23 красавiка 2024, aўторак, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Баста!»: План дзеянняў на 1 кастрычніка

1
«Баста!»: План дзеянняў на 1 кастрычніка
Фота: ТАСС

Працягваем наступ на узурпатара.

Тэлеграм-канал «Баста!» ды іншыя незалежныя тэлеграм-каналы звярнуліся да беларусаў раніцай 1 кастрычніка:

- Дабрыдзень, сябры! Працягваем сёння наступ на узурпатара на ўсіх франтах, выяўляем салідарнасць і не забываемся пра падрыхтоўку да магутнага Маршу ў нядзелю.

Байкот ўсіх спартовых акцый у Беларусі

Спартоўцы і заўзятары, будзьце салідарныя. Пасля ўчорашняга арышту баскетбалісткі Алены Леўчанкі Беларускі фонд спартовай салідарнасці заклікаў да байкоту ўсіх спаборніцтваў у Беларусі.

«Неадкладна спыніць удзел у спаборніцтвах у сувязі з арыштам Алены Леўчанкі! Поўны байкот і салідарнасць да спынення ціску на спартоўцаў! Годзе быць баязліўцамі, за вашу свабоду цяпер у турме сядзяць зоркі спорту, вашы калегі! Заўтра прыйдуць і да вас - за ваш голас, за вашу “падабайку”, за ваш удзел у мірных пратэстах!», - гаворыцца ў заяве незарэгістраванага ў Беларусі Фонду.

Берасцейцы, сёння патрэбная ваша салідарнасць. У актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Паліны Шарэнды ўлады хочуць адабраць дзяцей.

Берасцейка просіць неабыякавых людзей падтрымаць яе сёння а 12-й гадзіне на адрасе Берасце, вуліца Маскоўская 273, каб.54, куды яе выклікаюць разам з непаўналетнім сынам.

Даносы на сям'ю Шарэндаў прыйшлі ў аддзел адукацыі за подпісам намесніка начальніка Ленінскага РАУС Мікалая Самасюка.

Муж Паліны, Андрэй, цяпер адбывае чарговыя 15 дзён арышту.

Салідарнасць - магутная зброя! Падтрымаем Паліну і ейную сям'ю!

Партызанскі пратэст ва ўсіх гарадах і раёнах

Вы ведаеце, што рабіць. Усякі фармат - шэсці, канцэрты, вечарыны, ланцугі салідарнасці, сустрэчы з суседзямі, папаскі. Дамаўляемся з суседзямі - выходзім на двор.

Дамаўляемся з калегамі-супрацоўнікамі - выходзім на вуліцу. Дамаўляемся ў суполках сваіх дамоў, мікрараёнаў, гарадоў - выходзім на вуліцу.

Будзьце рухомыя. Не трэба стаяць на адным месцы. Мяняйце дыслакацыю - у сваёй мясціне вы арыентуецеся нашмат лепш, чым бандыты ў форме. Выкарыстоўвайце выведку.

Абараняйце сваіх. Спакойным упэўненым тонам размаўляйце з супрацоўнікамі міліцыі, калі вашы дарогі ўсё-ткі перакрыжаваліся. Становіцеся ў счэпкі, калі лукашысты спрабуюць кагосьці забраць.

Тыя, хто ўчора быў дома, - далучайцеся. Чым больш нас на дварэ, тым складаней дзейнічаць бандытам. Месцы правядзення акцый вы ведаеце. Чакаем вас з нецярплівасцю.

Мы маем быць прыкметныя ва ўсіх гарадах не толькі ўвечары, але і ўдзень. Выкарыстоўваем усе формы пратэстаў - блакада дарог, канцэрты ў людных месцах, вывешванне сцягоў і транспарантаў, графіці і ўлёткі.

Студэнты і школьнікі, ваша навучальная ўстанова - ваша тэрыторыя. Бярыце прыклад з вашых калег з менскіх ВНУ і ладзьце пратэст проста там. Прыходзьце на навучанне ў белых і чырвоных уборах, праводзьце чытанне вершаў, спявайце песні. Актывізуйце фантазію і пакажыце творчасць.

Максімальна распаўсюджваем інфармацыю аб падрыхтоўцы нядзельнага Маршу. Інтэрнэт, улёткі, стыкеры, графіці, крэатыўныя заклікі, размовы з суседзямі і калегамі. Запрашаем на Марш усіх усімі даступнымі спосабамі.

Падтрымлівайце затрыманых ды іхнія сем'і. Пішыце лісты палітычным вязням.

Для ключавых кірункаў нашай дзейнасці вельмі важнае асвятленне ў СМІ. Абавязкова паведамляйце нам на @adm_basta ўсю інфармацыю аб пратэстах і страйках у вашым горадзе! Дасылайце фота і відэа. Хай уся Беларусь і ўвесь свет даведаюцца аб нашай барацьбе за свабоду!

Адзін - за ўсіх, а ўсе - за аднаго!

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках