19 красавiка 2024, Пятніца, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Біскуп Юры Касабуцкі: Салідарнасць беларусаў - гэта скарб, адзінства і любоў

14
Біскуп Юры Касабуцкі: Салідарнасць беларусаў - гэта скарб, адзінства і любоў
БІСКУП ЮРЫ КАСАБУЦКІ
ФОТА: CATHOLIC.BY

Гэта тое, што робіць нас адзінай нацыяй.

Фактычнае выгнанне з Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча - палітычная акцыя, накіраваная супраць каталікоў, усяго Каталіцкага Касцёла, адзначыў генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Юрый Касабуцкі падчас пропаведзі ў сераду ўвечары, паведамляе belsat.eu.

Пропаведзь, у якой іерарх ацаніў сітуацыю ў Беларусі, прагучала ў кафедральным саборы Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі з нагоды імянінаў Мітрапаліта Кандрусевіча.

Дзеянні ўладаў, на думку біскупа Касабуцкага, прадыктаваныя ідэалогіяй, якая дагэтуль грунтуецца на марксізме-ленінізме.

«Гэта злачынная ідэалогія, якой не асудзілі ў нашай краіне», - сказаў каталіцкі іерарх.

«Разам з мітрапалітам мы ўзгадваем усіх людзей, якія нявінна пакутуюць у нашай краіне, якія ў вязніцы. Хто б мог падумаць, што ў цэнтры Еўропы на працягу некалькіх месяцаў арыштуюць блізу 15 000 чалавек?! Частку з іх катавалі», - сказаў біскуп Касабуцкі.

Ён згадаў у пропаведзі, якую пачулі як мінімум некалькі тысяч чалавек у касцёле і праз анлайн-трансляцыю, учынкі міліцыі за апошнія дні, у тым ліку падзеі ў прыватных кватэрах на вуліцы Нававіленскай.

«Як яны прыніжалі годнасць чалавека, як лупілі безабаронных людзей! Але мы можам не толькі з жахам на гэта глядзець, але і з гонарам за тых, хто адкрыў свае кватэры для выратавання незнаёмых людзей. Салідарнасць нашых людзей - гэта скарб, адзінства, любоў адно да аднаго, падтрымка - гэта тое, што робіць нас адзінай нацыяй», - адзначыў іерарх.

«Сёння мы таксама шмат чуем анонсаў прымянення зброі супраць нашых людзей. Гэта азначае, што ў планах ёсць нейкае наступнае злачынства. Мы павінны маліцца, каб гэтае злачынства не магло стацца. Страляць ва ўласны народ - смяротны грэх», - дадаў ён.

Юрый Касабуцкі заклікаў каталікоў маліцца за Беларусь, за беларускі народ, за ахвяраў тэрору, а таксама за пакаянне злачынцаў, якія аддаюць і выконваюць загады супраць беларускага народа.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках