19 красавiка 2024, Пятніца, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Кац: Лукашэнка безупынна робіць крокі, якія яго аслабляюць

13
Максім Кац: Лукашэнка безупынна робіць крокі, якія яго аслабляюць
Максім Кац

У асяроддзі дыктатара адбываецца «апраметнае пекла».

Вядомы расейскі блогер і палітолаг Максім Кац даў вялікае інтэрв'ю «Радыё Свабода» пра сітуацыю ў Беларусі.

Сайт Charter97.org публікуе фрагменты з яго:

«У асяроддзі Лукашэнкі адбываецца апраметнае пекла»

- Калі мы паглядзім з боку эліты, з боку лукашэнкавага асяроддзя, з боку байцоў, то ў іх штодзень адбываецца апраметнае пекла. Яны павінны біць цывільных грамадзян, што не так проста. Людзям здаецца, што яны напрактыкаваныя, што ім анігадкі, напраўду не. Усякія, нават самыя напрактыкаваныя, маюць нейкую рэфлексію, і ім трэба кожны раз адольваць сябе, над імі трэба працаваць неяк ідэалагічна.

А эліта мае адчуванне, што гэта не заканчваецца. Яны турбуюцца, яны не разумеюць, як гэта спыніць. І, вядома, яны адчуваюць і псіхалагічную стомленасць ад гэтага супрацьстаяння. Яны глядзяцца на фоне гэтага супрацьстаяння палітычна слабейшымі. Пратэст у гэтым плане мацнейшы ў разы - ён уключае ўсё грамадства. Раз ужо пенсіянеры выйшлі, то гэта значыць, што ЎСЕ пратэстуюць. Пенсіянеры - гэта ў кожнай улады апора. А тут яны выходзяць і крычаць: «Лукашэнку ў аўтазак!».

Усё гэта прыводзіць людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе, да вялікага напружання. І ў выніку гэтага з'яўляюцца візіты ў следчы ізалятар, спробы біць, пагражаць, палохаць... Яны шукаюць, як бы ім гэта спыніць. Але, як відаць, спыніць гэта не выйдзе.

Праз некаторы час усім ім пачне прыходзіць у галаву адна думка: што гэта можна спыніць і, магчыма, можна нават захаваць волю для сябе, ці, можа, нават нейкія пазіцыі для тых, хто яшчэ не моцна запэцканы, у выпадку, калі сыдзе Лукашэнка.

І гэта пачнуць разумець усе. У тым ліку і ўсходнія партнёры Беларусі. Расея, якая нібыта крыху спачатку падтрымлівала, цяпер ужо не.

І я думаю, што і ў Расеі ўжо ўсім ясна, што гэта не спыніцца, і адзіны спосаб гэта спыніць, адзіны магчымы кампраміс - гэта адыход Лукашэнкі.

«Палітычны Лукашэнка і ўся ягоная суполка робяць усё дрэнна, роўна наадварот ад таго, як трэба»

- Вы першы чэмпіён Расеі ў спартовым покеры. Як бы вы з пункту гледжання гульца, які гуляе за суполку беларускага народа, які хоча перамен, ацанілі тактыку і шанцы спаборніка (Лукашэнкі і ягонага рэпрэсіўнага блока)?

- Калі казаць пра покернае мысленне і зрабіць кароткую лекцыю, то пакерыст думае імавернасцямі. Людзі зазвычай думаюць, будзе або не будзе. Калі імавернасць 70 на 30, то людзі пачынаюць думаць, што гэта дакладна адбудзецца. Пакерыст думае імавернасцямі. Ён ведае, што 70 на 30 - гэта калі ты кубік кінуў і ў дзвюх трацінах выпадкаў перамог, і адна траціна - саступіў, і гэта таксама бывае. У такіх катэгорыях сітуацыю ў Беларусі ацэньваць не вельмі правільна. У гэтых катэгорыях можна ацэньваць выбары ў Амэрыцы.

Гэтыя пратэсты трэба ацэньваць палітычна, а не з пункту гледжання тэорыі імавернасці. Палітычны Лукашэнка і ўся ягоная суполка робяць усё дрэнна, роўна наадварот ад таго, як трэба. Вядома, што калі ты ўжываеш празмерны гвалт, то ты выклікаеш хвалю пратэсту і хвалю салідарнасці ў грамадстве, і ўсе забываюць свае супярэчнасці і пачынаюць змагацца з агульным ворагам. Усюды, дзе спрабавалі ўжываць гвалт, здаралася такая рэакцыя грамадства. Гэта ўсе ведаюць.

Аднак ён ужыў гвалт, не тое што празмерны, а абсалютна немагчымы гвалт, і далей яго ўжывае. І кожны раз ён выклікае гэтую хвалю, і ўсё больш і больш далучаецца людзей да пратэсту. Усялякія ягоныя крокі, які ні вазьмі, усе жудасна недарэчныя. Можна меркаваць пра прычыну гэтага - напэўна, ён не вельмі разумны, і за 26 гадоў ва ўладзе ў яго атрафавалася тая частка мозгу, якая адказвае за палітычныя дзеянні, за нейкае планаванне. Ён проста жыве не ў той рэчаіснасці, як мы з вамі. У ёй ён мае велізарны рэйтынг, і ўсе яго падтрымліваюць. Ён шукае нейкі кампраміс сярод беларусаў, і ў ягонай рэчаіснасці ёсць пратэстоўцы і тыя, хто за яго, і іх прыкладна столькі ж.

Ён зусім далёкі ад рэчаіснасці, гэта крыху палохае. Ён увесь час робіць крокі, якія яго аслабляюць, і рана або позна ён упадзе.

«Думаю, што больш за 3-4 месяцы гэта не працягнецца»

- Зазвычай такія пратэсты доўжацца ў сярэднім ад 4 да 6 тыдняў. Гэты пратэст трывае даўжэй. Тое, што ён не змяншаецца, паказвае яго трываласць. Цяжка прагназаваць, але я думаю, што больш за 3-4 месяцы ў цэлым гэта не працягнецца, асабліва калі будзе далей такая настойлівасць, будзе прыдумляцца нешта новае, як гэта адбываецца цяпер.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках