20 красавiка 2024, Субота, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» прызнаныя палітвязнямі

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» прызнаныя палітвязнямі

Cвабоду Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу і Паўлу Юхневічу!

Сайт ПЦ «Вясна» публікуе супольную заяву праваабарончых арганізацый Беларусі.

«У сувязі з інфармацыяй аб выстаўленні абвінавачванняў паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі») актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Андрэю Войнічу, Яўгену Афнагелю і Паўлу Юхневічу, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асобаў.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі з шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрымана ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на улады Рэспублікі Беларусь.

Таксама ўважаем за неабходнае адзначыць, што дэманстрантамі не ўчыняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не ўчынялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не надавалі збройнага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад загадзя непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Войніч, Яўген Афнагель і Павел Юхневіч з'яўляюцца прынцыповымі і даўнімі апанентамі існага палітычнага рэжыму ў краіне.

Яўген Афнагель удзельнічаў у стварэнні адной з найбольш актыўных і вядомых моладзевых апазіцыйных арганізацый 90-х «Малады фронт». Пазней ён, Павел Юхневіч і Андрэй Войніч былі аднымі са стваральнікаў і актыўнымі ўдзельнікамі апазіцыйнага руху «Зубр». За сваю выключна мірную апазіцыйную, публічную дзейнасць яны неаднаразова зазнавалі рэпрэсіі з боку дзейнай улады: штрафы, адміністрацыйныя арышты, збіццё, запалохванні і ціск.

Пасля падзеяў 2010 года Яўген Афнагель доўгі час быў вымушаны знаходзіцца ў эміграцыі, але вярнуўся ў выніку ў Беларусь, дзе прадоўжыў актыўную апазіцыйную палітычную дзейнасць.

Мы ацэньваем пераслед Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, якія былі абвінавачаныя на падставе арт.293 КК («Масавыя беспарадкі»), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з іх публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем іх палітычнымі вязнямі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў, актывістаў «Европейсай Беларусі» Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча і спыніць іх крымінальны пераслед.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

РГА «Прававая ініцыятыва»

Беларускі дакументацыйны цэнтр

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend

Кансультацыйны цэнтр актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»

Беларускі ПЭН-цэнтр

РПГА «Беларускі Хельсінскі камітэт»

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Простае таварыства «Ініцыятыва FORB», - гаворыцца ў заяве.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках