16 красавiка 2024, aўторак, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты пшаніцы ў Расеі ўзляцелі да рэкорду на фоне дэвальвацыі рубля

4
Кошты пшаніцы ў Расеі ўзляцелі да рэкорду на фоне дэвальвацыі рубля
ФОТА: ZERNOKV.RU

Да актыўнага росту кошты перайшлі з сярэдзіны жніўня.

Восеньская дэвальвацыя расейскага рубля, якая падкінула даляр амаль да 80 расейскіх рублёў, а еўра - вышэй за 90, ударыла па расейскім рынку збажыны, піша finanz.ru.

Кошты пшаніцы ў РФ імкліва выраслі разам з курсамі валют і і дасягнулі гістарычных рэкордаў, паведамляе ў аглядзе аналітычны цэнтр «СаўЭкон».

На мінулым тыдні сярэдні кошт пшаніцы 3 класа падскочыў на 325 расейскіх рублёў, да 14 650 расейскіх рублёў за тону (без ПДВ). 4 клас падаражэў на 300 расейскіх рублёў і прадаваўся прыблізна за 14625 расейскіх рублёў за тону.

Да актыўнага росту кошты перайшлі з сярэдзіны жніўня, калі рынак пачаў разгортвацца пасля заканчэння актыўных сезонных продажаў новага ўраджаю. Менш чым за два месяцы пшаніца падаражэла на 20%.

«Гэтак дорага расейская пшаніца на ўнутраным рынку не каштавала ніколі», - канстатуе «СаўЭкон»: Папярэдні рэкорд быў устаноўлены ў красавіку 2020 года, калі каціроўкі на 3 клас дасягалі 14 500 расейскіх рублёў за тону, а на 4 клас - 14 475 расейскіх рублёў за тону.

Пшаніца даражэе ў далярах на сусветным рынку, а падзенне расейскага рубля паскарае гэты працэс у Расеі. Экспартныя кошты чарнаморскай пшаніцы (бялок 12,5%) з сярэдзіны жніўня выраслі прыкладна на 30 даляраў, да 239 даляраў за тону (FOB глыбакаводныя парты).

Гэта блізка да максімуму леташняга сезону (245 даляраў). Адбілася пагаршэнне прагнозаў на сусветны ўраджай збажыны ў гэтым сезоне, а таксама засуха ў Чарнаморскім рэгіёне, якая пагражае ўжо ўраджаю 2021, адзначае «СаўЭкон».

Каб стрымаць рост, улады разглядаюць магчымасць новых абмежаванняў на экспарт, аналагічных тым, што ўводзіліся ў перыяд з 1 красавіка да 30 чэрвеня.

Механізм квотаў экспарту збажыны, які не выкарыстоўваўся з пачатку 2010-х, застаецца актуальным, нягледзячы на перспектывы добрага ўраджаю, і Мінсельгас РФ плануе ўжываць гэты захад у далейшым, заявіла ў канцы верасня намесніца кіраўніка міністэрства Аксана Лут.

Іншы варыянт - увядзенне экспартных мытаў. Але які б спосаб не абралі ўлады, дамагчыся жаданага наўрад ці атрымаецца, мяркуе прэзідэнт Расейскага збожжавага саюза Аркадзь Злачэўскі.

«Калі пастанова будзе прынятая і публічна абвешчаная, свет спалохаецца, бо мы - аплот пшанічных паставак, і не толькі ў гэтым сезоне, - патлумачыў. - Рынак актывізуе закупы - і тут жа задзярэ кошты, як толькі даведаецца, што мы абмяжоўваем магчымасці доступу да нашых рэсурсаў. Гэта аўтаматычна прывядзе да падвышэння сусветных коштаў».

На ўнутраным рынку адбудзецца тое ж самае, мяркуе ён: «Тым самым будуць паднятыя ўнутраныя кошты для таго, каб іх абмежаваць».

Са слоў Злачэўскага, найбольш эфектыўны механізм - гэта збожжавыя інтэрвенцыі: дзяржава скупляе зерне, калі яно таннае, і стварае запас, які распрадае, калі кошты павялічваюцца.

З улікам запланаваных значных паставак на экспарт, у найбліжэйшай перспектыве патэнцыял для росту ўнутраных коштаў пшаніцы захоўваецца, папярэджвае «СаўЭкон». Стрымаць рост могуць хіба што ўмацаванне расейскага рубля ці зніжэнне вывазу збажыны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках