19 красавiка 2024, Пятніца, 6:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Заўсёды ведала, што беларусы пакажуць сваю сілу

9
Наталля Радзіна: Заўсёды ведала, што беларусы пакажуць сваю сілу

Час Лукашэнкі няўмольна сканчаецца.

Галоўная рэдактарка аднаго з самых папулярных незалежных беларускіх онлайн-медыя «Хартыя'97» Наталля Радзіна рыхтуецца вярнуцца дадому. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яе арыштавалі і абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Вызваліўшыся пад падпіску аб нявыездзе, Наталля ўцякла з краіны без пашпарта. Яна даўно магла б атрымаць пашпарт іншай краіны. Але Радзінай ён не патрэбны – яна верыць, што хутка вернецца.

Два з паловай гады таму «Хартыя'97», якая шматкроць павялічыла сваю аўдыторыю, была афіцыйна заблакаваная пастановай беларускага Міністэрства інфармацыі. У гэтым жніўні ў краіне заблакавалі яшчэ 70 сайтаў, але шмат у чым дзякуючы «Хартыі» беларусы паспелі засвоіць, як абыходзіць блакавання.

Наталля Радзіна дала інтэрв'ю расейскаму выданню «Новая газета».

– Наташа, ці чакала ты рэвалюцыю гэтым летам?

– Не толькі чакала, але была ўпэўненая, што яна адбудзецца. Яшчэ за два гады да летніх падзей я казала, што не менш за 80–90% беларусаў ненавідзяць Лукашэнку, цярпенне народа на зыходзе і паравы кацёл вось-вось выбухне. Ведаеш, я нават не ведаю, адкуль у мяне гэтая вера, але я заўсёды ведала, што ў Беларусі будзе рэвалюцыя, што наш моцны і прыгожы народ пакажа сваю сілу.

– Дарэчы, сёлета 10 гадоў тым прэзідэнцкім выбарам, пасля якіх ты апынулася ў турме. А тады, у СІЗА КДБ, ты думала пра тое, што яшчэ 10 гадоў пройдзе пры гэтым рэжыме?

– Тады ўжо было зразумела, што Лукашэнка пацярпеў паразу. І калі пасля турмы мне давялося ўцякаць з краіны, я была перакананая, што вымушаная эміграцыя зойме не так шмат часу і я вярнуся ў свабодную Беларусь.

Мае сябры і калегі таксама былі ў гэтым перакананыя і казалі мне: «Наташа, калі ты і з'едзеш, то вельмі ненадоўга».

На жаль, усё задоўжылася, і сур'ёзныя пратэсты пачаліся толькі ў 2017 годзе – я маю на ўвазе «Маршы абураных беларусаў» пасля падпісання «дармаедскага дэкрэта». Тады стала зразумела, што цярпенне народа на зыходзе і што будуць сур'ёзныя змены. Вось тады я зразумела, што ў 2020 годзе, пасля наступных выбараў, у Беларусі будзе рэвалюцыя. Так і адбылося. Мае асабістыя чаканні, вядома, крыху задоўжыліся, але сёння я шчаслівая, што мы дажылі да гэтага моманту.

Бо многія з нас прысвяцілі гэтаму жыццё. Я роўна палову жыцця працавала для таго, каб наблізіць наступ свабоды, супраціўлялася беззаконню з усіх сілаў – разам з табой і тысячамі іншых беларусаў. І вось нашы мары нарэшце спраўджваюцца. Усё было не дарма.

– А як гэта – выбудоўваць працу медыя, знаходзячыся ў эміграцыі? Гэта вельмі цяжка?

– Гэта, вядома, няпроста, але нам заўсёды вельмі дапамагала міжнародная салідарнасць. Менавіта прыклад «Хартыі» даказвае, што яна існуе не толькі на словах – у выглядзе рэзалюцый пра занепакоенасць сітуацыяй, – але і ў выглядзе канкрэтных дзеянняў. Нас падтрымалі ўрады Польшчы, Літвы, Францыі, ЗША, краінаў Вышаградскай чацвёркі (арганізацыі, якая аб'ядноўвае, акрамя ўжо названай Польшчы, Чэхію, Славакію і Вугоршчыну. – Рэд.), і гэта вельмі дапамагала нам працаваць.

Нам дапамагалі і фінансава, і палітычна, мы змаглі адкрыць рэдакцыю ў Варшаве і захаваць карэспандэнцкі пункт у Вільні. У гэтым, вядома, вялікая заслуга журналістаў, але не менш важна тое, што мы былі не адны. Мы не апынуліся выкінутымі ў чужой краіне – нас падтрымлівалі, нам дапамагалі. За гэта я заўсёды буду ўдзячная нашым заходнім сябрам і партнёрам, а таксама тысячам беларусаў, якія ахвяравалі на сайт, і бізнэсмэнам, якія нам дапамагалі.

НАТАЛЛЯ НА АКЦЫІ САЛІДАРНАСЦІ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ Ў ВАРШАВЕ. ФОТА: FACEBOOK

– У 2018 годзе сайт быў афіцыйна заблакаваны на тэрыторыі Беларусі пастановай Міністэрства інфармацыі. Тым не менш ён застаецца адным з самых папулярных і чытаных у Беларусі. Як вы гэтага дамагаецеся?

– Па-першае, самаадданай працай, па-другое – жаданнем казаць праўду, па-трэцяе – імкненнем змяніць сітуацыю. І вядома, мы вывучалі ўвесь сусветны досвед барацьбы з блакаваннямі. Так што мы хутка здолелі вярнуць большую частку аўдыторыі. І мы саслужылі добрую службу для ўсіх медыя, якія заблакаваныя цяпер. Мы два гады расказвалі няспынна, як карыстацца проксі, ананімайзерамі, Tor і VPN. Дзякуючы гэтаму сёння абсалютная большасць беларусаў ведае, як абыходзіць блакаванне і прадаўжаць чытаць незалежныя сайты.

– Я ведаю, што, калі ўлады заблякавалі доступ да сайта «Хартыі», ты тэлефанавала калегам і казала: давайце будзем салідарнымі, заўтра гэта здарыцца ўжо з вамі. І вось сёння гэта здарылася: больш за 70 сайтаў у Беларусі заблакаваныя. А тады цябе чулі?

– Так, я тэлефанавала многім, у тым ліку ўладальніку tut.by Юрыю Зісеру. Ён, дарэчы, тады сказаў, што ані не здзіўлены і што яны цяпер пойдуць на ўсё. (Дарэчы, менавіта Юры Зісер у 2012 годзе, прыехаўшы на эканамічны форум у Крыніцы, расказаў мне, што ва ўсіх беларускіх медыя, у тым ліку недзяржаўных, ёсць куратары ў КДБ, якія цэнзуруюць кантэнт). Адразу пасля блакавання многія журналісты былі з намі салідарныя, але былі і тыя, хто надумаў застацца ўбаку, паколькі наіўна меркаваў, што калі адседзяцца, то прапятляюць і іх гэта не закране.

Я чула і чытала думкі накшталт «ну, "Хартыя" – радыкалы, яны так катэгарычна выступаюць супраць Лукашэнкі, іх зразумела за што блакуюць, а мы будзем пісаць пра яго так, быццам ён законны прэзідэнт, і тут цалкам можна выжываць». Але нікога гэта не выратавала.

У пераломны момант у жніўні, калі ўжо немагчыма было замоўчваць народнае абурэнне, улада заблакавала большасць сайтаў, і сёння я паўтару тое, што казала два гады таму: можа, час ужо журналістам аб'ядноўвацца і адстойваць свабоду краіны, без якой немагчымая свабода слова.

Калі на акцыях пратэсту збіваюць грамадзянаў, то чаму не павінны збіваць журналістаў? Сёння мы бачым, што б'юць усіх.

Ніхто не глядзіць на камізэлькі і бэйджы. Дык давайце будзем разам. Мне вельмі спадабаўся адзін каментар да артыкула пра збіццё журналістаў: «Журналісты з народам». І гэта дакладна. З народам трэба і ў аўтазак ісці, і змагацца са злом. Гэта не парушае ніякіх стандартаў журналістыкі.

ЗАТРЫМАННІ НА АКЦЫІ Ў МЕНСКУ. ФОТА: ТАСС

– А ў які момант ты зразумела, што для дыктатуры пайшоў зваротны адлік?

– Я заўсёды ведала, што дыктатура абрынецца. Так пабудаваная прырода дыктатураў, што яны заўсёды прыходзяць да свайго канца, па-іншаму не бывае.

Лукашэнка паскорыў свой канец. На гэтых выбарах склаліся тры чыннікі. Па-першае, ён проста абрыд людзям за 26 гадоў бяспраўя, самавольства і самадурства. Па-другое, эканамічны крызіс: Расея перастала датаваць беларускую эканоміку ў ранейшых аб'ёмах, упалі кошты нафты, колькасць стратных прадпрыемстваў у Беларусі за год павялічылася ў тры разы, кошты павысіліся, узровень жыцця стаў нашмат ніжэйшы. І па-трэцяе, вядома, каранавірус, які забраў мноства жыццяў.

Беларусам стала нарэшце зразумела, што рэжым Лукашэнкі ўяўляе пагрозу не толькі для іх гаманца, але і для жыцця.

І цяпер, што б ні адбывалася на вуліцах нашых гарадоў, Лукашэнка ўжо не зможа задушыць гэты пратэст.

– Да таго як выехаць у Еўропу, ты чатыры месяцы хавалася ў Расеі. Праз гэта пра цябе да сёння часам пішуць «ну вядома, ёй жа асабіста Суркоў дапамагаў, яе ФСБ выпускала». А ўсё ж хто на самай справе табе дапамагаў?

– Мне вельмі дапамагла Святлана Ганушкіна. Менавіта яна дамаглася таго, што мяне прынялі ў кіраванні Вярхоўнага камісарыята ААН паводле справаў бежанцаў у Маскве і што Нідэрланды выдалі мне часовы пашпарт (Laissez passer), з якім я змагла легальна выехаць з Расеі. І вядома, дзякуючы ёй я змагла атрымаць выязную візу. Акрамя таго, была міжнародная падтрымка: чыноўнікі Дзярждэпартамента ЗША, АБСЕ і Рады Еўропы ведалі, што я знаходжуся ў Маскве, і праз свае каналы мне дапамагалі.

– Як ты думаеш, а кадэбэшнікі, якія абвесцілі цябе ў вышук, ведалі, што ты знаходзішся ў Маскве, ці думалі, што ты без пашпарта, на кабановых капытах польскую мяжу перайшла?

– Не ведаю, пра што яны думалі. Ніхто не ведаў, дзе я знаходжуся, нават мае бацькі. Я выдатна разумела небяспеку адкрытага знаходжання ў Маскве: тады якраз выкрадалі беларускіх апазіцыянераў – напрыклад, Ігара Аліневіча – і прывозілі іх проста ў турму ў Менск.

У мяне не было ні тэлефона, ні кампутара – я карысталася чужымі гаджэтамі, не выходзіла ў скайп і фэйсбук, каб з IP-адрасоў мяне не вылічылі. Я выдатна ведала, што Расея, на жаль, зусім не сяброўская для беларускіх дэмакратаў дзяржава.

ФОТА: ЕРА

– Ты больш за 20 гадоў працуеш на «Хартыі» – і столькі сама гадоў у пратэстах. Чым, на твой погляд, адрозніваюцца пратэсты-2020 ад усіх папярэдніх?

– Вядома, у першую чаргу уплывам сацыяльных сетак. Дзесяць гадоў таму старонкі ў сацыяльных сетках яшчэ толькі з'яўляліся, і людзі не разумелі, як можна выкарыстоўваць іх для каардынацыі пратэстаў.

Папулярнасцю карысталіся незалежныя сайты, якія ўлада блакавала ў дні правядзення акцый пратэсту і нават проста падчас выбарчых кампаній. А вось 9 жніўня 2020 года, калі рэжым паспрабаваў адключыць інтэрнэт на тэрыторыі краіны цалкам, высветлілася, што ён не ў стане нічога зрабіць з тэлеграмам. І вядома, менавіта тэлеграм стаў той інфармацыйнай сілай, якая дапамагае каардынаваць пратэсты.

Акрамя таго, падчас каранавірусу многія беларусы сышлі ў добраахвотную самаізаляцыю, і сацсеткі асвоілі нават тыя, хто раней не надта імі карыстаўся, у тым ліку сярэдняе і старэйшае пакалення.

Атрымаўся зваротны эфект: Лукашэнка думаў, што народ абвыкне сядзець дома, ды так і праседзіць выбары. А народ, засеўшы дома, проста канчаткова пераканаўся ў тым, што Лукашэнка вырадак. Ён не толькі не змагаўся з пандэміяй, але і дазваляў сабе грэбліва выказвацца пра ахвяраў. І тыя, хто думаў, што, не займаючыся палітыкай, выжыве, пераканаліся, што гэта зусім не гарантыя.

– Многія здзіўляюцца: рэвалюцыя, кажуць яны, у вас прыгожая, але дзе ж лідары?

– Я заўсёды кажу на гэта, што нашы лідары ў турме, і неабходна ў першую чаргу дамагацца іх вызвалення. Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Віктар Бабарыка, Павал Севярынец і яшчэ сотні палітычных зняволеных сёння сядзяць у турмах.

Паводле звестак праваабаронцаў, блізу 300 чалавек праходзіць паводле палітычных крымінальных справаў.

З пачатку выбарчай кампаніі праз турмы прайшло блізу 15 тысячаў чалавек. Гэта больш, чым было інтэрнавана ў Польшчы падчас «Салідарнасці».

І я не раблю трагедыю з таго, што цяпер на чале калонаў не ідуць нейкія лідары. Калі б яны ішлі – таксама апынуліся б у турме. Сёння самае галоўнае – гэта «гарызантальныя» сувязі паміж людзьмі і здольнасць да самаарганізацыі. Таму пратэсты немагчыма задушыць. І ўсе, хто выходзіць на мітынгі, – гэта і ёсць лідары. Гэтыя людзі бяруць на сябе адказнасць. У будучыні, калі мы вернем сумленныя выбары, яны змогуць вылучацца ў парламент і ў прэзідэнты, ствараць свае палітычныя партыі і арганізацыі – гэта і ёсць наш лідарскі патэнцыял.

– Чаго, на твой погляд, сёння ні ў якім разе нельга дапускаць?

– Ні ў якім разе нельга спыняцца. Рэвалюцыя павінна наступаць. Трэба прадаўжаць акцыі пратэсту і дамагацца вызвалення палітвязняў. Пратэставаць, на мой погляд, трэба кожны дзень. Таму што ў фармаце «тыдзень працуем, у нядзелю ідзем на марш» улады выкарыстоўваюць тактыку выпаленай зямлі – душаць мясцовыя раённыя і дваровыя акцыі і арыштоўваюць людзей.

Мне вельмі падабаецца аб'яднанне людзей вуліцамі і дварамі, гэтая «дваровая дэмакратыя», але я мяркую, што нам нельга раз'ядноўвацца. Мы павінны быць разам. Можна, вядома, хадзіць у нядзелі да наступнай восені. Але, можа, лепш сабрацца з сіламі, каб на вуліцы выйшаў мільён, і нарэшце зрушыць гэтую ўладу? Думаю, час пераходзіць да пераможных стратэгіяў і прадпрымаць адважныя крокі для змены сітуацыі.

– Каму гэта пад сілу?

– Беларускаму народу. Нам усім.

– У цябе гэтым летам быў дзень, калі ты прачнулася і зразумела, што шчаслівая?

– Я шчаслівая падчас кожнай масавай акцыі ў Беларусі. І я нешчаслівая, калі потым адбываюцца арышты. Але шчасця больш. Мы ўсё бліжэй да вяршыні. А месца на ёй усім хопіць.

Інтэрв'ю ўзяла Ірына Халіп.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках