28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Карбалевіч: Так мітусяцца толькі слабыя і няўпэўненыя

25
Валер Карбалевіч: Так мітусяцца толькі слабыя і няўпэўненыя
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ
ФОТА: DW

Аб чым кажа скасаванне праўладнага мітынгу ў Менску.

Апошні раз перад цяперашнім крызісам кіроўны рэжым збіраў мітынгі ў сваю "падтрымку" ў 1996 годзе, піша палітолаг Валер Карбалевіч у артыкуле на "Радыё Свабода".

Тады ён змагаўся з апанентамі за ўстанаўленне аўтарытарнага рэжыму, і яму патрэбная была падтрымка грамадства. Таму быў уключаны механізм палітычнай мабілізацыі прыхільнікаў у выглядзе мітынгаў.

Пасля таго, як жаданае было дасягнутае, патрэба Лукашэнкі ў публічнай "грамадскай падтрымцы" знікла. Асноўнай апорай стаў дзяржаўны апарат. Быў уключаны механізм дэмабілізацыі. Улады штучна стваралі атмасферу дэпалітызацыі, атамізацыі грамадства.

Усе выбары ўлады імкнуліся правесці па-за палітычнай плашчынёй, як тэхнічную працэдуру. Апошнім часам нават прыход грамадзянаў на ўчасткі для галасавання не быў патрэбны, выбарчая машына сама давала патрэбны вынік.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Лукашэнка таксама не бачыў неабходнасці мабілізаваць свой "электарат". Былі толькі два кволыя пікеты ў Менску. Стаўка звыкла рабілася на бездакорную працу дзяржаўнага апарату, выбарчай машыны і АМАПу.

І толькі калі народ выйшаў на вуліцу, улада апамяталася. І пачала рабіць тое, чаго не толькі не рабіла чвэрць стагоддзя, але і з чым змагалася. Гэта значыць, ўключыла рэжым мабілізацыі сваіх "прыхільнікаў".

Атрымалася непераканаўча. Колькасць людзей, якіх улады змаглі загнаць на праўладныя мітынгі, была несувымернай з колькасцю добраахвотных удзельнікаў пратэсту. Вядома, што калі інструмент доўгі час не ўжываецца, то ён іржавее.

І самае галоўнае. Вось пракурор Менска Алег Лаўрухін у эфіры тэлеканала СТВ 18 кастрычніка заявіў, што праўладныя мітынгі не падпадаюць пад дзеянне закона "Аб масавых мерапрыемствах" , бо яны арганізуюцца на ініцыятыву дзяржаўных органаў. Ніякага асаблівага сакрэту ён не адкрыў, аднак прызнанне паказальнае.

Гэта значыць, праўладныя мітынгі праводзяць улады, мабілізуючы супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату і часткова бюджэтнікаў для падтрымкі самой улады. Гэта значыць, самі для сябе.

Значыць, гаворка ідзе пра суцэльную імітацыі «народнай падтрымкі». Прычым усе разумеюць, што гэта імітацыя. Гэта разумее тая антылукашэнкаўская большасць, якая выходзіць на акцыі пратэсту. Гэта добра разумее наменклатура, якая сама іх арганізуе.

Тады навошта і для каго праводзіцца гэтая імітацыя?

Тут варта адзначыць, што ўся дзяржаўная сістэма цалкам заснаваная на імітацыі.

У Беларусі няма нармальнага парламента, мясцовых саветаў, Канстытуцыйнага суда, судовай сістэмы, прафсаюзаў, выбараў і шмат чаго іншага. Ёсць толькі іх сурагаты. Для такой сістэмы імітацыя - норма.

Думаю, запланаваны мітынг павінен быў стварыць патрэбную карцінку для двух адрасатаў. Перш за ўсё для тых людзей, якія атрымліваюць інфармацыю з БТ. І для самога Лукашэнкі. Мабыць, ягонае асяроддзе імкнецца стварыць ілюзію, што ён яшчэ мае "падтрымку" народа.

Чаму ж скасавалі запланаваны на нядзелю мегамітынг? Зразумела, спасылку на каранавірус ніхто не ўспрымае сур'ёзна. Бо калі планавалі мітынг, то хіба ўлады нічога не ведалі пра небяспеку пандэміі? Думаю, існуе некалькі прычын, якія не супярэчаць адна адной.

Магчыма, улады палічылі магчымую колькасць удзельнікаў праўладнага мітынгу і прыйшлі да высновы, што іх будзе менш, чым на альтэрнатыўнай акцыі апанентаў Лукашэнкі. І гэта магло мець адмоўны эфект.

Прымусовая мабілізацыя людзей пад пагрозай звальнення з працы магла выклікаць канфлікты ў працоўных калектывах. Шмат работнікаў адмаўляліся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Гэта значыць, мітынг мог выклікаць дадатковую канфліктную сітуацыю ў грамадстве, што на фоне наэлектрызаванай атмасферы стала б дадатковым фактарам незадаволенасці рэжымам.

Дзве масавыя акцыі ў адным горадзе маглі б выклікаць сутыкненні паміж іх удзельнікамі.

Акрамя таго, у калону пад чырвона-зялёнымі сцягамі маглі пракрасціся людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі ды сапсаваць усю гульню. Заклікі гэта зрабіць ужо гучалі ў сацыяльных сетках.

Нешта такое адбылося ў Румыніі ў 1989 годзе. Тагачасны дыктатар Мікалай Чаўшэску сабраў мітынг у сваю падтрымку. Але неўзабаве мітынгоўцы сталі крычаць антыўрадавыя лозунгі, і Чаўшэску павінен быў бегчы. Небяспека паўтарэння той гісторыі, магчыма, і спыніла ініцыятараў праўладнага мітынгу.

З увагі на тое, што праўладны мітынг прайшоў бы пад аховай міліцыі, разганяць, хапаць, біць удзельнікаў альтэрнатыўнай акцыі пратэсту выглядала б вельмі непрыгожа. Гэта звязвала АМАПу рукі. А цяпер развязаныя рукі.

Нарэшце, зусім канспіралагічная версія. Магчыма, скасаванне праўладнага мітынгу звязанае з учорашнім візітам у Менск дырэктара Службы замежнай выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна.

Магчыма, ён прывёз Лукашэнку пасланне ад Пуціна і, магчыма, змест яго быў прыкладна такім: трэба ўжываць захады, каб разрадзіць палітычную атмасферу ў краіне, шукаць згоду, а не ствараць дадатковыя падставы для росту палітычнага напружання, абвастрэння канфлікту.

У кожным выпадку спачатку спроба арганізацыі мегамітынгу, а потым яго скасаванне сведчаць аб няўпэўненасці, слабасці існага рэжыму. Моцныя і ўпэўненыя так не мітусяцца.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках