23 красавiка 2024, aўторак, 21:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Можа, у нядзелю Лукашэнку скруцяць і адвязуць у Гаагу, а людзі выйдуць святкаваць»

32
«Можа, у нядзелю Лукашэнку скруцяць і адвязуць у Гаагу, а людзі выйдуць святкаваць»

Што кажуць працаўнікі беларускіх прадпрыемстваў, якія падтрымалі Народны ўльтыматум і Нацыянальны страйк.

Святлана Ціханоўская абвясціла, што ў выпадку невыканання патрабаванняў "народнага ўльтыматуму" ў краіне пачнецца нацыянальная забастоўка, паведамляе dw.com.

"Калі да 25 кастрычніка нашы патрабаванні не будуць выкананыя, уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з народным ультыматумам. І 26 кастрычніка пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блакаванне ўсіх дарог, падзенне продажаў у дзяржаўных крамах", – заявіла Святлана Ціханоўская, абвяшчаючы ўладам Беларусі "народны ўльтыматум", які складаецца з трох патрабаванняў: адстаўка Лукашэнкі, спыненне гвалту на вуліцах і вызваленне ўсіх палітвязняў.

Паколькі да 25 кастрычніка застаюцца лічаныя дні, а агучаныя патрабаванні не выкананыя і, верагодна, выкананыя не будуць, беларусы сталі рыхтавацца да нацыянальнага страйку. Хто збіраецца страйкаваць і ці будзе паспяховай акцыя пратэсту 26 кастрычніка?

Не першая забастоўка ў Беларусі за час пратэстаў

Будучы страйк 26 кастрычніка – не першы за час амаль трохмесячных пратэстаў у Беларусі. Ужо праз тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі стала вядома пра катаванні і гвалт беларускіх сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, на страйкі і акцыі салідарнасці выйшлі супрацоўнікі найбуйнейшых дзяржаўных прамысловых гігантаў краіны – Менскі трактарны завод, Менскі аўтамабільны завод, "Беларуськалій", "Гародня-Азот " і іншыя.

Праўда, да поўнамаштабнага страйку справа так і не дайшла, акцыі салідарнасці і страйкі доўжыліся некалькі дзён. Беларускія СМІ тады пісалі, што забаставалых працаўнікоў запалохвалі звальненнямі і арыштамі.

Потым 16 верасня некаторыя малыя прадпрыемствы, крамы, кавярні і рэстараны далучыліся да агульнанацыянальнай акцыі салідарнасці. Тады на працу на адзін дзень не выйшлі такія кампаніі, як крама адзення ZNWR і LSTR, шоурум The young clothes, рок-клуб TNT, бар "БанкиБутылки" і многія іншыя. Некаторыя з іх пацвердзілі DW свой намер далучыцца і да будучага страйку, але абвяшчаць адкрыта пра гэта не гатовыя, бо пасля папярэдняй акцыі сутыкнуліся з павышанай увагай з боку правяральных органаў.

"Не можам працаваць, быццам нас гэта не тычыцца"

Зрэшты, сярод прадпрымальнікаў знайшліся тыя, хто ўжо абвясціў пра ўдзел у страйку 26 кастрычніка. "Прабачце, але ўсімі супрацоўнікамі прынятая пастанова пра страйк супраць гвалту і беззаконня. Мы не можам працаваць, быццам нас гэта не тычыцца. Адпаведна з 26 кастрычніка крама спыняе працу на нявызначаны тэрмін", – заявіла кіраўніцтва крамы антыкварыяту "Буржуазныя каштоўнасці" ў сваіх сацыяльных сетках.

Не плануе працаваць з наступнага панядзелка фірма suntro.by з невялікага горада Ліда, якая займаецца продажам ультрафіялетавых лямпаў. "На вуліцы нам не даюць выходзіць, дык хоць такім чынам мы выкажам сваё меркаванне пра падзеі ў краіне", – расказвае дырэктар фірмы Аляксандр Антропаў. Разам з тым у поспех забастоўкі ён не моцна верыць: "Страйк павінен быць масавы, а калі будуць страйкаваць адзінкі, гэта ні да чаго не прывядзе".

Далучыцца да нацыянальнага ўльтыматуму пастанавілі і некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі. "Я працую сам на сябе, але ўсё роўна хачу падтрымаць страйкавы рух, таму што наша сіла – у адзінстве. Цяпер як ніколі важна не толькі выявіць салідарнасць, але і адкрыта пра гэта заявіць. Гэта надасць смеласці і настойлівасці тым, хто яшчэ сумняваецца", – піша на сваёй старонцы ў Facebook фрылансер у сферы IT Ян Агеенка. Паводле ягоных словаў, з 26 кастрычніка прадпрымальнік спыняе прымаць заказы на дызайн і стварэнне сайтаў, а таксама кансалтынгавыя паслугі карпаратыўным кліентам.

Буйныя заводы плануюць страйкаваць

Але без сумневу, галоўныя надзеі беларускай апазіцыі накіраваныя на забастоўкі найбуйнейшых дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў, страйк якіх насамрэч можа паўплываць на сітуацыю. Тэрміст з Менскага маторнага завода (ММЗ), старшыня незалежнага прафкама завода Андрэй Комлік-Ямацін паведаміў, што супрацоўнікі плануюць 26 кастрычніка сабрацца на тэрыторыі завода каля дырэкцыі і абмяркоўваць вылучаныя імі патрабаванні.

"Страйк – гэта фактычна адзіны вагар, які ў рамках мірнага пратэсту можна супрацьпаставіць дзяржаўнай машыне тэрору. У нашых руках знаходзяцца вагары ўплыву на эканоміку", – кажа актывіст.

Цяпер на ММЗ актыўна дзейнічае нядаўна створаны незалежны прафкам, які каардынуе страйкоўцаў. Аднак, паводле словаў Андрэя Комліка-Ямаціна, казаць пра патэнцыяльны лік удзельнікаў страйку цяжка, бо ўсё залежыць ад працаўнікоў і актывістаў на заводзе: "Можа, у нядзелю будзе жорсткі разгон, і гэта спрацуе як трыгер для забастоўкі. А можа наадварот – Лукашэнку скруцяць і адвязуць у Гаагу, а людзі выйдуць святкаваць". Як кажа сябра незалежнага прафкама, працоўныя мяркуюць, што змогуць дасягнуць сваіх мэтаў з дапамогай страйку.

Ці будзе забастоўка маштабнай?

Страйкаваць на тэрыторыі завода, арганізаваўшы шэсце па цэхах, плануюць і супрацоўнікі Менскага трактарнага завода (МТЗ). "Настрой у завадчанаў баявы. Калі мы выйшлі страйкаваць першы раз, большасць людзей скінула пар і супакоілася. Але цяпер пасля ўльтыматуму Ціханоўскай многія працоўныя зноў хочуць сысці ў страйк, мы нават здзівіліся іх колькасці. Некаторыя брыгадамі плануюць страйкаваць, а недзе і ўся змена – а гэта паўцэха", – расказвае Вадзім Пайвін, нядаўна звольнены з МТЗ электраманцёр, а цяпер – сябра незалежнага прафкама, які ў адсутнасць страйкама на заводзе каардынуе страйкавы рух.

Як кажа актывіст, на МТЗ выйсці на страйк можа блізу 30% працаўнікоў завода, а гэта 5-6 тысячаў чалавек: "І гэта будзе добры вынік. Завод у такім выпадку ўстане калом". Аднак Пайвін адзначае, што гэта ягоныя ацэнкі, і ў цэлым пытанне пра колькасць удзельнікаў страйку даволі цяжкое.

Разам з тым Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў (БКДП), які аб'ядноўвае рух незалежных прафзвязаў у Беларусі, мяркуе, забастоўкі ў сэнсе Працоўнага кодэкса ў Беларусі не будзе. "Беларускія працоўныя і службоўцы пазбаўленыя права на страйк, і гэта галоўная праблема, якую трэба развязваць. Тое, што адбываецца цяпер – акцыя грамадзянскага непадпарадкавання, і гэта каштоўна для ўсяго працоўнага руху. Бо такога не было з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя", – кажа намеснік старшыні БКДП.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках