19 красавiка 2024, Пятніца, 4:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым лечаць каранавірус у Беларусі і як да гэтых прэпаратаў ставяцца ў свеце

12
Чым лечаць каранавірус у Беларусі і як да гэтых прэпаратаў ставяцца ў свеце

Асноўныя прэпараты ад COVID-19 у нашай краіне ўжо даўно не выкарыстоўваюць у свеце.

Міністэрства аховы здароўя абнавіла загад аб вядзенні пацыентаў з COVID-19, але падыходы да падбору лекаў не змяніла. Нават з улікам іх спрэчнай рэпутацыі ў развітых краінах. Новую рэдакцыю загаду «Аб наданні медыцынскай дапамогі пацыентам з COVID-19» зацвердзіў выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

«Еўрарадыё» прааналізавала, якімі лекамі ў Беларусі лечаць пацыентаў з COVID-19 і якія звесткі аб гэтым прэпараце ёсць у замежных навукоўцаў.

САЗ ужо адмовілася ад прэпарата, а Беларусь - не

Адным з асноўных прэпаратаў ад каранавіруса ў Беларусі застаецца гідраксіхларахін - прэпарат, які звычайна выкарыстоўваецца пры малярыі.

Але ў свеце ім перасталі лячыць пацыентаў з каранавірусам яшчэ ўлетку: у канцы траўня САЗ прыпыніла даследаванні прэпарата і назвала яго неэфектыўным. Неэфектыўнасць пацверджаная вялікім міжнародным даследаваннем «Салідарнасць», вынікі якога былі апублікаваныя тыдзень таму. Згодна з імі, гідраксіхларахін не зніжае смяротнасць сярод хворых, а таксама не набліжае іх выздараўленне.

Да таго ж Управа санітарнага нагляду за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў (FDA) забараніла выкарыстанне гідраксіхларахіна сярод пацыентаў з каранавірусам не толькі праз адсутнасць эфекту, але і з прычыны рызыкі. Выяўляецца, прэпарат можа выклікаць праблемы з сардэчным рытмам, што вельмі небяспечна для хворых на каранавірус.

Гэта значыць, у развітых краінах ад гідраксіхларахіна папросту адмовіліся, але ў Беларусі (а таксама і ў Расеі) яго захоўваюць у клінічных пратаколах. Праўда, Міністэрства аховы здароўя ўсё ж трохі зменшыла патрэбную дозу гэтых лекаў: цяпер на дзень іх прапануюць прымаць не 600 мг, а 400 мг. Ужо штосьці!

ПАЛЯВЫ ШПІТАЛЬ У ШТАЦЕ ВІСКОНСІН, ЗША, 12 КАСТРЫЧНІКА 2020
ФОТА: REUTERS

У Еўразвязе і ЗША COVID-19 лечаць фавіпіравірам, вядомым яшчэ як «авіган». У Беларусь гэты прэпарат летам пастаўляла Расея - там пачалі яго вытворчасць пад назвай «авіфавір». Без лішняй сціпласці вытворца адразу паказвае ў інструкцыі на магчымую эфектыўнасць пры каранавірусе.

Са слоў навукоўцаў, пэўную эфектыўнасць фавіпіравір мае толькі ў лёгкіх і сярэднецяжкіх выпадках праходжання інфекцыі. Але ў Беларусі яго даюць адразу толькі тым, хто знаходзіцца ў сярэднецяжкім стане. Дарэчы, у адкрытай базе зарэгістраваных у краіне лекаў фавіпіравіра няма.

Некаторыя даследаванні сцвярджаюць, што эфектыўным можа быць і падобны на фавіпіравір прэпарат рэмдэсівір (ім таксама лечаць у Еўразвязе і ЗША), які ў Беларусі не выкарыстоўваецца. Але ж і гэта вельмі спрэчна: САЗ, да прыкладу, мяркуюць, што яго эфекты могуць быць мінімальнымі.

Нешта працуе, штосьці не

Пры пэўных умовах беларускія медыкі лечаць пацыентаў з каранавірусам і тацылізумабам – імунадэпрэсантам, які звычайна даюць хворым на артрыт. Але нават вытворцы гэтага прэпарата ўжо заявілі пра тое, што ўжываць яго ў выпадку з COVID-19 амаль бессэнсоўна.

Ёсць у заходніх пратаколах і больш перспектыўны прэпарат - дэксаметазон з класа корцікастэройдаў. Згодна з вынікамі даследаванняў, сярод цяжкіх хворых смяротнасць з гэтым прэпаратам памяншаецца на 35%! Было б нядрэнна, калі б лекары да яго прыгледзеліся.

Час ад часу выкарыстоўваюць беларускія лекары і антыбіётыкі - вядома ж, не ад віруса, а для таго, каб да віруснай інфекцыі не дадавалася бактэрыяльная. Ёсць у спісе і іншыя «неспецыфічныя» лекі - напрыклад, гепарын для разрэджвання крыві ці парацэтамол ад тэмпературы. Таму пытанне іх выкарыстання ў гэтым сэнсе другаснае.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках