16 красавiка 2024, aўторак, 10:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я падтрымліваю народ у ягоных мірных акцыях»

6
«Я падтрымліваю народ у ягоных мірных акцыях»
ФОТА: ТАСС

Моцны выступ 63-гадовай берасцейкі Алены Гнаук.

Адважная 63-гадовая берасцейка Алена Гнаук удзельнічала ў шматлікіх акцыях пратэсту, і за адну з іх, якая праходзіла 4 кастрычніка, была затрыманая і асуджаная на 15 сутак. Свой тэрмін беларуска адбывала ў Ленінскім РАУС. 19 кастрычніка ў яе праходзіў тэрмін зняволення. Сябры і блізкія Алены Пятроўны спадзяваліся, што ў гэты дзень яна вернецца дадому. Аднак замест вызвалення пенсіянерку павезлі ў суд Ленінскага раёна, паведамляе выданне «Салiдарнасць».

Высветлілася, што Алена была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі нягледзячы на тое, што суд не вынес ёй ніякага пакарання. Пратакол на пенсіянерку склалі за ўдзел у акцыі пратэсту 30 жніўня. Паводле версіі сілавікоў, яна «публічна выказвала асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы, пратэставала супраць дзейнай улады, ажыццяўляла пікетаванне».

Падтрымаць берасцейку да Дома правасуддзя таксама прыйшла калона ўдзельнікаў берасцейскага маршу пенсіянераў.

У чаканні суда Алена Гнаук расазала прысутным пра ўмовы ўтрымання ў берасцейскім ІЧУ. Тыдзень таму яна апісала ўсе «вабноты» турэмнага жыцця ў лісце, які змагла перадаць на волю. Пасля гэтага паслання, прызнаецца берасцейка, яе перасялілі ў «адзіночку», дзе яна на знак пратэсту абвесціла галадоўку, якую трымала пяць дзён.

– Гэта падвальнае памяшканне, акно недзе 90 на 30 см, закратаванае. Адзіная ўцеха – «зоатэрарыум»: мышкі, якія бегаюць за аргшклом акна. У аргшкле прабітыя дзірачкі, каб скрозь іх паступала паветра, – расказала Алена Пятроўна ў чаканні судовай пастановы.

Вінаватай сябе берасцейка не прызнала. У судзе яна паведаміла, што 30 жніўня, калі ў горадзе праходзіў несанкцыянаваны марш, шпацыравала, а потым пайшла на чыгуначны вакзал, каб сесці на электрычку. Па дарозе натыкнулася на абгароджаную плошчу Леніна, за турнікетамі стаялі сілавікі ў ахоўнай амуніцыі. Насупраць іх, на іншым баку агароджы, – пратэстоўцы. Жанчына стала паміж імі на калені і прачытала малітву, каб не дапусціць гвалту. Пасля гэтага пайшла на вакзал.

Мяркуючы з усяго, менавіта гэты эпізод патрапіў на камеру супрацоўнікаў міліцыі і стаў падставай для адміністрацыйнага пратаколу.

– Я, як старая дысідэнтка, як неабыякавы чалавек, як хрысціянка, не магла сабе дазволіць у гэты цяжкі для народа час быць у сябе ў агародзе. Я зрабіла ўсё магчымае, каб не дапусціць новага кровапраліцця. Таму мая пазіцыя адназначная: я з народам, я за народ. Я падтрымліваю народ у ягоных мірных акцыях. Калі вы мяркуеце, што я вінаватая – што ж, судзіце паводле закону, – сказала Алена Гнаук, адказваючы на пытанне суддзі.

Суд выслухаў жанчыну і яе адваката, які настойваў на тым, што віна ягонай падабароннай не даказаная. Пастановай суду была адпраўка справы на дапрацоўку. Паколькі да таго моманту тэрмін зняволення паводле папярэдняга пратакола ў берасцейкі скончыўся, яна збіралася паехаць дадому. Аднак у зале суда супрацоўнікі міліцыі папрасілі яе прайсці да службовага аўтамабілю, каб з'ездзіць у ІЧУ па асабістыя рэчы.

Жанчына выйшла за сілавікамі на паркоўку, дзе яе затрымалі «паводле падазрэння ў здзяйсненні правапарушэння». З суду Алену Пятроўну зноў павезлі ў Ленінскі РАУС.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках