18 красавiка 2024, Чацвер, 12:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патрабуй!

17
Патрабуй!
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Наступіў вырашальны момант у беларускай гісторыі.

У кожнай рэвалюцыі бывае пераломны момант.

У чэхаславацкай «аксамітнай рэвалюцыі» сілавы разгон масавай дэманстрацыі студэнтаў 17 лістапада 1989 года выклікаў шматтысячныя (больш за 250 тысяч) акцыі пратэсту па ўсёй краіне, якія пачаліся 20 лістапада і скончыліся 29 снежня прывядзеннем да прысягі прэзідэнта Вацлава Гаўла.

У Румыніі кульмінацыя рэвалюцыі была больш хуткаплыннай. Перапалоханы Чаўшэску 16 снежня 1989 года аддаў загад сілай здушыць пратэсты ў Тымішаары, а ўжо 25 снежня без суда і следства расстралялі самага Чаўшэску і яго жонку.

Усюды ў Цэнтральнай Еўропе, пазней на Балканах, людзі вельмі дакладна адчувалі пераломны момант і ўсім народам падымаліся супраць прыгнятальнікаў і тыранаў, вызвалялі палітвязняў і дамагаліся справядлівасці.

У мінулую нядзелю ў гарадах Беларусі адбыўся шматтысячны Марш вызвалення, з патрабаваннем свабоды палітвязням.

Сёння Лукашэнка пайшоў у СІЗА КДБ на паклон да тых, каго ён яшчэ ўчора абвінавачваў ва ўсіх смяротных грахах: да палітвязня Віктара Бабарыкі і яго каманды. Пайшоў, вядома ж, не з добрымі намерамі, а спрабуючы выратаваць свой злачынны рэжым. Пайшоў не па сваёй волі, а пад ціскам беспрэцэдэнтных пратэстаў народа, які патрабуе адстаўкі ўзурпатара.

Пайшоў, каб зноў усіх па-калгаснаму надзьмуць і потым з тры кораба нахлусіць.

Верыць яму, вядома ж, нельга, але нельга і выпускаць момант, які можа і павінен стаць пераломным.

Ва ўсіх рэвалюцыйных сітуацыях ўлады спрабуюць ужываць сілу, запалохваць, падманваць, вербаваць лідараў. Але, калі момант наступіў, ніякія хітрыкі ўжо не дапамагаюць.

Калі заўтра на Марш гонару выйдуць мільёны беларусаў, калі выйдзе ўвесь народ Беларусі, да перамогі застанецца рукой падаць.

Жыве Беларусь!

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках