24 красавiка 2024, Серада, 14:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час слухаць беларусаў

Час слухаць беларусаў
НА РЭПЕТЫЦЫІ СПЕКТАКЛЯ «ДЗЯДЫ» Ў БЕРАСЦЕЙСКІМ АКАДЭМІЧНЫМ ТЭАТРА ДРАМЫ
ФОТА: ВОЛЬГА КЛІМУК

Польскі рэжысёр Павел Пасіні падзяліўся сваімі ўражаннямі пра падзеі ў Беларусі.

Польскі рэжысёр Павел Пасіні ў 2015 годзе паставіў у Берасцейскім акадэмічным тэатры драмы «Дзядоў» Адама Міцкевіча. Цяпер ён дзеліцца запісам спектакля, узгадвае працу з беларускімі акторамі і распавядае пра свае ўражанні ад цяперашніх падзей.

Маналог рэжысёра апублікавала выданне «Новая Польшча»:

«Калі гэтым летам я ўбачыў шматтысячныя акцыі пратэсту, якія ахапілі ўсю Беларусь, то не здзівіўся. Тое, што гэта павінна было адбыцца, я вельмі выразна адчуў пяць гадоў таму. Таму, калі сусветныя СМІ пачалі публікаваць відэа і фота з пратэстаў, я падумаў толькі: нарэшце!

ФОТА З САЙТА: NOVAYAPOLSHA.PL

У 2015 годзе Берасцейскі акадэмічны тэатр драмы прапанаваў мне супрацоўніцтва. Разуменне, што ставіць трэба менавіта «Дзядоў» Адама Міцкевіча, прыйшло даволі хутка. Мяне заўсёды захапляла тое, што Міцкевіч - агульная для нашых народаў постаць. Колькі ў ім польскасці? Колькі ў ім беларускасці? Беларусь і Польшча - мы вельмі блізкія, мы вельмі звязаныя, таму паставіць разам з беларусамі твор, упісанае ў ДНК польскага тэатра, польскай культуры, польскай самасвядомасці, здалося мне правільнай пастановай. Міцкевіч як медыум: ён дапамагае нам закранаць складаныя тэмы, асэнсоўваць наша стаўленне да гісторыі, да зямлі, на якой мы жывем.

Акторы і тэкст

Мы пачынаем працу. Я моцна здзіўлены высокім прафесійным узроўнем беларускіх актораў і аператараў, якія рыхтуюцца да здымкі пастаноўкі. Мяне дзівяць людзі, якія праводзяць розныя нізавыя акцыі, водзяць нас па горадзе, дапамагаюць збіраць матэрыялы для спектакля.

Першапачаткова акторы хочуць граць «Дзядоў» па-расейску. Пераконваюць, што ў Беларусі большасць гаворыць на гэтай мове, таму так будзе больш зразумела. На першую рэпетыцыю я прыношу два пераклады: расейскі і беларускі.

Акторы пачынаюць чытаць па-расейску, потым праглядаюць беларускі тэкст і адразу разумеюць, што другі варыянт ім бліжэйшы. Так, гледачу прасцей было б успрымаць расейскую, але трупа прыходзіць да высновы, што граць «Дзядоў» па-беларуску больш правільна і слушна. Яны лепш адчуваюць гэты тэкст, ён па-іншаму гуляе фарбамі, больш арганічна гучыць.

Я ў захапленні ад актораў. Яны вельмі прафесійна працуюць з тэкстам, мудра разважаюць пра сваю гісторыю, крытычна глядзяць на тое, што цяпер адбываецца ў іх краіне.

Крывая сістэма

Яшчэ да пачатку рэпетыцый дырэкцыя тэатра спрабуе мяне пераканаць, што ў беларускай версіі «Дзядоў» няма трэцяй часткі паэмы. Што гісторыю пасланага Аляксандрам I сенатара Навасільцава, які ўжывае рэпрэсіі, саджае людзей за краты, адпраўляе цвет студэнцтва ў ссылку, не пераклалі. Наша перапіска доўжыцца паўгода, пасля чаго я звязваюся з Сержам Мінскевічам, які дзевяць гадоў перакладаў «Дзядоў». Трэцяя частка, вядома ж, ёсць. Мы пачынаем працаваць з тэкстам, але дырэктар тэатра выклікае мяне ў кабінет і хоча, каб мы выдалілі некаторыя занадта вострыя, на ягоную думку, фрагменты. Я цягну час, выдаю сябе за ідыёта і ў канчатковым выніку ўсё пакідаю як было. Я не магу зразумець, чаму ў такім састарэлым фальварку, у такой крывой сістэме працуюць такія выдатныя акторы.

2020 год

Трэцяя частка «Дзядоў» разыгрываецца на вуліцах Беларусі. Сенатар Навасільцаў, сучасны Ірад, жыве ў раскошы, а беларусаў тым часам збіваюць, дапытваюць, забіваюць. Улада гвалтуе свой народ, не разумеючы адной важнай рэчы: беларусы мудрэйшыя, чым яна. Яны мацнейшыя за сістэму, якая іх атачае. Рэчаіснасць не адпавядае таму, чаго беларусы хочуць, у што яны вераць, таму яна абавязкова зменіцца. Так, Навасільцавы могуць выбіць людзям зубы, але яны не змогуць прымусіць усіх маўчаць.

НА РЭПЕТЫЦЫІ СПЕКТАКЛЯ «ДЗЯДЫ» Ў БЕРАСЦЕЙСКІМ АКАДЭМІЧНЫМ ТЭАТРЫ ДРАМЫ. ФОТА: ВОЛЬГА КЛІМУК

У гэтыя гістарычныя дні я хачу выкласці ў адкрыты доступ відэаверсію нашага польска-беларускага спектакля «Дзяды. Берасцейская цытадэль », якую мы зрабілі тады, пяць гадоў таму, пры падтрымцы Польскага інстытута ў Менску і Інстытута Адама Міцкевіча. Гэтая пастаноўка нагадвае нам аб справядлівасці, свабодзе, аб тым, што чалавек можа змагацца нават за кратамі.

У ЕЗ любяць паўтараць, што за ўсходняй мяжой Польшчы жывуць людзі, якія прывыклі да дыктатуры, любяць моцную руку. Гэта не праўда. Мы з адной гліны. Толькі воляй выпадку многія з нас апынуліся па розныя бакі межаў.

Хачу я сёння нешта сказаць беларусам? Сёння я хачу іх слухаць. Цяпер беларусы нагадваюць нам усім аб свабодзе, справядлівасці, барацьбе за свае правы, прымушаюць задаць сабе пытанне, ці гатовыя мы бараніць нашы ідэалы і каштоўнасці. Вельмі спадзяюся, што яны ўсё здолеюць».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках