19 красавiка 2024, Пятніца, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Der Spiegel: Лукашэнка нічога не баіцца так моцна, як страйкаў на дзяржпрадпрыемствах

7
Der Spiegel: Лукашэнка нічога не баіцца так моцна, як страйкаў на дзяржпрадпрыемствах

Беларусы не пакінулі шанцаў рэжыму.

"Беларускі дыктатар Лукашэнка нічога не баіцца так моцна, як забастовак на дзяржаўных прадпрыемствах", - піша нямецкі часопіс Der Spiegel (пераклад - inopressa.ru).

"З панядзелка да акцыяў супраць Лукашэнкі далучыліся у ліку іншых лекары, настаўнікі, студэнты, рэжысёры, работнікі сферы IT, уладальнікі кавярняў і крам, - адзначае журналістка Крысціна Хебель. - (...) Работнiкi дзяржаўных прадпрыемстваў доўгі час уважаліся за адданых прыхільнікаў Лукашэнкі. Характэрна, што яны цяпер бяруць удзел у пратэсце".

- Нас было 100-150 рабочых, перад пачаткам змены мы сабраліся ля прахадной нашага завода, - распавядае 28-гадовы Арцём Мінгель, работнік завода "Гродна Азот". - Я спадзяваўся, што многія калегі падтрымаюць страйк, але шмат хто, апусціўшы галаву і не гледзячы ў вочы, праходзілі побач з намі на завод. Я не чакаў таго, што адбылося потым. Я не быў гатовы да таго, што амапаўцы і супрацоўнікі ў цывільным прыйдуць, каб прымушаць нас працаваць дубінкамі. Як такое можа быць у XXI стагоддзі? Калі мы адмовіліся, яны пагналіся за намі, білі нас сваімі дубінкамі па спіне, схапілі нас, пацягнулі ў аўтазак. У аддзяленні міліцыі яны адабралі ў нас мабільныя тэлефоны. Яны вельмі баяцца забастовак і не хочуць іх дапусціць ні пры якіх абставінах. (...) Многія калегі баяцца за сваю працу, таму яны не страйкуюць, гэта хвалюе. (...) Лукашэнка нахабным чынам скраў на выбарах нашы галасы і спрабуе прымусіць усіх замаўчаць. (...).

43-гадовы Уладзімір Кайлеў - інжынер-электронік кампаніі "Беларуснафта". Разам са сваімі калегамі ён стаў адным з тых, хто адкрыта далучыўся да закліку Святланы Ціханоўскай, абвясціўшы пра гэта ў відэа.

"Мы зарабляем добрыя грошы. Але гэта гасне на фоне беззаконня ў нашай краіне, я больш не магу гэта трываць. Тут страляюць па людзях, кідаюць гранаты. Адчуванне, што выбухнула вайна", - падзяліўся ён.

"Гвалт на пратэстах у нядзелю ў Менску стаў апошняй кропляй. Досыць. Таму мы далучыліся да страйку. Не прайшло і гадзіны пасля таго, як мы апублікавалі відэа, як да нас на завод у Рэчыцу, у маленькі горад, прыехалі юрысты і прадстаўнікі кіраўніцтва прадпрыемства. Яны нам пагражалі, мы павінны былі абвясціць, што ўсё гэта жарт. Мы адмовіліся. (...) Потым нам трэба было яшчэ раз прыйсці на завод забраць дакументы, там нас ужо чакала міліцыя. Таму мы хутка сышлі. Нам тэлефануюць многія калегі, яны цяпер спрабуюць працаваць "па-італійску", гэта значыць, вельмі марудна", - распавёў Кайлеў.

"Амаль тры дні ім спатрэбілася, каб дамовіцца аб тым, як звальняць мяне і маю калегу, - распавёў 34-гадовы Міхаіл Громаў, электрагазазваршчык Менскага трактарнага завода. - Нас уважаюць за самых актыўных мітынгоўцаў. У нейкі момант было дзесяць юрыстаў, некаторыя прыехалі нават з міністэрства працы. Яны кажуць, што я адсутнічаў на працоўным месцы больш за тры гадзіны, але гэта не праўда: я ўвесь час быў на заводзе. (...) Нас набралася блізу 300 мужчын і жанчын, у нейкі момант яны перасталі нас пускаць у іншыя цэхі завода, баючыся, што і там да нас далучацца калегі. Пасля гэтага пачаліся пагрозы, усіх выклікалі на размову з кіраўніцтвам завода. Кіраўнік майго цэху не хацеў, каб я сыходзіў. Але аб маім звальненні распарадзіўся аддзел ідэалагічнай работы, яны супрацоўнічаюць з органамі бяспекі, у тым ліку з КДБ. (...)", - паведамляе Der Spiegel.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках