2 снежня 2020, Серада, 19:11
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ рыхтуе свой «акт Магніцкага»

1
ЕЗ рыхтуе свой «акт Магніцкага»

Еўропа пакарае парушальнікаў правоў чалавека, дзе б яны ні чынілі свае злачынствы.

Еўропа стварае сталы прававы механізм для пакарання асоб і арганізацый, вінаватых у грубых парушэннях правоў чалавека. У еўрапейскага аналага пакуль няма медыйнага лэйбла. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль, якія прадстаўлялі законапраект 19 кастрычніка ў Брусэлі, назвалі яго хутчэй апісальна «новым глабальным рэжымам санкцый ЕЗ у галіне правоў чалавека», піша «Новая газета».

Адразу абмовімся, папярэджваючы лішнія «патрыятычныя» істэрыкі, што гаворка ідзе пра наднацыянальны механізм, пабудаваны не паводле «геаграфічнага», а паводле «тэматычнага» прынцыпу. Аб пакаранні парушальнікаў правоў чалавека, які б ні быў у іх пашпарт, дзе б яны ні жылі і дзе б ні мелі месца ўчыненыя ім дзеянні.

Рэжым глабальных санкцый ЕЗ у галіне правоў чалавека будзе прадугледжваць замарожванне банкаўскіх актываў і забароны на паездкі ў Еўразвяз.

Але, улічваючы значнасць ахопу юрысдыкцый (ЕЗ і асацыяваныя з ім краіны) і глабалізацыю, абмежаванне правоў параўнальнае для некаторых з класічным пазбаўленнем волі.

Прапанова Еўракамісіі пакуль толькі законапраект. Каб ён стаў законам ЕЗ, яго павінны ўзгадніць Еўрапарламент і Рада ЕЗ, якая прадстаўляе ўрады 27 краін. Але Еўрапарламент ужо не адзін год намагае на ўвядзенні «еўрапейскага спісу Магніцкага», а Рада ЕЗ на ўзроўні міністраў замежных спраў аднагалосна дала яму зялёнае святло ў снежні мінулага года. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах гішпанскі сацыяліст Барэль назваў тады правы чалавека відавочным прыярытэтам еўрапейцаў і асабіста ягонага мандата. Злашчасны каранавірус затрымаў працу заканадаўцаў і юрыстаў.

Так што, амаль няма сумненняў, што закон прымуць. На думку маіх крыніц ва ўстановах ЕЗ, да канца гэтага года.

Акт Магніцкага, які змяніў састарэлую папраўку Джэксана-Вэніка, падпісаў прэзідэнт ЗША Абама ў снежні 2012 года з мэтай пераследу расейскіх чыноўнікаў, прызнаных вінаватымі ў смерці расейскага юрыста Сяргея Магніцкага. Са снежня 2016 года Акт ужываецца для пакарання парушальнікаў правоў чалавека і карупцыянераў ва ўсім свеце.

Еўропа ж старалася традыцыйна ўводзіць санкцыі супраць замежных дзяржаў, у якіх парушаліся правы чалавека. З практычнага пункту гледжання гэта было часцяком адно і тое ж. Але не з юрыдычнага.

Са слоў высокапастаўленага дыпламата ў Брусэлі, прапанаваны новы рэжым дазволіць ЕЗ адрасна нацэльваць санкцыі на канкрэтных асобаў. Да таго ж ёсць злачынствы, якія нельга прыпісаць краіне, але за якія можна прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Тэматычны падыход можа прычыніць меншую шкоду стасункам ЕЗ з трэцімі краінамі, чым геаграфічныя санкцыі. Цяпер ЕЗ пазбягае санкцый супраць хаўруснікаў і эканамічных партнёраў (такіх як Савудаўская Арабія або Бахрэйн). І непазбежна атрымлівае абвінавачванні ў падвойных стандартах. Брусэль сутыкнуўся з выбарам паміж правамі чалавека і падтрыманнем стасункаў з Тэгеранам.

Пасля ўваходжання ў дзеянне новага рэжыму Еўразвяз хутчэй за ўсё зможа ўводзіць санкцыі не кансэнсусам, а кваліфікаванай большасцю. Гэта дапамагло б пазбегнуць сітуацый накшталт той, што паўстала гэтай восенню, калі маленькі Кіпр доўга блакаваў санкцыі супраць Беларусі, увязаўшы іх з важнай для яго пастановай што да Турцыі. Або сітуацый, калі асобныя чальцы ЕЗ не хочуць караць санкцыямі краіну, у якой у іх ёсць асаблівыя інтарэсы («Паўночны струмень – 2»). Тлумачачы гэта на прэс-канферэнцыі, намеснік старшыні Еўракамісіі Мараш Шэфчавіч спаслаўся на артыкул Лісабонскай дамовы. Калі Рады ЕЗ прыме аднагалосна нейкую прапанову Еўракамісіі, то можа вызначаць і надалей па ім выкарыстоўваць галасаванне кваліфікаванай большасцю. І тады можна абыйсці вета не толькі Кіпра.

«Таму што гэта адпавядае нашым каштоўнасцям і нашай адданасці ім, - сказаў выпускнік МДІМА славак Шэфчавіч. - Мы хочам падтрымліваць іх, і мы павінны мець аперацыйныя інструменты прававыкарыстання, калі спатрэбіцца».

Для хаўрусу 27 суверэнных краін галоўны галаўны боль - дамовіцца. Важная наяўнасць аднойчы ўзгодненага прававога механізму. Новы глабальны рэжым шмат у чым развяжа гэтую праблему. Ён не заменіць ўжо існых краінавых санкцыйных рэжымаў таксама за парушэнні правоў чалавека: у Сірыі, Беларусі ці Венесуэле. А санкцыі «за Навальнага» ўведзеныя ў рамках зусім іншага механізму: за ўжыванне хімічнай зброі. Але ў будучыні такія пастановы ЕЗ не будуць звязаныя з празмерным стрэсам на сустрэчах у вярхах.

І яшчэ вельмі важная акалічнасць. Упершыню паўнамоцтвы нагляду за выкананнем забароны на ўезд у ЕЗ прадстаўляюцца Еўракамісіі ў Брусэлі, а не міграцыйным органам у Берліне ці Парыжы. А яна кіруецца вяршэнствам права і ненавіснымі для расейскай прапаганды еўрапейскімі каштоўнасцямі, а не нацыянальнымі інтарэсамі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».