23 красавiка 2024, aўторак, 18:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Менску разгарнулі гіганцкі нацыянальны сцяг, ад якога ў захапленні ўвесь свет

9
Як у Менску разгарнулі гіганцкі нацыянальны сцяг, ад якога ў захапленні ўвесь свет

Беларусы замахнуліся на сусветны рэкорд.

У ЖК «Каскад», які ўжо праславіўся барацьбой за бел-чырвона-белыя сцягі, з'явіўся новы велічэзны бчб-сцяг памерам 71×36 метраў з прэтэнзіяй пабіць сусветны рэкорд. У захапленне ад маштабаў бчб-дыверсіі прыйшлі не толькі беларусы - на замежным форуме Reddit з'явілася некалькі топікаў і не адна сотня каментароў, у якіх замежнікі спрабуюць зразумець, як здолелі рэалізаваць такі праект, і захапляюцца адвагай беларусаў. The Village Беларусь перавёў самыя вясёлыя каментары і спытаў у жыхароў «Каскаду» пра тое, колькі часу і грошай яны выдаткавалі на гіганцкі сцяг і як змаглі яго выратаваць ад бязлітасных МНСнікаў.

— Мы наважылі вывесіць такі вялізны сцяг з дзвюма мэтамі. Па-першае, замахнуліся на сусветны рэкорд. Паглядзелі, што лічбы там не касмічныя і тэхнічна пабіць рэкорд рэальна, нават сіламі нашага ВК (хлопцы спаборнічалі са сцягам Flag Island у эміраце Шарджа, ААЭ, яго памеры — 70 на 35 метраў — заўв.). Па-другое, мы хацелі паказаць, што разам - мы сіла і здольныя пабіць усе рэкорды, у тым ліку сусветныя. Што нават грамадзянін Лукашэнка не можа сабе дазволіць падняць сцяг такога памеру, бо знаходзіцца ў меншасці. Фінансава і тэхнічна ён, вядома, можа гэта зробіць, але такі ўчынак выклікаў бы народны гнеў. Таму такога ён сабе дазволіць не можа. Максімум, што ён можа сабе дазволіць - гэта павесіць сцяг у 26 разоў меншы, чым наш - гэта ягоная мяжа. Гэта амаль як суадносіны 97 да 3 адсоткаў.

Шылі сцяг амаль два тыдні, натуральна, не ў хатніх умовах. Для гэтага былі прыцягнутыя сілы вытворчага дабра. Пашыць сцяг такіх памераў - тэхнічна складаная аперацыя - палатно вельмі цяжка разгортваць і перамяшчаць ва ўмовах невялікага памяшкання.

Белая частка сцяга зробленая са спанбонду, чырвоная - з ізаляцыйнага матэрыялу для даху. Ён важыць амаль 200 кг. Агулам на ўсю аперацыю мы выдаткавалі амаль 2500 рублёў, з якіх 1700 - кошт самога сцяга.

Сцяг паднімалі ўверх 8 чалавек, як менавіта - пакінем за дужкамі. Аперацыя складаная, таму мы наважылі гэта рабіць раніцай выхаднога дня, калі большасць людзей, у тым ліку жыхары нашага ЖК, яшчэ спіць. Спачатку нацягнулі металічны трос паміж вежамі. Зрабіць гэта правільна няпроста. Гэта досыць масіўная канструкцыя, і важна, каб трос не правісаў. Сцяг адразу мацаваўся карабінамі, а потым з процілеглай вежы яго выцягвалі на вяроўкі. Ад таго моманту, калі яго пачалі выцягваць, да апошняй стадыі мінула дзесьці 10-15 хвілін.

У працэсе мы дапусцілі тэхнічную памылку, таму сцяг не ўдалося цалкам разгарнуць - не ўлічылі фізіку. Калі адзін бок сцяга апусціў, ён раптам пачаў разгортвацца, а другі бок, які ў гэты час яшчэ быў на даху, паводле законаў фізікі, пачаў заварочвацца ў іншы бок. Досведу вывешвання такіх сцягоў яшчэ не было, таму мы гэтага не ўлічылі.

Вывесілі прыкладна а 7 раніцы. Ужо праз пару хвілін пасля з'яўлення сцяга, у чатах пачалі з'яўляцца ягоныя фатаграфіі і не дзіўна - сцяг такіх памераў складана не заўважыць, я ўпэўнены, яго было відаць нават з рэзідэнцыі Лукашэнкі. Праз 15 хвілін пасля з'яўлення сцяга пад вежай ужо стаяла машына Дэпартаменту аховы, а праз гадзіну прыехалі МНСнікі.

Яны падняліся на дах, убачылі металічны трос і нічога лепш не прыдумалі, чым проста яго зрэзаць — нават не падумалі пра бяспеку жыхароў і іх маёмасць (адну спадарожнікавую антэну ледзь сцягам не вырвала). Пасля гэтага сцяг павіс на адной вежы і нарэшце, як і патрэбна, разгарнуўся, пачаў развівацца на ветры, зачапіўшыся за некалькі кандыцыянераў і спадарожнікавых талерак. Супрацоўнікі МНС перайшлі на іншую вежу, сапсаваўшы нам па шляху адліў. Мяркуючы з працяглай замінкі, яны паспрабавалі зацягнуць сцяг наверх, але беспаспяхова. І тады наважылі зрэзаць трос з другога боку. Сцяг пачаў падаць, але павіс на ўзроўні 14 паверха, зачапіўшыся то за кандыцыянер, то за спадарожнікавую талерку. У гэты момант да аперацыі выратавання падключыліся некаторыя суседзі, якія прачнуліся, і дапамагалі, як маглі - паадчынялі вокны і ўчапіліся за сцяг рукамі, каб не даць яго забраць супрацоўнікам МНС. Гэтыя хлопцы спусціліся ўніз, прызналіся ва ўласным бяссіллі пацягнуць 200-кілаграмовы сцяг і з’ехалі пад незадаволеныя крыкі жыхароў.

Прычым, паспрабавалі гэта зрабіць у абыход, каб максімальна сысці незаўважанымі — яны ўсе вельмі баяцца. Аднойчы яны палезлі на наш дах з бензарэзам здымаць іншы сцяг. У гэты час з кватэры выйшаў хтосьці з суседзяў, і за ім гучна грукнулі на лесвіцы дзверы. Гэтыя хлопцы так спалохаліся, што замкнуліся на ключ на даху і некаторы час баяліся адтуль выходзіць. Насамрэч, сярод супрацоўнікаў МНС вельмі шмат тых, хто на нашым баку — яны ўвесь час зліваюць нам інфармацыю аб падрыхтоўцы «спецаперацый» і расказваюць, што займацца здыманнем сцягаў у іх там пагаджаецца абсалютная меншасць. Яе нават аб'ядналі ў, так бы мовіць, «зондэркаманду», якая займаюцца толькі гэтай лухтой. Гэтыя хлопцы прыязджаюць яшчэ больш замаскаванымі, чым сілавікі, бо баяцца не толькі асуджэння жыльцоў, але і сваіх калегаў.

Пасля сыходу супрацоўнікаў МНС жыхары, якія трымалі сцяг з кватэр, адпусцілі яго, а тыя, якія былі ўнізе, згарнулі яго ў трубачку — зрабіць гэта было няпроста, бо сцяг развіваўся на ветры і адну жыхарку ў працэсе на секунду падняло ўверх парывам ветру. Пасля гэтага склалі і аднеслі сцяг у кватэру аднаго з жыхароў. Цяпер наша мэта - улічыць тэхнічныя памылкі і вывесіць сцяг зноў, каб усё ж пабіць сусветны рэкорд, хоць афіцыйна яго зафіксаваць мы зможам, вядома, ужо толькі пасля перамогі.

Каментары на Reddit

12D_D21: Гэты сцяг можа і вялікі, але яйкі ў гэтых хлопцаў большыя.

AUGUSTIJNcomics: Адназначна, гэтым хлопцам дапамагло, што яны жывуць не ў Турменістане.

Iamrifki: Каб зрабіць такі сцяг, ім спатрэбіўся б дыван.

Сцяг Туркменістана:

middlemanmark: Гэта сапраўдны сцяг? Я адчуваю, што ён вырве з фасада абліцоўванне.

iamthesenateX: Мегафлаг у мікрараёне. Ідэальны баланс.

BronzeHeart92: Ды гэтыя хлопцы проста цяпер насміхаюцца з Лукашэнкі, і падштурхоўваюць ягоных галаварэзаў прыйсці і падпаліць сцяг!

Altazaar: Выглядае страшна. Уяўляю, што ён павольна падае на мяне. Жудасць!

AdaptedMix: Каб выбрацца з-пад яго, спатрэбіцца цэлая вечнасць. Як велізарная версія парашута на дзіцячай пляцоўцы.

AdaptedMix: Учора я глядзеў антываенны фільм «Ідзі і глядзі» , і ў канцы яго згадваецца пра «628 беларускіх вёсак, спаленых дашчэнту разам з усімі жыхарамі» падчас Другой сусветнай вайны. Потым, вядома, прыйшла савецкая ўлада. Гэта проста нагадала мне пра ўсё лайно, праз якое прайшла Беларусь у мінулым стагоддзі. Але краіна прайшла доўгі шлях, і я спадзяюся, што з усіх гэтых пратэстаў супраць Лукашэнкі выйдзе нешта добрае.

Drunken-Barbarian: Дзе, урэшце, яны дасталі такі вялікі сцяг?

Такім пытаннем задавалася некалькі ўдзельнікаў дыскусіі. Вось якія самыя папулярныя версіі прыляталі ім у адказ:

incognitomus: Белая тканіна + чырвоная тканіна + белая тканіна. Сшыць разам. Гатова

lerrigatto: Я б выказаў здагадку, што некалькі чалавек з гэтага дома шылі гэты сцяг некалькі дзён.

MlackBesa: Мяне больш цікавіць, як яны паднялі гэты сцяг у кватэру. Нават калі тканіна вельмі тонкая (мабыць так, раз яна прасвечвае), гэта ўсё адно 3 велізарныя рулоны тканіны, якія трэба змясціць у ліфт.

intergalacticspy: Гэта класічны дызайн сцяга: усё, што вам трэба, - гэта палатно белай тканіны, палатно чырвонай тканіны і яшчэ адно палатно белай тканіны і швейная машына. Нават нажніцы не спатрэбяцца.

SatyrTrickster: Ты ўсё ўскладняеш. Адно палатно белай тканіны і балончык з чырвонай фарбай.

OhMetalGalaxy: гэта, імаверна, спанбонд, звярніце ўвагу, што праз яго відаць неба. Людзі набываюць яго ў вялікіх рулонах для саду, таму яго лёгка знайсці. І гэта танна.

etan-tan: Сцягі - гэта не проста кавалкі тканіны, гэта сімвалы.

TemporarilyDutch: Ваў, чувак, глыбока.

muscledhunter: Мне спатрэбілася хвіліна, каб зразумець, наколькі ён велізарны напраўду. Мой тупы мозг спачатку думаў, што сцяг звычайнага памеру і проста на пярэднім плане фатаграфіі. Але ён жа велічэзны!

AtrixStd: Дааааа. Калі Лукашэнка гэта ўбачыць, ён скажа: fck, я сыходжу.

varatoman: Так шмат пытанняў, як яны яго зрабілі, як яны яго там павесілі і што такое мікрараён?!

Paclord404: Выбачайце тупому амерыканцу (напраўду я канадзец, але гэта тое ж самае, калі гаворка заходзіць пра еўрапейскую палітыку.) Гэта добрая рэч?

level 2: Людзі спрабуюць пазбавіцца ад дыктатара.

Paclord404: Я ведаю пра гэта, і што гэты сцяг ім дапамагае?

Templar-kun: Гэты сцяг - сімвал супраціву дыктатуры.

Paclord404: Ну, тады ўзрушаюча!

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках