28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Кыргызстана сышоў у адстаўку

36
Прэзідэнт Кыргызстана сышоў у адстаўку
Сааранбай Жээнбекаў

Сааранбай Жээнбекаў заявіў, што мір у краіне і жыццё суайчыннікаў для яго даражэйшыя за ўсё.

Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў сёння, 15 кастрычніка, падаў у адстаўку. Палітык зрабіў зварот да грамадзян у сувязі з грамадска-палітычнай сітуацыяй, якая склалася ў краіне, паведамляе ягоная прэс-служба.

Тэкст звароту падае прэс-служба прэзідэнта Кыргызстана:

«Дарагія суайчыннікі!

Грамадска-палітычная сітуацыя ў сталіцы нашай краіны - Бішкеку застаецца напружанай.

Учора Жагорку Кенеш зацвердзіў склад Урада, я падпісаў указы Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі аб адпаведных прызначэннях. Але гэта не зняло напружанасць.

На жаль, агрэсія не сціхае, патрабаванне маёй неадкладнай адстаўкі працягваецца.

Бягучая сітуацыя блізкая да двухбаковага канфлікту.

З аднаго боку - пратэстоўцы, з другога - праваахоўныя органы. Вайскоўцы і праваахоўныя органы абавязаны выкарыстаць зброю для абароны Дзяржаўнай рэзідэнцыі. У гэтым выпадку пральецца кроў, гэта непазбежна. Я заклікаю абодва бакі не паддавацца правакацыям.

Дарагія мае суайчыннікі!

Для мяне мір у Кыргызстане, цэласнасць краіны, адзінства нашага народа і спакой у грамадстве вышэй за ўсё. Няма нічога даражэйшага для мяне за жыццё кожнага майго суайчынніка.

Я не трымаюся за ўладу. Не хачу застацца ў гісторыі Кыргызстана як Прэзідэнт, які праліў кроў і страляў ва ўласных грамадзян.

Таму прыняў пастанову сысці ў адстаўку.

Заклікаю Жапарава і іншых палітыкаў адвесці сваіх прыхільнікаў са сталіцы краіны і вярнуць мірнае жыццё бішкекцам.

Ніякая ўлада не варта цэласнасці нашай краіны і грамадства.

Няхай беражэ нас усіх Усявышні, хай будзе мір і спакой на нашай зямлі!»

У Кыргызстане другі тыдзень трывае палітычны крызіс, які пачаўся пасля парламенцкіх выбараў. Іх прызналі несапраўднымі праз шматлікія фальсіфікацыі. Парламент краіны 14 кастрычніка абраў новым прэм'ер-міністрам апазіцыянера Садыра Жапарава, а прэзідэнт Сааранбай Жээнбекаў зацвердзіў яго на пасадзе.

Жапараў патрабаваў адстаўкі Жээнбекава да раніцы 15 кастрычніка, аднак прэзідэнт заявіў, што сыдзе ў адстаўку толькі пасля новых парламенцкіх выбараў.

З раніцы 15 кастрычніка ў Бішкеку сабраліся прыхільнікі новаабранага прэм'ер-міністра Садыра Жапарава, яны патрабавалі неадкладнай адстаўкі прэзідэнта Сааранбая Жээнбекава.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках