25 красавiка 2024, Чацвер, 1:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі пачалі выдаваць біяметрычныя пашпарты і ID-карты

17
У Беларусі пачалі выдаваць біяметрычныя пашпарты і ID-карты
ФОТА: МУС

Але пакуль іх змогуць атрымаць не ўсе.

У Беларусі ўжо выдалі першыя ўзоры біяметрычных дакументаў, гаворка ідзе пра ID-карту і біяметрычны пашпарт. Пра гэта распавёў tut.by начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун. З яго слоў, любы ахвочы зможа аформіць біяметрычныя дакументы, як плануецца, з 2021 года.

- Доследная эксплуатацыя цяпер праходзіць ва ўсіх падраздзяленнях, цэнтр персаналізацыі ўжо пабудаваны, і выдаў ужо першыя ўзоры біяметрычных дакументаў, ідзе адладка адпаведнага абсталявання, - распавёў Аляксей Бягун. - У эксперыменце ўдзельнічаюць людзі, якія прыходзяць у падраздзяленне (грамадзянства і міграцыі па месцы рэгістрацыі. – Заўвага рэд.). У іх пытаюць згоду, іх фатаграфуюць і накіроўваюць адпаведныя звесткі. У нас тры пункты доследнай эксплуатацыі і яны цяпер працуюць. Дзве ў Менску і адна - у Менскай вобласці.

Аляксей Бягун удакладніў, што са студзеня 2021, як і планавалася, любы грамадзянін зможа звярнуцца і атрымаць біяметрычныя дакументы - ID-карту і біяметрычны пашпарт.

- Для гэтага трэба звяртацца на першым этапе ў тэрытарыяльнае падраздзяленне грамадзянства і міграцыі па месцы рэгістрацыі. Другі зварот за атрыманнем іншай ID-карты ці біяметрычнага пашпарта можа адбывацца ў любым падраздзяленні грамадзянства і міграцыі.

Раней у МУС распавядалі, што будзе прадугледжаная магчымасць атрымаць два біяметрычныя пашпарты. Калі адзін застанецца ў пасольстве для афармлення візы, па другім можна будзе выехаць за мяжу.

Пры гэтым папяровыя пашпарты не будуць абмежаваныя па тэрміне дзеяння пасля ўводу біяметрычных дакументаў. Прасцей кажучы, чалавек сам будзе вырашаць, атрымліваць новыя дакументы або пакідаць старыя.

Стаўкі дзяржмыты за выпуск біяметрычных дакументаў яшчэ не зацвердзілі. Плануецца, што выдаваць іх будуць хутчэй, чым папяровыя дакументы, але пакуль невядома, на колькі канкрэтна.

З пераваг біяметрычных дакументаў у параўнанні з папяровымі Аляксей Бягун адзначыў, што ў першым выпадку будзе электронны лічбавы подпіс на пашпарце, надзейная ступень абароны ад падробкі.

Раней у МУС тлумачылі, як будуць працаваць біяметрычныя пашпарты і ID-карты. Унутраным дакументам будзе ID-карта, дакументам для выезду за мяжу - біяметрычны пашпарт. У ведамстве адзначалі, што з біяметрычнымі дакументамі лягчэй будзе атрымаць цэлы комплекс дзяржаўных паслуг.

- У першую чаргу, гаворка ідзе пра дыстанцыйнае пацверджанне асобы ўладальніка біяметрычнай ID-карты, - патлумачыў раней Аляксей Бягун. - Чалавек з дапамогай электроннага лічбавага подпісу зможа засведчыць асобу ў розных дзяржаўных органах і атрымаць паслугу дыстанцыйна, не патраціўшы час на непасрэдны зварот.

Так, уладальнік ID-карты зможа атрымаць у інтэрнэце розныя даведкі і дакументы, якія будуць мець сапраўды такое ж юрыдычнае значэнне, як і дакументы, атрыманыя ў дзяржорганах пры асабістым візіце.

- Мы кажам пра тое, што біяметрычны пашпарт будзе яшчэ больш надзейна абаронены ад падробкі, ён выклікае больш даверу пры выдачы доўгатэрміновых віз. Уладальнік біяметрычнага дакумента можа перасоўвацца праз электронную браму, якая ўстаноўленая ў многіх аэрапортах свету, гэта дазваляе ў палегчаным рэжыме, без візуальнага і персанальнага кантролю, праходзіць памежны кантроль.

Са слоў Бягуна, цяперашнія пашпарты пасля ўвядзення біяметрычных дакументаў не будуць абмяжоўваць у тэрміне дзеяння. Чалавек сам будзе вырашаць, атрымліваць новыя дакументы або пакідаць старыя.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках