29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валютны даход Беларусі скараціўся на 16%

Валютны даход Беларусі скараціўся на 16%

Да гэтага прывяло адразу некалькі чыннікаў.

Валютны даход Беларусі ў студзені-жніўні склаў 23 134,8 млн даляраў і знізіўся на 16% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць статыстычныя звесткі Нацыянальнага банка, паведамляе сайт naviny.by.

У тым ліку даход ад экспарту тавараў скараціўся на 19,2% да 16.831,1 млн даляраў, даход ад экспарту паслуг павялічыўся на 6,4% да 6 098,2 млн даляраў.

Пры гэтым у жніўні валютны даход склаў 3 102,2 млн даляраў і паменшыўся ў параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года на 12,6%. У тым ліку даход ад экспарту тавараў склаў 2366,6 млн даляраў і паменшыўся на 11,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, даход ад экспарту паслуг склаў 674,8 млн даляраў і знізіўся на 14,1%.

На думку экспэртаў, зніжэнне валютнага даходу будзе мець негатыўныя наступствы. "Многія беларускія прадпрыемствы бралі валютныя крэдыты, і натуральна, што скарачэнне валютнага даходу негатыўна адбіваецца на мікраўзроўні - на магчымасцях прадпрыемстваў плаціць за крэдыты, падвышаць заробак і ўжо тым больш рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты», - адзначыла ў каментары навуковая дырэктарка Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Яна звярнула ўвагу, што скарачэнне валютнага даходу прывяло да зніжэння даходаў беларускага бюджэту, у які залічваюцца вывазныя мыты на нафту, нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні, а таксама падатак на прыбытак прадпрыемстваў-экспарцёраў.

На думку экспэртаў, значнае скарачэнне валютнага даходу ў бягучым годзе абумоўлена уплывам некалькіх чыннікаў: памяншэннем паставак расейскай нафты ў Беларусь у першым квартале; скарачэннем замежнага попыту на беларускія тавары і паслугі праз пандэмію; зніжэннем кошту ў свеце сыравінных тавараў (нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў), якія экспартуе Беларусь.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць, што праз змяншэнне знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі эканоміка краіны ў 2020 годзе скароціцца. Так, Сусветны банк прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі сёлета на 4%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця - на 3%, Міжнародны валютны фонд - на 6%. Між тым Міністэрства эканомікі разлічвае не дапусціць зніжэння ВУП у гэтым годзе і чакае аднаўлення эканомікі ў другім паўгоддзі. За студзень-жнівень ВУП Беларусі знізіўся на 1,3%.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках