24 красавiка 2024, Серада, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы знайшлі яшчэ адзін невядомы орган чалавечага цела

Навукоўцы знайшлі яшчэ адзін невядомы орган чалавечага цела
ФОТА: NETHERLANDS CANCER INSTITUTE

Аб яго існаванні ніхто раней не падазраваў.

У наш час выяўленне ў чалавека новага органа - велізарная рэдкасць, аднак і падобнае здараецца. Так, нядаўнія даследаванні паказваюць на тое, што брыжэйка, якая перш уважалася толькі за сродак прымацавання ўнутраных органаў, выступае паўнавартасным органам сама па сабе, піша naked science.

У новым артыкуле, апублікаваным у часопісе Radiotherapy and Oncology, паведамляецца пра больш цікавую знаходку: пару буйных слінных залоз, якія хаваюцца глыбока, амаль у цэнтры галавы. Адкрыццё зрабіла каманда Войтэра Фогеля (Wouter Vogel) з Нідэрландскага інстытута рака.

ТРУБНЫЯ СЛІННЫЯ ЗАЛОЗЫ НА ПЭТ-КТ
ФОТА: VALSTAR ET AL., 2020

Медыкі праводзілі працэдуры ПЭТ-КТ пацыенту з ракам прастаты: гэта дазваляе выявіць і візуалізаваць пухліну ў арганізме, выкарыстоўваючы пазначаную радыеактыўнымі ізатопамі глюкозу. Яна актыўна паглынаецца не толькі пухлінай, але і некаторымі органамі, робячы іх прыкметнымі на здымках. У іх ліку - буйныя пары слінных залоз, якіх у чалавека налічваюць тры: калявушную, падсківічную і пад'язычную.

Зразумела, асобныя слінныя залозы сотнямі рассеяныя ў насаглотцы і верхніх аддзелах стрававальнага тракту, але яны не ўтвараюць навал і без мікраскопа нябачныя. Аднак Фогель і ягоныя калегі заўважылі чацвёртую пару буйных залоз, якая хаваецца ў глыбіні насаглоткі, за трубным валікам (Torus tubarius).

Навукоўцы назвалі гэтыя залозы трубнымі (tubarial). Яны знаходзяцца амаль у геаметрычным цэнтры чэрапа, бліжэй да яго асновы. Магчыма, менавіта дзякуючы такому нязручнаму размяшчэнню залозы дагэтуль заставаліся незаўважанымі.

Іх прысутнасць пацвердзілі дадатковым сканаваннем ПЭТ-КТ на прыкладна сотні пацыентаў, а таксама пры ўскрыцці двух целаў - мужчынскага і жаночага. Іх трубныя слінныя залозы здолелі разгледзець і пад мікраскопам, прыкмеціўшы выходныя пратокі. Аўтары мяркуюць, што залозы забяспечваюць змазку і абарону насаглоткі і зяпы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках