29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы ўсе сталі як сёстры»

«Мы ўсе сталі як сёстры»

Зелянкоўская і Шпакоўская распавялі пра ролік «Жыве Беларусь!», страйк і беларускі тэатар у Кіеве.

Былая акторка Купалаўскага тэатру Сьвятлана Зелянкоўская і былая акторка тэатру імя Горкага Анастасія Шпакоўская расказалі, як у эміграцыі яны запісвалі драматычны відэаролік у падтрымку беларускіх жанчын, а таксама пра сумесныя амбітныя беларускія праекты ва Ўкраіне, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра ролік «Жыве Беларусь»

Анастасія Шпакоўская: Мы ўсе ў такіх абставінах, калі нам вельмі складана, але мы павінны быць разам і рухацца далей, быць моцнымі духам і сэрцам. Мне падаецца, што гэтую моц мы і данесьлі ў сваім відэа, каб людзі адчувалі адзін аднаго ня толькі ў шчасьці, але і ў бядзе, у тых абставінах, у якіх цяпер кожны беларус. Я напісала верш, потым мы са Сьвятланай па сваіх творчых справах сустракаліся, і зьявілася ідэя, каб мы маглі аб'яднаць усе нашыя думкі пра падзеі ў Беларусі і ў гэтым роліку ў такім фармаце данесьці іх да нашых гледачоў, нашых родных людзей, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

Сьвятлана Зелянкоўская: На наступны дзень, пасьля таго як мы запісалі з Настай аўдыё да гэтага роліку, у маёй сяброўкі забралі дачку і асудзілі на 9 сутак. Яна была за кратамі на Акрэсьціна, пасьля ў Баранавічах. Я спрабавала, запісваючы ролік, зрабіць гэта як быццам яе вуснамі, як яе зварот да маці. Тут самае галоўнае было — не запускаць сваю пазыцыю, а паспрабаваць адчуць тое, што адчуваюць людзі за кратамі.

Пра ўльтыматум і страйк

Анастасія Шпакоўская: Кожны з нас павінен рабіць тое, што ад яго залежыць, дзеля нашай свабоды, незалежнасьці, будучыні. Мы можам рабіць розныя рэчы — маляваць, будаваць, чытаць вершы, сьпяваць, лячыць хворых, але мы мусім рабіць тое, што мы можам, дзеля нашай агульнай перамогі. Толькі ў такім выпадку мы пераможам хутчэй. Што тычыцца ўльтыматуму Ціханоўскай, гэта рыса, мяжа, пасьля якой мы можам заявіць пра сябе як нацыю. Добра, што былі мірныя нядзельныя, суботнія пратэсты, добра, што выходзілі людзі з абмежаванымі магчымасьцямі... 26 кастрычніка для нас — сапраўдная магчымасьць агучыць сваю пазыцыю ня проста на плошчы, а ў сваім жыцьці, і гэта для мяне асабіста вельмі важна.

Сьвятлана Зелянкоўская: Я спрабую рабіць усё, што магчыма, што ад мяне залежыць. Як грамадзянка Беларусі я проста патрабую, каб спыніўся гвалт, тэрор, усе тыя жахі, якія адбываюцца зь людзьмі. Мая пазыцыя ясная – маё сумленьне разам з народам. Я не магу маўчаць, не магу сядзець дзе-небудзь, не магу прыкрыцца дзецьмі, якіх у мяне шмат. І таму я зараз ускочыла ў гэты працэс і рада, што хоць неяк магу паўплываць на тое, што адбываецца. Камусьці будзе важна, што я не маўчала.

Пра беларускі тэатар у Кіеве

Сьвятлана Зелянкоўская: Мы з Настай у эміграцыі, але мы – творчыя людзі, мы хочам ствараць. Тое, што нам баліць, адклікаецца ў нашых сэрцах, і мы хочам гэта дзе-небудзь праявіць. Мы пачалі з такіх ролікаў, але хочацца зрабіць нешта больш маштабнае, больш моцнае. Магчыма, гэта будзе беларускі тэатар у Кіеве. Гэта мая ідэя. Пʼеса цяпер пішацца. Яе стварае аўтарка, якая знаходзіцца ў Беларусі. Кожны дзень яна нешта дапісвае, мяняе. Гэта тое, што ствараецца зараз, гэта пра тое, што з намі адбываецца цяпер.

Анастасія Шпакоўская: Мы працуем і марым, каб менавіта ў тэатральнай форме мы маглі перадаць тое, што з намі адбываецца сёньня. Гэта складаная праца. Гэта будзе не традыцыйны тэатар, ня клясычная пастаноўка. Мы шукаем іншае, новае, бо мы ўсе ў новых для сябе абставінах. Ніколі ў нашым жыцьці ні ў кога такога не было. Таму і тэатар будзе такі, якога ніхто яшчэ ня бачыў.

Пра былыя тэатры ў Беларусі

Анастасія Шпакоўская: Калі я звальнялася з тэатру імя Горкага, гэта быў мой асабісты страйк. Ён ня мог быць усеагульным. Я зразумела, што пры сёньняшняй уладзе працаваць у дзяржаўнай установе немагчыма. У маім былым тэатры цяпер вельмі складаны час. Ён у рамонце больш як паўтара года. Цяпер ён яшчэ і на карантыне, бо ёсьць выпадкі ковіду ў тэатры. Тэатар і так страйкуе, хоча ён гэтага ці не. У верасьні, на пачатку кастрычніка былі спэктаклі на сцэне Палаца прафсаюзаў. Мае сябры лёс Купалаўскага тэатру не рызыкнулі паўтарыць. Я іх не асуджаю за гэта, я разумею, што ва ўсіх ёсьць свая свабода выбару і сваё разуменьне, як можна паўплываць на сытуацыю. Вельмі многіх людзей са свайго тэатру люблю і паважаю, іх пазыцыю таксама разумею і ня крыўджуся, што за мной не пайшлі ўсе астатнія. Гэта маё жыцьцё і мой выбар.

Сьвятлана Зелянкоўская: Кожны дзень сьпісваюся зь сябрамі-купалаўцамі, гляджу, што адбываецца, удзельнічаю як магу. Нават мая сяброўка сказала, што мы ня лічым цябе былой купалаўкай, ты наша купалаўка таксама, што мне вельмі прыемна. Я ганаруся сваімі калегамі і заўсёды зь імі разам, хоць і знаходжуся ва Ўкраіне.

Пра пазыцыю Сяргея Міхалка наконт мірных пратэстаў у Беларусі

Сьвятлана Зелянкоўская: Гэта пытаньне да яго. Ён – творчая асоба, якая ідзе сваім шляхам, я іду сваім шляхам у творчасьці. Тое, чаго ад яго чакаюць людзі ў Беларусі... Паглядзім, можа, што-небудзь і народзіцца.

Пра жаночыя маршы

Анастасія Шпакоўская: Дзіўнае пачуцьцё, мы ўсе сталі як сёстры адна адной, мы ўсе як маці, як дочкі, мы ўсе сталі родныя ў гэтай барацьбе. Нават не знаходзячыся ў Беларусі, мы ўсе разумеем і адчуваем боль знаходжаньня за кратамі, боль ад гвалту. Мы ўсе як адна душа сталі. Я проста прашу адчуць нашыя сэрцы, нашу падтрымку, нашу цеплыню. Мы ўсе разам, і калі балюча адной, то балюча ўсім. І няма бяды, якая тычыцца кагосьці аднаго. Калі ёсьць бяда, то яна наша, агульная. Мы мусім трымацца, мусім быць разам і ісьці да перамогі. І перамога будзе хутка.

Сьвятлана Зелянкоўская: Я вельмі ганаруся беларускімі жанчынамі, беларускім народам, усімі ўчынкамі, малымі і вялікімі, кожным крокам, які робяць беларусы. Не хацела б падзяляць жанчын і мужчын, бо подзьвігі ёсьць і там, і там. Я веру ў сваю радзіму, у свой народ, у нашую моц. І мы пераможам. Я ведаю гэта. З намі Бог.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках