24 красавiка 2024, Серада, 20:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вучні з ліцэя №2 у Серабранцы зладзілі страйк

Вучні з ліцэя №2 у Серабранцы зладзілі страйк

Ліцэісты падалі прыклад працоўным.

Сёння раніцай зладзілі акцыю салідарнасці навучэнцы менскага ліцэя №2. Адны пратэставалі толькі на перапынках, а іншыя не пайшлі на пары, патлумачыўшы гэта страйкам. Tut.by спытаў ліцэістаў, што гэта было.

Раніцай у ліцэі №2, што ў Серабранцы, праходзіла акцыя салідарнасці. Навучэнцы 10-х і 11-х класаў збіраліся ў холе падчас перамены, а некалькі дзясяткаў хлопцаў адмовіліся ісці на пары, паведамілі відавочцы. Падлеткі скандавалі: «Когда мы едины — мы непобедимы!».

Бліжэй да канца дня мы запыталіся ў ліцэістаў, чым скончыўся іх пратэст.

Суразмоўцы распавялі, што яшчэ ўчора некаторыя ліцэісты прыйшлі на заняткі з аквагрымам у бел-чырвона-белых колерах. Прадстаўнікі адміністрацыі былі незадаволеныя, патлумачылі навучэнцам, што ліцэй не месца для палітыкі.

Адзін з ліцэістаў сказаў, што маладыя людзі яшчэ ўчора дамовіліся сёння пратэставаць.

- Наша мэта была такая - падтрымаць іншых удзельнікаў акцый салідарнасці, паказаць, што з імі людзі. Усё роўна, што нам няма 18 гадоў, што ў нас няма права голасу. Але ж усё роўна мы грамадзяне Беларусі.

Яшчэ адна навучэнка патлумачыла, што іх пратэст - супраць гвалту ў краіне.

Сёння блізу васьмі раніцы ліцэісты сабраліся на другім паверсе. Кажуць, што раздавалі адзін аднаму стыкеры, на якіх малявалі БЧБ-сцяжкі, - дамовіліся адзначаць так удзельнікаў акцыі.

- Быў канфлікт, а потым нас адправілі ў актавую залю. Мы пагадзіліся, таму што самі не хацелі перашкаджаць тым, хто вырашыў вучыцца. Канец чвэрці, выстаўляюць адзнакі - калі ў кагосьці ёсць запазычанасці па прадметах, хай ідуць на пары і вучацца. Настаўнікі нам сказалі, маўляў, калі так хочам, страйкаваць на перапынках, але мы кажам: «У чым тады сутнасць страйку?».

Пасля таго як відэа акцыі пратэсту патрапіла ў Сеціва, з хлопцамі сустрэлася ў актавай зале дырэктарка ліцэя. Маладыя людзі кажуць, што адміністрацыя «спрабавала ўлагодзіць сітуацыю». Пасля двух пар частка пратэстоўцаў пайшла дадому - па «даведкі» ад бацькоў.

Некалькі бацькоў, з якімі пагутарыў tut.by, распавяло, што падтрымліваюць пратэст у ліцэі.

Падобная гісторыя здарылася сёння і ў гімназіі №1 у Жодзіне. Там хлопцы выйшлі на ганак з БЧБ-сцягамі і плакатамі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках