18 красавiка 2024, Чацвер, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пашынян папрасіў Крэмль вызначыцца з дапамогай Арменіі

Пашынян папрасіў Крэмль вызначыцца з дапамогай Арменіі

Прэм'ер-міністр Арменіі адправіў ліст Пуціну.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян адправіў ліст прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну, у якім папрасіў пачаць кансультацыi для вызначэння дапамогі, якую Расея можа аказаць Арменіі. Пра гэта паведамляе прэс-служба армянскага МЗС.

«Бяручы пад увагу факты замахаў на тэрыторыю Рэспублікі Арменія пры набліжэнні да мяжы Рэспублікі Арменія, прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія звярнуўся да прэзідэнта Расейскай Федэрацыі з просьбай пачаць неадкладныя кансультацыi для вызначэння таго, які тып дапамогі Расейская Федэрацыя можа аказаць Рэспубліцы Арменія», - гаворыцца ў паведамленні, перакладзеным РБК.

У лісце Пашынян спасылаецца на дамову пра хаўрусніцкія адносіны паміж Расеяй і Арменіяй 1997 года, а таксама на арт. 2 Пагаднення аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ад 29 жніўня 2006 года.

Таксама ў лісце гаворыцца пра баевікоў з Блізкага Усходу, якія нібыта былі перакінутыя ў зону баявых дзеянняў. Пра ўдзел ва ўзброеным канфлікце наймітаў з Сірыі казалі таксама кіраўнік СВР Сяргей Нарышкін і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Тое, што ў зоне баявых дзеянняў могуць быць замежныя баевікі, дапускаў і генеральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) Станіслаў Зась.

Расея і Арменія з'яўляюцца хаўруснікамі па АДКБ. Паводле статуту арганізацыі, у выпадку нападу на аднаго з удзельнікаў дамовы, краіна мае права патрабаваць дапамогі ў іншых удзельнікаў. Аднак расейскія ўлады падкрэслівалі, што прамога вайсковага канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам няма.

Раней Пашынян выступіў за ўвод расейскіх міратворцаў у Нагорны Карабах. З яго слоў, гэта магло б стаць «аптымальным развязаннем» вайсковага канфлікту. Аднак ён адзначыў, што пастанова аб уводзе расейскіх міратворцаў павінна быць адобраная ўсімі бакамі канфлікту.

Пра тое, што Расея можа ўвесці міратворцаў у зону баявых дзеянняў толькі са згоды бакоў канфлікту, казалі прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў і кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў. Са слоў Лаўрова, увод міратворцаў абмяркоўваўся паміж прадстаўнікамі Азербайджана і Арменіі.

Напярэдадні кіраўнікі МЗС канфліктных бакоў сустрэліся ў Жэневе. Яны дамовіліся не страляць па цывільнаму насельніцтву і невайсковых аб'ектах, прыняць крокі для далейшага абмену ваеннапалоннымі, а таксама распрацаваць механізм аб увядзенні рэжыму спынення агню ў адпаведнасці з пагадненнем, падпісаным у Маскве 10 кастрычніка.

Узброеныя дзеянні паміж Азербайджанам і Арменіяй у Нагорным Карабаху пачаліся 27 верасня, абедзве краіны ўвялі ваеннае становішча. Бакі ўжо больш за месяц ўжываюць авіяцыю, артылерыю і танкі. Колькасць загінулых і параненых ідзе на тысячы. Ёсць загінулыя і сярод мірнага насельніцтва.

За час канфлікту кіраўнікі МЗС варагуючых краін двойчы сустракаліся для абмеркавання рэжыму спынення агню і гуманітарнага перамір'я, аднак пасля ўступлення пагадненняў у дзеянне бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэнні перамір'я, і баявыя дзеянні аднаўляліся зноў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках