25 красавiка 2024, Чацвер, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Права на кіраванне ў Беларусі могуць абмежаваць пасля візіту да лекараў

14
Права на кіраванне ў Беларусі могуць абмежаваць пасля візіту да лекараў

Чаго чакаць ад новага закона «Аб дарожным руху»?

Яшчэ ў 2018 годзе МУС распрацавала новы праект закона «Аб дарожным руху», яго ўжо выносілі на грамадскае абмеркаванне, аднак дагэтуль дакумент так і не быў прыняты. Асабліва шмат спрэчак выклікаў прапанаваны ў ім варыянт бальнай сістэмы пакарання кіроўцаў-парушальнікаў, ад якога ў выніку наважылі адмовіцца. Цяпер дакумент дапрацавалі.

Партал tut.by пазначыў самыя галоўныя новаўвядзенні, якія чакаюць кіроўцаў пасля таго, як закон набудзе моц.

Здаваць на пасведчанне на «аўтамаце»

На гэтым пункце ў законе намагала грамадскасць: маўляў, навошта пакутаваць у аўташколе з механічнай каробкай перадач, калі потым збіраешся ездзіць толькі на «аўтамаце». Пункт унеслі ў дакумент і пасля ўваходжання закона ў дзеянне вучыць і здаваць на пасведчанне можна будзе як на «механіцы», так і на «аўтамаце». Але ў апошнім выпадку пасведчанне кіроўцы, якое атрымае ўладальнік пасля здачы іспытаў ў ДАІ, будзе з паметкай «толькі на аўтаматычнай трансмісіі». Гэта значыць, што з такім пасведчаннем сесці за стырно аўто з «механікай» нельга - будзе ўважацца, што вы едзеце без пасведчання.

А вось тыя, хто здае іспыт на «механіцы», змогуць са сваім пасведчаннем ездзіць за стырном усіх легкавікоў.

Права на кіраванне могуць абмежаваць пасля візіту да лекараў

Цяпер кіроўцы не павінны падаваць даведку аб прыдатнасці да кіравання транспартным сродкам пры праходжанні тэхагляду. Пры гэтым медыцынская даведка выдаецца на 5 гадоў (за выключэннем выпадкаў, калі камісію трэба праходзіць часцей праз стан здароўя).

Законапраект жа прадугледжвае стварэнне цэнтралізаванай базы звестак аб выдадзеных медыцынскіх даведках для кіроўцаў. Весці яе будзе Міністэрства аховы здароўя. Мяркуецца, што медыкі пры выдачы даведкі кіроўцы будуць бачыць, па якую дапамогу звяртаўся чалавек і ці выяўляліся ў яго нейкія захворванні, з якімі нельга садзіцца за стырно.

Звесткі аб наяўнасці такіх захворванняў або станаў, якія перашкаджаюць кіраванню транспартным сродкам, медыкі будуць перадаваць у ДАІ, і чалавек адразу ж будзе абмежаваны ў праве на кіраванне аўто. Цяпер, фактычна, чалавек нават пры наяўнасці такіх захворванняў мог ездзіць да тых часоў, пакуль не скончыўся тэрмін дзеяння выдадзенага пасведчання. Падкрэслім, гаворка ідзе толькі пра інфармацыю аб наяўнасці нейкіх захворванняў, а не пра канкрэтныя дыягназы.

Акрамя таго, дакумент урэгулюе права медработнікаў накіроўваць пацыентаў на датэрміновы медагляд. Рабіць яны гэта будуць толькі, калі выявяць прыкметы, што паказваюць на наяўнасць захворвання, з якім нельга кіраваць аўто. Пры гэтым, калі чалавек цягам двух месяцаў пасля выдачы накіравання не пройдзе агляд, то ён патрапіць у катэгорыю бяспраўнікаў.

Каб ездзіць на квадрацыкле, спатрэбіцца пасведчанне

На тэхнічнай мове гэтыя транспартныя сродкі называюцца мотаўсюдыход. Цяпер яны ніяк не прапісаныя ў заканадаўстве. У новым законе іх зробяць роўнымі з трактарамі і самаходнымі машынамі, таксама для такіх транспартных сродкаў прадугледжаныя новыя тыпы пасведчанняў кіроўцы: «H» і «I».

Атрымаць іх можна будзе толькі з 17 гадоў і пры наяўнасці меддаведкі.

Аўташколы самі вызначаць, дзе навучаць кіраванню

Сёння маршрут, якім ездзяць курсанты, кожная аўташкола ўзгадняе з ДАІ. Проста так узяць і адвезці вучня на трэніроўку, скажам, у ягоны раён ці патрэніравацца ездзіць з працы дадому інструктар не мае права. Законапраект прадугледжвае, што ДАІ будзе проста пазначаць вуліцы, на якія аўто з літарай «У» не маюць права заязджаць.

Расейцам з дазволам на жыхарства не трэба будзе мяняць пасведчанне

Цяпер расейцы, якія атрымалі дазвол на жыхарства ў нашай краіне, могуць ездзіць са сваімі пасведчаннямі толькі 90 дзён. Затым, калі пасведчанне не памяняць на беларускае, такі кіроўца будзе ўважацца за бяспраўніка.

У новым законе прапануецца дазволіць ездзіць з расейскім пасведчаннем датуль, пакуль не скончыцца тэрмін яго дзеяння.

У Беларусі з'явяцца «разумныя дарогі»

У праекце закона прапісалі такое паняцце, як «транспартныя інтэлектуальныя сістэмы». Гаворка, напрыклад, пра тую сістэму на МКАД, пра якую кажуць ужо некалькі гадоў. З яе дапамогай кіроўцы будуць даведвацца аб корках і ДТЗ на «кальцавой» за некалькі кіламетраў, а не тады, калі змяніць маршрут ужо немагчыма.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках