16 красавiка 2024, aўторак, 10:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што значыць для беларускай эканомікі імклівы адток сродкаў з банкаў?

14
Што значыць для беларускай эканомікі імклівы адток сродкаў з банкаў?

Пікавым у дачыненні да канфіскацыі ўласных сродкаў з банкаў стаў жнівень.

Аб магутным адтоку сродкаў насельніцтва сведчаць не толькі чэргі ў банках, але і статыстыка Нацбанка. Памяншаюцца рублёвыя і валютныя дэпазіты. Напрыклад, толькі з усіх валютных дэпазітаў з красавіка знялі 1,428 млрд даляраў.

Больш за ўсё грошай забіралі з банкаў у жніўні. І хоць у верасні гэты паказчык паменшыўся, агульная тэндэнцыя не мяняецца, людзі працягваюць ісці ў банкі па свае грошы.

Да якіх наступстваў для банкаўскай сістэмы і краіны агулам можа прывесці настойлівае жаданне грамадзян адмовіцца ад паслуг фінансавых устаноў? Сайт «Салiдарнасць» даведаўся ў старэйшага аналітыка «Альпары Еўразія» Вадзіма Ёсуба.

- За верасень беларусы паменшылі колькасць тэрміновых рублёвых дэпазітаў на 1,7%, зняўшы 77 млн. Усяго спачатку года з рублёвых тэрміновых укладаў знялі 555 млн, паменшыўшы іх на 10,8%. Валюту здымаюць больш актыўна, у верасні забралі 303 млн даляраў, паменшыўшы тэрміновыя дэпазіты на 5,9%. Усяго з пачатку года адток тэрміновых валютных дэпазітаў склаў 1,373 млрд даляраў або 22,1%, - прыводзіць аператыўныя звесткі экспэрт у экспрэс-каментары.

Ён паведаміў, што «пікавым» у дачыненні да канфіскацыі уласных сродкаў з банкаў стаў жнівень. За гэты месяц, які ўжо ўвайшоў у гісторыю, людзі забралі 271 мільёнаў рублёў і 416 млн даляраў.

Недавер банкам спецыялісты тлумачаць не толькі зніжэннем даходнасці на ўкладах, але і страхам перад захаванасцю сваіх інвестыцый.

- Зараз на карысць зняцця грошай гуляюць абодва гэтых чыннікі. Аж да жніўня стаўкі ў дэпазітах зніжаліся, стымулаў захоўваць грошы ў банку станавілася ўсё менш.

А ў сувязі з тым, што ў нас дзеецца ў палітычнай і юрыдычнай сферах, павялічваецца страх і зніжаецца давер не толькі да банкаўскай сістэмы, а да дзяржавы і ўсіх яе інстытутаў. Проста на стаўленні да банкаўскай сістэме гэта праяўляецца наглядна, - патлумачыў Вадзім Ёсуб.

Зараз, на думку экспэрта, перад банкамі стаіць задача збалансаваць зніклыя са сродкамі насельніцтва пасівы з актывамі. Верагоднасць таго, што да гэтага прывядзе жорсткае абмежаванне крэдытавання, якое мы назіраем апошнім часам, не вялікая.

- Усё гэта добра гучыць толькі ў тэорыі. Каб скараціць актывы, трэба перастаць выдаваць новыя крэдыты, што ўжо адбываецца і як бы баланс павінен аднавіцца.

Але на практыцы ўклады забралі ўжо цяпер, а крэдыты будуць вяртаць гадамі, і гэта пры ўмове, калі яшчэ будуць вяртаць, згодна з узятымі абавязаннямі. Але ж сярод атрымальнікаў шмат стратных дзяржпрадпрыемстваў, - адзначыў экспэрт.

На ягоную думку, іншыя інструменты для аднаўлення дысбалансу паміж актывамі і пасівамі сёння могуць не спрацаваць наогул.

- Звычайна ў такім выпадку звяртаюцца да Нацыянальнага банка, як да крэдытора апошняй інстанцыі. Але ён прыпыніў выдачу крэдытаў овернайт, выраслі стаўкі на міжбанкаўскім рынку. Яшчэ да пачатку жніўня банкі маглі разлічваць на крэдыт пад 4-5% гадавых, цяпер стаўкі блізу 15%! Грошы сталі даражэйшымі.

Пасля гісторыі з Белгазпрамбанкам буйныя расейскія заснавальнікі наўрад ці будуць ратаваць свае даччыныя банкі, у якія ў кожны момант могуць прыйсці беларускія ўлады і ўсё адабраць.

Не на карысць банкіраў і зніжэнне рэйтынгаў Беларусі і рэйтынгаў асобных банкаў. У нас ён яшчэ не на ўзроўні дэфолту, але ўсё адно істотны. Гэта азначае, што пры іншых роўных кожны замежны банк і нават мацярынскі чыста паводле фармальных падстаў зможа даць строга лімітаваную колькасць грошай, - растлумачыў экспэрт.

Немагчымасць перакрэдытавацца, паводле ягоных слоў, можа не пакінуць выбару уладам і прывядзе ў дзеянне варштат.

- Вядома, дзяржава ў першую чаргу будзе ратаваць дзяржбанкі, той жа Беларусбанк, Белаграпрамбанк. Але ў іх сканцэнтравана найбольшая колькасць праблемных крэдытаў, таму падтрымка запатрабуе велізарных рэсурсаў. І не вельмі зразумела, дзе іх браць.

Грошы можна альбо зарабіць, альбо пазычыць, альбо надрукаваць. З нашым падзеннем эканомікі зарабіць мы не зможам, у пазыку нам ніхто не дасць, акрамя Расеі. Але і яна наўрад ці будзе пастаянна гэта рабіць. Папярэднія пазыкі, як вядома, дакладна роўныя пазыкам беларускіх прадпрыемстваў перад расейскімі суб'ектамі.

Пакінуты варыянт «друкаваць грошы» непазбежна прывядзе да росту інфляцыі, дэвальвацыі беларускага рубля і тады праблема найбуйнейшых беларускіх дзяржбанкаў ператворыцца ў праблему ўсіх грамадзян краіны, - мяркуе фінансавы аналітык.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках