыноў і некалькі дачок.

Аўтарству Волана належыць каля 50 твораў, напісаных пераважна лацінаю: палітыка-прававых трактатаў, працаў па этыцы і багаслоўі, пасланняў, пропаведзяў. Частка яго лістоў і прамоваў засталася ў рукапісах. Ва ўласных працах сцвярджаў пра прысутнасць Хрыста ў Еўхарыстыі, Папскі прымат, боскую сутнасць Хрыста, культ святых і абразоў і пра законнасць цэлібату. Працы Андрэя Волана друкаваліся ў Вільні, Кракаве, Данцыгу, яго творы перакладаліся гугенотамі ў Францыі, кальвіністамі ў Германіі і ўключаліся Ватыканам у Індэкс забароненых кніг. Волан супольна з Сымонам Будным быў ініцыятарам выдання ў Лоску сачынення А. Маджэўскага Фрыча “Аб выпраўленні Рэчы Паспалітай”. У сваіх творах часам кранаўся палітычных і сацыяльных тэм, трымаючыся і тут рэфарматарскага пункту гледжання, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў.

Памёр Андрэй Волан 6 студзеня 1610 году, пахаваны ў ў маёнтку Біюцішкі (непадалёк Барунаў і Гальшанаў, цяперашні Ашмянскі раён).

Уладзімір Хільмановіч, «Гарадзенская вясна»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках