У ПВТ значна скараціўся прыток замежных спецыялістаў
9- 22.10.2020, 16:14
- 27,346
Амаль у 14,4 разоў!
У беларускім Парку высокіх тэхналогій імклівае падзенне тэмпаў найму замежных спецыялістаў. У трэцім квартале 2020 года колькасць замежнікаў, якія прыехалі для працы ў ПВТ, скарацілася ў параўнанні з двума першымі кварталамі амаль у 14,4 разы, паведамляе office life.
Паводле звестак Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС, у трэцім квартале для працы ў ПВТ у нашу краіну заехалі 52 чалавекі. Пры гэтым у першым паўгоддзі быў адзначаны значны рост найму ў кампаніі ПВТ замежных спецыялістаў да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Усяго за студзень - чэрвень тут прынялі 751 спецыяліста, плюс 40%.
За 2019 год для работы ў ПВТ у Беларусь прыехаў 1 271 чалавек.
Між тым прадаўжаецца адток беларускіх ІТ-спецыялістаў за мяжу, распачаты пасля прэзідэнцкіх выбараў - 2020. Паводле інфармацыі намесніка кіраўніка Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны Аляксандра Барнякова, ва Украіну дзякуючы праекту IT Relocate Belarus ужо пераехалі дзясяткі беларускіх IT-кампаній. Адзін толькі Wargaming перавёз некалькі сотняў супрацоўнікаў.
Свой офіс адкрывае ў Кіеве PandaDoc, чацвёра супрацоўнікаў якой былі арыштаваныя пасля таго, як заснавальнік кампаніі прапанаваў фінансавую дапамогу беларускім сілавікам, што адмовяцца ад службы.