25 красавiка 2024, Чацвер, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэжавю

22
Дэжавю
ФОТА: CARDIO.BY

Вядомы беларускі кардыёлаг Аляксандр Мрочак - пра тое, што адбываецца ў краіне.

Вядомы беларускі кардыёлаг, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, былы дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак выклаў tut.by меркаванне, якое назваў «Дэжавю». Падаём яго цалкам.

- Што адбываецца? Напэўна, адно з часта задаваных пытанняў апошнім часам. Такое ўражанне, што мы ўжо сустракаліся ў сваім жыцці з тым, што адбываецца.

Вывучаючы падчас навучання ў медычным інстытуце гісторыю партыі камуністаў, разнастайныя марксізм і матэрыялізм, мы навучыліся ганьбіць амэрыканскі макартызм, забароны на прафесіі, паляванне на вядзьмарак, слёзны газ, дубінкі, кайданкі ды іншыя атрыбуты «нянашага» грамадства, сутыкнуліся з тым, што гэта усё раптам пагрукала ў дзверы нашых дамоў.

Ёсць розныя прафесіі ў грамадстве - «выбірай пад густ». Ёсць такая прафесія - Радзіму абараняць! А значыць - Радзіму гвалтаваць, збіваць, нявечыць, прычыняючы ёй боль і невыносныя пакуты, выкарыстоўваючы спецыяльныя сродкі, якія Радзіма ёй і ўручыла. Нават баявую зброю дала, якую абяцаюць выкарыстаць «гуманна»! Гуманна - гэта як: знявечыць, каб застаўся жывы, або насмерць, каб не пакутаваў?

Але ёсць прафесія, якую калісьці абраў і я - лекар.

Для яе прадстаўнікоў кроў, траўма, боль і пакуты - кіраўніцтва да дзеяння, кіраўніцтва да неадкладнай дапамогі, аблягчэння стану. Лекар, як кажуць, на гэта «напрактыкаваны». У лекара гэтая рэакцыя ўжо, калі хочаце, на генетычным узроўні, выхаваная ў лекарскіх дынастыях, на прыкладзе літаратурных герояў, сапраўдных вобразах. Клятва Гіпакрата для лекара не пустыя словы, а спалучэнне ўнутранай гуманістычнай культуры і дзеянняў. Не заробак (памер якога вы добра ведаеце), а здзяйсненне дадзенай лекару гуманітарнай місіі ў грамадстве - збавенне ад болю і пакуты ўсіх яго прадстаўнікоў.

Сённяшняя вострая рэакцыя медыкаў, накіраваная супраць гвалту, зразумелая і вытлумачальная. Перашкаджаць гэтай рэакцыі ўсякімі метадамі - гэта перашкаджаць развіццю прафесіі, гэта фактычна знішчыць яе.

Натуральна, і ў нашым асяроддзі не без выроду. Самае дно прафесійнага вычварэнства - доктар Мэнгеле з Асвенцыма - класіка садысцкіх схільнасцяў. Для такога «лекара» крыкі і стогны - нябесная музыка, ад якой ён атрымлівае каласальнае задавальненне. Нездарма такія асобіны знаходзяць сабе месца ў асяроддзі фашызму, бандытызму, маральнага выроду.

Не хочацца верыць, але ёсць сёе-тое з дамарослага.

Старшыня сталай камісіі адукацыі, навукі, культуры і сацыяльнага развіцця савета рэспублікі нацыянальнага сходу Беларусь, лекар акушэр-гінеколаг Віктар Лісковіч заяўляе аб калатні 9-10 жніўня і кажа: «... варта было дзейнічаць больш жорстка». Чытай: больш балюча, мацней, больш крывава. Гэта прадукт айчыннага вырабу са знакам «абаронца народа».

Незнарок прапануе ўціхамірваць крыклівых немаўлят, нованароджаных грамадзян Беларусі якім-небудзь задушлівым спосабам або плескачом дубінкі. Гэта лекар, якога або размарыла ў цёплым парламенце або генетыка не тая?!

За пратэставы выхад будучых медыкаў на вуліцы звольнілі рэктараў медыцынскіх ВНУ. Матыў – брак патрыятызму ў студэнтаў. Уласна, пра які патрыятызм ідзе гаворка? Любоў да Радзімы або да тых, хто ёю кіруе?

Лекар робіць сваю справу - лечыць людзей і ўсё!

Вядома, праз нейкі час, магчыма, ужыўшы пэўныя намаганні ў ідэалагічнай дзейнасці, можна атрымаць прадукт, які не заўважае чужых пакут. Можа, нават кафедры новыя з'явяцца, дзе будуць вывучаць не лячэнне траўмаў, сінякоў і пераломаў, а наадварот, спосабаў іх стварэння, ды каб больш балюча і крывава!

Выйдуць такія прадукты з навучальных устаноў, як гэта было калісьці ў прыязным нам Кітаі, з чырвона-зялёным цытатнікам і значкамі правадыра на ўніформе і будуць пляжыць усё запар, і не будзе месца асабістай думцы, не тое што грамадскаму пратэсту.

Толькі лячыць хто будзе?

Дэжавю.

На жаль, гісторыя нікога нічому не вучыць!

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках