25 красавiка 2024, Чацвер, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У Маскве маюць намер падштурхнуць Лукашэнку да адстаўкі»

43
«У Маскве маюць намер падштурхнуць Лукашэнку да адстаўкі»
ФОТА: ТАСС

Узурпатар захістаўся і ён занадта таксічны.

Менск з візітам наведаў дырэктар Службы знешняй выведкі (СЗВ) РФ Сяргей Нарышкін, спецслужбы дзвюх краінаў правялі супольную калегію. На думку экспертаў, у Маскве ацанілі абстаноўку і маюць намер падштурхнуць Аляксандра Лукашэнку да адстаўкі, піша «Незалежная газета».

Візіт у Менск Сяргея Нарышкіна стаў нечаканасцю для экспертаў і назіральнікаў. Ні сам візіт, ні супольная калегія СЗВ Расеі і КДБ Беларусі не анансавалася. Гэта дало мясцовым назіральнікам падставы меркаваць, што паездка ў Менск звязаная з чарговай інтрыгай беларускага крызісу. Нагадаем, што лідарка пратэстоўцаў Святлана Ціханоўская абвесціла Лукашэнку ўльтыматум, запатрабаваўшы адстаўкі, спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў.

У сераду Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з чынавенскім актывам, пра змест якой шырокай грамадскасці не паведамлялася ўвогуле. Сітуацыя ў краіне абвастрылася, і, як звычайна ў такой сітуацыі, Аляксандр Лукашэнка звяртаецца па дапамогу да Масквы.

Хоць у Маскве сувязь паміж падзеямі ў Беларусі і візітам Сяргея Нарышкіна адмаўлялі. «Вы бачыце, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра супрацоўніцтва знешняй выведкі, і ў рамках “саюзнай дзяржавы” існуюць механізмы ўзаемадзеяння па ўсіх кірунках, уключаючы і супрацоўніцтва працы спецыяльных службаў. Настолькі шырокае ідзе ўзаемадзеянне, прычым гэта ніяк не звязана з падзеямі ў Беларусі», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Важнасць такога візіту ў Мінск у такі момант падкрэсліў і сам Лукашэнка, сустракаючыся з Сяргеем Нарышкіным. «Не сакрэт, наша сустрэча зробіць у цяперашні момант нейкі адпаведны выбух у СМІ, асабліва ў інтэрнэце. Ды мы і не хаваем, абстаноўка вакол нас няпростая, я маю на ўвазе – вакол “саюзнай дзяржавы”», – сказаў ён.

«Дзякуй за магчымасць з вамі сустрэцца і перамовіцца паводле шырокага кола сяброўскіх стасункаў паміж нашымі краінамі. Перш за ўсё я хацеў бы перадаць прывітанне ад Уладзіміра Уладзіміравіча, я гутарыў з ім перад нашай з вамі сустрэчай, – пачаў сустрэчу Сяргей Нарышкін. – Я згодны з ацэнкай ступені напружанасці сітуацыі, якая існуе ў цэлым у свеце і ў тым ліку вакол нашых з вамі краінаў».

«Мы бачым імкненне неканстытуцыйнымі метадамі паспрабаваць змяніць існы лад і палітычную ўладу... Рэформа Канстытуцыі, пачатак якой пакладзены, дасць адказ на многія пытанні», – заявіў Сяргей Нарышкін у размове з журналістамі пасля сустрэчы з Лукашэнкам. Паводле ягоных словаў, з Лукашэнкам у яго «адбылася грунтоўная размова, якая тычыцца хаўрусніцкіх стасункаў, канцэнтрацыі намаганняў на пытаннях бяспекі».

У экспертнай супольнасці і назіральнікаў гэты візіт сапраўды выклікаў павышаную ўвагу. Як менавіта Расея будзе дапамагаць Лукашэнку выблытацца ў сітуацыі Народнага ўльтыматуму, мы ўбачым у найбліжэйшыя дні. Аднак значна большую цікавасць у экспертаў выклікае пытанне, як Аляксандр Лукашэнка будзе выблытвацца з той пасткі, у якой апынуўся.

«Беларуска-расейскія стасункі заўсёды былі вельмі складаныя, у іх заўсёды было падвойнае дно, усе гэтыя казкі пра ідылічнае брацтва былі прымеркаваныя толькі для вельмі наіўнай публікі, але цяпер яны асабліва супярэчлівыя», – заявіў «НГ» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. «З аднаго боку, працуе салідарнасць аўтарытарных кіраўнікоў, і Пуціну не хочацца, каб у Беларусі перамог рух масаў, які ён і Лукашэнка называюць каляровай рэвалюцыяй. З іншага боку, паколькі Лукашэнка захістаўся і занадта таксічны, а заключэнне з ім дамоваў пра паглыбленую інтэграцыю павернецца тым, што пасля яны будуць абвешчаныя юрыдычна нікчэмнымі, Крэмль пачынае падштурхоўваць Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы, ствараць або ўмацоўваць у Беларусі сваю інфраструктуру і падшукваць нейкага верагоднага пераемніка», – мяркуе эксперт.

На думку суразмоўцы «НГ», у Лукашэнкі свой погляд на гэтую праблему, але пазіцыю Масквы ён «адчувае скурай», таму «ён напружаны, а ўзровень узаемнага недаверу стаў вышэйшым, чым раней». «Я прагназую, што могуць быць сур'ёзныя трэнні паміж Лукашэнкам і Крамлём, паколькі іх інтарэсы цяпер далёка не ва ўсім супадаюць», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі. У сувязі з гэтым галоўная мэта візіту Сяргея Нарышкіна, на ягоную думку, – нагадаць беларускаму партнёру пра тыя абяцанні, якія ён даў Крамлю ў абмен на падтрымку ў сітуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі.

«Для мяне вельмі шматзначнай выглядае фраза Нарышкіна пра тое, што Пуцін перадаў Лукашэнку палымянае прывітанне. Я думаю, што гэтая фраза з сэнсам», – мяркуе эксперт. Напамін Нарышкіна пра тое, што ён сустракаўся з Пуціным перад тым, як паляцець у Менск, эксперту таксама не здаецца проста формай ветлівасці. Аляксандр Класкоўскі перакананы, што «Крэмль выкарыстоўвае тое, што Лукашэнка знаходзіцца ў слабой пазіцыі, і паспрабуе яго даціснуць у шэрагу пытанняў».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках