20 красавiка 2024, Субота, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самае галоўнае ў ультыматуме — патрабаванне адстаўкі Лукашэнкі

24
Самае галоўнае ў ультыматуме — патрабаванне адстаўкі Лукашэнкі
Фото: «Наша Ніва»

"Сыходзь!"гучыць на вуліцах беларускіх гарадоў.

Галоўнае ў гісторыі з ультыматумам – упершыню, на мой погляд, адбылося збліжэнне кандыдаткі, якая перамагла на выбарах, з народам. Да гэтага моманту менавіта пратэстоўны народ Беларусі вызначаў развіццё падзей, не звяртаючы ўвагі на тых, хто спрабаваў казаць ад ягонага імя. А казаць спрабавалі многія, прапаноўваючы няўцямны парадак дня, высоўваючы вар'яцкія ініцыятывы, тыпу рэферэндумаў або партыйнага будаўніцтва. Усе гэтыя патугі толькі раздражнялі пратэстоўцаў. Ультыматум жа стаў прыкметай таго, што пратэстоўцаў чуваць.

Самым важным ва ўльтыматуме стала патрабаванне адстаўкі Лукашэнкі. Да гэтага часу з апазіцыйных колаў, уключаючы асяроддзе Ціханоўскай, гучалі розныя прапановы, часам узаемавыключныя. Некаторыя ўспрымаліся як спроба збіць, забалбатаць пратэсты. Такімі былі спробы прапанаваць «дыялог» з Лукашэнкам. А ўльтыматум людзі на вуліцах і плошчах Беларусі прынялі як сапраўды свой, народны. Бо з першага дня пратэстаў галоўным лозунгам быў «Сыходзь!»

Характэрна яшчэ і тое, што ўльтыматум з'явіўся пасля паходу Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, дзе 10 кастрычніка яму арганізавалі сустрэчу з ягонымі закладнікамі, у тым ліку двума рэальнымі і самымі папулярнымі кандыдатамі ў прэзідэнты, якіх ён не дапусціў да выбараў і кінуў за краты: Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыкам. Дыктатар паспрабаваў цынічна выдаць прымусовы прывад незаконна затрыманых у пакой для допытаў за перамовы пра «канстытуцыйную рэформу». Але гэты падман быў відавочны. Больш за тое, гэтым сваім спектаклем Лукашэнка зноў прадэманстраваў хлуслівы і подлы характар свайго рэжыму.

Ультыматум стаў правільным і эфектыўным адказам на ўсе выхадкі дыктатара і павысіў ступень непрымання ўсёй лукашэнкаўскай групоўкі. Хто б што ні казаў, ультыматум сур'ёзна спалохаў Лукашэнку. Пра гэта сведчыць ягоная рэакцыя: істэрычная, злосная і звыкла неадэкватная. «Партызанскі марш», што прайшоў пасля ўльтыматуму па ўсёй Беларусі, толькі ўзмацніў ягоны страх. Людзей было шмат, больш, чым у папярэднюю нядзелю, асабліва калі ўлічыць усе гарады Беларусі. У Менску, выбраўшы новы маршрут, удзельнікі маршу змаглі пакінуць дурнямі будаўнікоў розных загародаў і кардонаў.

Дыктатар замітусіўся, на ягонай тэлевізіі сталі з'яўляцца разнастайныя людзі ў мундзірах, адкрыта пагражаючы ўжываннем агнястрэльнай зброі супраць мірных грамадзянаў. Актыўныя ўдзельнікі злачынстваў рэжыму публічна на камеру абяцалі, што будуць страляць у бяззбройных людзей. Ім, вядома ж, няўцям, што тым самым Лукашэнка фактычна прымушае іх даваць на камеру прызнальныя паказанні. Яму ўжо недастаткова проста лаяльнасці і адданасці, яму патрэбныя суўдзельнікі. Логіка крымінальніка са стажам.

Паралельна дыктатар запусціў працэс імітацыі супольнай з апазіцыяй працы над папраўкамі ў Канстытуцыю. Для гэтага ён выкарыстаў завербаванага агента Юрыя Васкрасенскага, якога пасля той сустрэчы ў СІЗА выпусцілі з турмы КДБ для «растлумачальнай працы з насельніцтвам». І гэта таксама быў адказ на ўльтыматум, паколькі першапачаткова Васкрасенскаму адводзілася роля праўдаруба, які павінен быў выявіць усю праўду пра апазіцыю. Нават запісалі некалькі ролікаў з ягоным удзелам, прычым у эстэтыцы сельскага клуба – усё як любіць дыктатар, ён прывучаны толькі да яе і патрабуе ад свайго прапагандысцкага апарату строга прытрымлівацца яе канонаў.

Адпушчаны агент паспрабаваў назваць сябе прадстаўніком групы распрацоўнікаў Канстытуцыі, якія сядзяць у турмах, але могуць быць вызваленыя, калі пагодзяцца ўдзельнічаць у гэтым спектаклі. Праз адвакатаў палітвязні паведамілі на волю, што нікому ніякіх паўнамоцтваў яны не перадавалі. Тады КДБ зрабіў наступны ход: выпусціў яшчэ пару чалавек пад хатні арышт і намякнуў, што далейшыя вызваленні залежаць ад хадайніцтва таго самага адпушчанага агента. Не спрацавала і гэта.

А пратэсты тым часам ніяк не згортваліся. Больш за тое, сталі рэгулярнымі маршы пенсіянераў і людзей з інваліднасцю, якіх за іх мужнасць сталі называць «людзьмі з неабмежаванымі магчымасцямі». Але і на гэта Лукашэнка адказаў усё ў тым жа, знаёмым да зубоў савецкім стылі: зладзіў падчас маршу пенсіянераў шэсце адстаўных вайскоўцаў і супрацоўнікаў розных унутраных органаў.

Аднак запалохванне, шантаж, вярбоўка, заклікі «даць адпор інтрыгам Захаду» ўжо ніхто ў Беларусі не ўспрымае ўсур'ёз, нават прыхільнікі дыктатара. Сам жа Лукашэнка найбольш напалоханы тым, што, нягледзячы на брутальны разгон першых дэманстрацый і нават забойства дэманстрантаў, нягледзячы на катаванні і здзекі з арыштаваных у турмах, нягледзячы на спробу паўтарыць самы жорсткі сцэнар 18 кастрычніка падчас «партызанскага маршу», адвагі ў беларусаў не зменшылася.

Чым бліжэйшы тэрмін заканчэння ўльтыматуму, тым больш ліхаманкава Лукашэнка шукае спосабы процідзеяння яму. Тым складаней ягоным піяршчыкам і прапагандыстам становіцца хаваць ягоную неадэкватнасць, выдаваць спалох за ўпэўненасць, а істэрыку за эмацыйны ўздым.

Падобна на тое, што чарговы сур'ёзны зрыў у дыктатара здарыўся 21 кастрычніка ў час «нарады ў актуальных пытаннях», як назвалі раду набліжаных у пытанні пра ўльтыматум. Набліжаных набралася няшмат, чалавек дваццаць адусюль, з усіх афіцыйных органаў, усіх сілавых установаў, судоў, «палаткі прадстаўнікоў», абласцей, гарадоў, адміністрацыі і органаў прапаганды. З гэтых двух дзясяткаў толькі некалькі чыноўнікаў жэрлі гаспадара поглядам, дэманструючы самаадданую вернасць. Астатнія звыкла крэслілі ў нататнічак, не падымаючы вачэй.

Незвычайнасць нарады была ў тым, што пра яе не было ніякай інфармацыі. Звычайна падчас такіх нарад інфармацыйная стужка дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА перапоўненая цытатамі, якія выдаюцца амаль у рэжыме рэальнага часу. Плынь свядомасці гаманкога дыктатара выплюхваецца ва ўсе медыя. А на гэты раз – ніякай інфармацыі, хоць частка заяўленай позвы была цалкам міралюбнай. І нават ні слова ў пытанні пра ўлюбёны прыём Лукашэнкі, калі ён, каб запалохаць сваіх падначаленых, малюе ім перспектывы свайго вечнага кіравання. На гэтай нарадзе ён з самага пачатку паведаміў, што рыхтуе свой усебеларускі сход на снежань, а таксама думае пра планы на наступную пяцігодку. Але нават пра гэта – цішыня.

Потым з'явіліся выцечкі інфармацыі, з якіх вынікала, што Лукашэнка ад усіх патрабаваў немагчымага: справіцца з пратэстамі, напоўніць бюджэт, павысіць заробкі, выбіць з Расеі нізкія кошты ўсяго і не плаціць пазыкі нікому. За дакладнасць выцечак ручацца не даводзіцца, але ўсё гэта падобна на праўду. А яшчэ падобна на тое, што ў Лукашэнкі здарыўся чарговы зрыў, ад якога анямелі нават дзяржаўныя СМІ.

Мабыць, тэрміновы, за тры дні да заканчэння ўльтыматуму Ціханоўскай, візіт у Менск кіраўніка знешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна звязаны з тым, што адбывалася за зачыненымі дзвярыма на «нарадзе ў актуальных пытаннях». Бо беларускай прэсе набліжаныя Лукашэнкі пабойваюцца зліваць інфармацыю, а ў Крэмль выцечкі ідуць умомант і ва ўсіх дэталях. Маскву, і без таго моцна занепакоеную наступствамі беларускіх пратэстаў для Расеі, падобна, вельмі непакоіць неадэкватнасць Лукашэнкі.

Нарышкіна адправілі ў Менск як аднадумца Лукашэнкі ў барацьбе з «інтрыгамі праклятага Захаду», каб не выклікаць падазрэнняў. Але на самай справе гэты прыезд быў падобны на візіт лекара-дыягноста: паглядзеў, наколькі ў свядомасці кліент, ці не сарве ў яго дах канчаткова. Таму варта чакаць, што ўжо ў самым блізкім часе стан Лукашэнкі сур'ёзна абмяркуюць у Крамлі і вынесуць яму прысуд.

Усю гэтую новую дынаміку таго, што адбываецца ў Беларусі, надаў менавіта народны ўльтыматум. Ён зрабіў больш асэнсаваным і актыўным мірны наступ на рэжым. Дыктатура прадаўжае чапляцца за незаконную ўладу спосабамі, якія знаходзяцца па-за рамкамі закону, што абавязкова выкліча больш жорсткую рэакцыю Захаду. Падобна на тое, што марш у найбліжэйшую нядзелю будзе такім самым шматлікім, як і ў папярэднюю, а ў панядзелак пачнецца страйк, яка можа стаць нацыянальным.

Нежаданне Лукашэнкі нават думаць пра адстаўку пакідае яму ўсё менш прасторы для манеўру. Ультыматум дадаў рэсурсаў пратэстам і паставіў галоўным пытанне пра адстаўку дыктатара, пасля якой можна будзе размаўляць з наменклатурай пра пераходны перыяд, кааліцыю ўраду і новыя выбары.

Андрэй Саннікаў, The Insider

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках