19 красавiка 2024, Пятніца, 6:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Newsweek: У Нагорным Карабаху ў гульню ўступае Іран

Newsweek: У Нагорным Карабаху ў гульню ўступае Іран

Баку і Ерэван звяртаюцца па дапамогу да іншага суседа.

Арменія дамагаецца падтрымкі Ірана ва ціску на Азербайджан. А Баку таксама высока шануе дыпламатычныя крокі з боку Ісламскай Рэспублікі.

Абодва бакі вайны ў Нагорным Карабаху ўпэўненыя, што гаранты ў асобе Францыі, Расеі і ЗША не робяць дастаткова, каб скончыць канфлікт на Поўдні Каўказа. Між тым, як піша Newsweek (пераклад – unian.net), баі не сціхаюць. І міністр замежных справаў Ірана Махамед Джавад Зарыфэ прапанаваў свайму азербайджанскаму калегу Джэйхуну Байрамаву арганізаваць трохбаковыя перамовы з удзелам Тэгерана, Масквы і Анкары.

Гэты механізм павінен дапоўніць ужо запушчаны працэс пад кіраўніцтвам так званай "Менскай групы", у якую ўваходзяць Францыя, Расея і ЗША. У каментары Newsweek амбасадар Арменіі ў Вашынгтоне Варужан Нерсісян адказаў на іранскую прапанову.

"Мы цэнім іранскі збалансаваны падыход і ягоныя намаганні ў пошуку мірнага развязання для канфлікту ў Нагорным Карабаху, які доўжыцца з 1991 года. Іран – суседняя краіна для Арменіі і Азербайджана. І ён таксама падзяляе мяжу з Рэспублікай Арцах", – сказаў армянскі дыпламат.

Самаабвешчаная "Рэспубліка Арцах" – гэта сэпаратысцкае ўтварэнне ў рэгіёне Нагорнага Карабаха, населенае ў асноўным этнічнымі армянамі. Міжнародная супольнасць ўважае гэтую тэрыторыю часткай Азербайджана, які спрабуе аднавіць сабе кантроль над ёй. Баку карыстаецца падтрымкай Турцыі – іншай суседкі з гістарычна дрэннымі стасункамі з Арменіяй. Ерэван спадзяецца, што Тэгеран дапаможа паменшыць ціск з боку Баку і Анкары.

"У пытанні перамоваў, якія маглі б скончыць з агрэсіяй у рэгіёне, на маю думку, Іран здольны выкарыстоўваць свае вагары ўплыву, каб стрымаць Азербайджан і пераканаць Турцыю не ўзмацняць агонь у Нагорным Карабаху", – сказаў Нерсісян.

Амбасадар Азербайджана ў Вашынгтоне таксама адрэагаваў на прапанову Ірана ўхвальна, пры гэтым выказаўшы расчараванне "Менскай групай".

У той самы час, апошнія 28 гадоў Менская група АБСЕ была пасярэдніцай у перамовах. На жаль, прагрэсу было няшмат", – сказаў амбасадар Элін Сулейманаў.

Newsweek піша, што Іран афіцыйна ўжо стаў на бок Азербайджана, з якім ён падзяляе шыіцкую веру. У Тэгеране заклікалі вывесці хрысціянскія армянскія сілы з Нагорнага Карабаха. У дадатак да рэлігійнай сувязі, у Іране таксама жыве шмат этнічных азербайджанцаў. Яны наладзілі маштабныя акцыі ў падтрымку Баку, што занепакоіла ўлады ў Тэгеране.

Іран таксама адмаўляў азербайджанскія абвінавачванні ў тым, што краіна дазволіла Расеі перапраўляць зброю ў Арменію праз сваю тэрыторыю. У сваю чаргу Баку таксама аспрэчвае абвінавачванні Тэгерана і Масквы ў тым, што ён адпраўляе на вайну баевікоў з Сірыі, якіх падтрымлівае Турцыя. Іран і Расея актыўна падтрымлівалі вайну сірыйскага рэжыму супраць апазіцыі. Але ў гэтай аперацыі яны каардынуюць свае дзеянні з Анкарой, якая падтрымлівае апазыцыйныя сілы. Цяпер расейскі і іранскі ўрад непакоіць з'яўленне сірыйцаў паблізу іх уласных межаў.

Іран адчувае, што вайна ў Нагорным Карабаху ўжо перакінулася на яго. Былі шматлікія паведамленні, што азербайджанскія беспілотнікі і армянскія снарады памылкова падалі на іранскай тэрыторыі. Гэта прымусіла іранскіх дыпламатаў і вайскоўцаў выступіць з папярэджаннем, што такія інцыдэнты будуць мець наступствы.

"Абарона бяспекі і міру іранскіх грамадзянаў, якія жывуць у памежных рэгіёнах, – гэта ключавая мэта Узброеных сілаў краіны. І калі абстрэлы прадоўжацца, Ісламская Рэспубліка Іран не застанецца абыякавай", – сказаў прэс-сакратар Мінабароны Ірана Саід Хатыбзадэх.

У той самы дзень іранскі ваенны аташэ палкоўнік Бахман Садэгін паказаў Арменіі на праблему абстрэлаў. Армянскі бок абвінаваціў ва ўсім сілы Азербайджана, якія нібыта наўмысна збіраюцца ля іранскай мяжы.

Іранскі амбасадар у Азербайджане Абас Мусаві таксама ўдзельнічаў у абмеркаванні вайны ў Нагорным Карабаху на азербайджанскай тэлевізіі. На наступны дзень ён заявіў, што Іран будзе ставіць на першае месца ўласныя інтарэсы, вызначаючыся з пазіцыяй у армяна-азербайджанскай вайне.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках