25 красавiка 2024, Чацвер, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраільскае выданне: Антысеміцкі абсурд у Беларусі

Ізраільскае выданне: Антысеміцкі абсурд у Беларусі

У Слуцку людзей арыштавалі за спробу ўшанаваць памяць забітых габрэяў

Зінаіда Цімошак, старшыня Слуцкага таварыства аматараў беларускай мовы, адседзела тры дні ў СІЗА і атрымала штраф, які перавышае 500 даляраў ЗША. Яна ўчыніла дзёрзкае злачынства супраць рэжыму Лукашэнкі: прыйшла з таварышамі ўскласці кветкі да месца, дзе ў 1943 годзе нацысты знішчылі габрэйскае гета.

Ізраільскае выданне «Детали» звязалася з Зінаідай адразу пасля таго, як яна выйшла з будынка суда. Разам з ёй да розных тэрмінаў арышту і штрафаў прысуджаныя яшчэ шэсць чалавек. Ім інкрымінаваныя арганізацыя і правядзенне масавага мерапрыемства без дазволу райвыканкама і міліцыі. Напраўду ў «масавай» акцыі ўзялі ўдзел...11 чалавек!

– Яны сцвярджалі, быццам людзі штосьці там публічна выказвалі. Напраўду ніхто нічога не казаў, акрамя мяне! Я гісторык, некалькі слоў хацела сказаць пра тое, як знішчалі гета ў кастрычніку 1941 года і ў 1943-м...мы знаходзіліся акурат побач з адным з гэтых гета, - распавяла Зінаіда. Яна не ўтойвае, што дагэтуль шакаваная тым, што здарылася.

Адзін з удзельнікаў акцыі, Яўген Азёрны, адважыўся спрачацца з начальнікам мясцовага РАУС Аляксандрам Голікавым. Ён бараніў сваё права ўскласці кветкі. Ён атрымаў больш за ўсіх - 9 дзён арышту, і ўсё яшчэ сядзіць. Зінаіду ж 26 увечары вызвалілі з СІЗА, а 27-га выклікалі ў суд.

У 1941 годзе ў Слуцку былі створаныя два гета – «працоўнае» і «непрацоўнае» (непрацаздольных людзей проста расстрэльвалі). Там літоўскія хаўруснікі немцаў (12-ы батальён) і мясцовыя паліцаі арганізавалі пагром, жорсткасць якога ўразіла нават нямецкіх афіцэраў. Білі не толькі габрэяў, нямала беларусаў тады ж былі застрэленыя або збітыя. Забівалі і рабавалі 27 і 28 кастрычніка - менавіта гэтую трагічную дату, калі, паводле розных ацэнак, былі забітыя ад 5 да 8 тысяч чалавек, хацелі адзначыць людзі. За што і былі жорстка пакараныя.

- Мы там правялі ўсяго 8 хвілін! - кажа Зінаіда. - За гэтыя хвіліны трэба было яшчэ паспець перайсці дарогу, каб купіць кветкі. Месца знайсці, дзе іх паставіць...Нас было 11 чалавек, а да моманту, калі прыйшла міліцыя - яшчэ менш, дзесьці сямёра. Гэта нават на фота відаць. Мне б на здымку для газеты хацелася больш паказаць, але не магла. Калі б там было масавае мерапрыемства - [у міліцыі] былі б здымкі.

Думаю, яны проста не хацелі, каб хтосьці сюды прыходзіў. Я праводзіла экскурсіі па горадзе, толькі ў кастрычніку іх было тры. Былі мы і на праваслаўных могілках, і на каталіцкіх - там ніякіх прэтэнзій не выстаўлялі! Толькі калі ўсклалі кветкі тут, каля гета... Я дагэтуль шакаваная.

- Іншых людзей таксама арыштавалі?

- Яўген Азёрны – гэта ён паспрачаўся з начальнікам міліцыі - маўляў, чаму яму не далі ўскласці кветкі – яго на 9 дзёньарыштавалі. Чатыры дні прайшлі, яшчэ пяць дзён яму сядзець.

Шэсць чалавек праз суд прайшло, вось дзяўчынка каля мяне стаіць, я ў яе сведкай была. Яна проста працуе з гэтым Жэнем Азёрным, пачула, што ён збіраецца ісці ўскласці кветкі - і ў першы раз пайшла таксама. Пасля працы купіла кветкі, прыбегла - даслоўна пяць хвілін пабыла, паклала кветкі і паспяшалася да свайго дзіцяці, дадому. Яе нават не было там, калі аўтазак падагналі!... А яе абвінавачвалі... Я цяпер была сведкай паводле яе абвінавачвання, і сказала, што начальнік міліцыі - хлус, ён нахабна хлусіць, яна наогул рот не раскрывала! А ёй штраф, 25 базавых адзінак (крыху менш за 300 даляраў - заўв.)

Гэта блюзнерства. За ўсе гэтыя гады на гэтае месца ніхто не прынёс ні кветачкі. Забытае месца, хоць і цэнтр горада. Мне хацелася змяніць гэтую сітуацыю, каб людзі ведалі.

- Мясцовая габрэйская абшчына неяк адрэагавала?

– Ніяк. Яна сама баіцца міліцыі. Туляцца ў нейкім дрэнным памяшканні. Я тэлефанавала, дарэчы, перад гэтым [іх кіраўніцы] Галіне Міхайлаўне Тычынай. Прасіла, каб яна расказала нам пра гета. Яна сказала: «Добра, у мяне ўнук маленькі, мы апранемся і выйдзем», - але прыйшла пазней, калі нас ужо там не было. Убачыўшы на месцы шмат кветак, патэлефанавала мне, падзякавала.

Людзі не пашкадавалі грошай на кветкі, хоць у Слуцку мала зарабляюць. Але не было там ні чырвона-белых сцягоў, нічога такога. Я проста шакаваная тым, што адбываецца. Чаму ж на каталіцкіх могілках нам давалі збірацца, а тут умяшаліся?

Шэсць чалавек пакаралі. Пачынаюць распаўсюджваць чуткі, быццам мы камяні збіраліся кідаць. Ну, насамрэч - сябры Таварыства беларускай мовы і карэспандэнт газеты, які набыў кветкі са сваёй пенсіі? Спрабуюць зганьбаваць нас, ды толькі грамадства не моцна ім верыць, - сказала Зінаіда Цімошак.

Чаму маўчыць МЗС Ізраіля?

«Детали» звярнуліся ў МЗС Ізраіля з просьбай пракаментаваць сітуацыю. Адтуль прыйшоў кароткі адказ: «Амбасада Ізраіля ў Беларусі праінфармаваная аб тым, што здарылася, сітуацыя правяраецца».

Складана зразумець таемны сэнс гэтай стандартнай бюракратычнай адпіскі. Што тут правяраць? Быў мітынг? Ці не было крамольнага спалучэння чырвоных гваздзікоў з белымі? З моманту затрымання ўдзельнікаў акцыі прайшло некалькі дзён. Колькі часу, на думку МЗС, павінна займаць такая праверка?

У многіх сітуацыях, звязаных з праблемамі ізраільскіх грамадзян за мяжой, МЗС дэманструе вельмі нізкую зацікаўленасць. «Детали» неаднаразова пісалі пра гэта раней, і часам толькі ўмяшанне рэдакцыі падахвочвала супрацоўнікаў консульскіх аддзелаў і пасольстваў распачаць хоць нейкія дзеянні ў рамках сваёй пасады.

З прызначэннем Габі Ашкеназі кіраўніком МЗС сітуацыя не палепшылася. МЗС Ізраіля цягам доўгага часу пазбаўленае рэальнага кіраўніцтва. З часоў Цыпі Хатавелі, якая служыла дэ-юрэ намесніцай міністра, а дэ-факта – «наглядчыкам» ад Нетаньяху, тут няма доўгатэрміновых стратэгій, прызначэнні непразрыстыя, частка супрацоўнікаў працуюць абы-як. Міністр Ісраэль Кац не затрымаўся тут надоўга, а блізу тыдзень таму і міністр Ашкеназі заявіў аб магчымым хуткім выхадзе ягонай партыі з урада (што можа прывесці да новых выбараў). Магчыма, у гэтым прычына, з якой ён не імкнецца палепшыць працу даверанага яму міністэрства, абмяжоўваючыся візітамі (у Грэцыю) і перамовамі (з Лаўровым). Адно з найважнейшых міністэрстваў Ізраіля, фактычна, закінутае.

На фоне апошніх падзей у Беларусі, калі шэраг краін прызналі абранне Лукашэнкі незаконным, Ізраіль палічыў за найлепшае захоўваць нейтралітэт. Аднак некаторы час таму Ізраіль перапыніў яго і выразна вызначыў, чый бок ён займае ў супрацьстаянні паміж Лукашэнкам і апазіцыяй: новы надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Алекс Гольдман-Шэйман уручыў даверчыя граматы беларускаму МЗС.

Прычынай таму магла стаць альбо неспрактыкаванасць, альбо няўважлівасць міністра Ашкеназі. Цягам доўгага часу кандыдатуры паслоў Ізраіля ў РФ і Беларусі не зацвярджаліся ўрадам Ізраіля. Гэтую тэхнічную затрымку можна было выкарыстоўваць, каб хаця б вонкава прадэманстраваць неўмяшанне нашай краіны ў беларускі крызіс на баку рэжыму, да якога негатыўна ставіцца практычна ўвесь Захад. Габі Ашкеназі - генерал, але не дыпламат - не здагадаўся гэтым скарыстацца.

На просьбу пракаментаваць сітуацыю ў Слуцку з атачэння Габі Ашкеназі не адрэагавалі. Ні МЗС Ізраіля, ні амбасада Ізраіля ў Беларусі дагэтуль не выступілі з заявай з гэтай нагоды.

«Детали» звярнуліся з запытам таксама ў пасольства Беларусі ў Ізраілі. Нам адказалі, што ў іх краіне шануюць памяць пра трагічныя падзеі Халакоста, і пастараюцца разабрацца ў прычынах непрыемнага інцыдэнту.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках