19 красавiка 2024, Пятніца, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульцы жаночай NBA падтрымалі Алену Леўчанку

2
Гульцы жаночай NBA падтрымалі Алену Леўчанку
Алена Леўчанка

Жаночая нацыянальная баскетбольная асацыяцыя выступіла з заявай.

Жаночая нацыянальная баскетбольная асацыяцыя гульцоў ЗША (The Women's National Basketball Players Association, WNBPA) выступіла з заявай у падтрымку баскетбалісткі Алены Леўчанкі.

Пра гэта Charter97.org паведаміў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці і спартоўцаў.

Адна з самых тытулаваных беларускіх спартовак - найлепшая цэнтравая свету ў 2010 годзе, двухразовая чэмпіёнка Расеі, чэмпіёнка Літвы, Польшчы, фіналістка WNBA, бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы ў складзе нацыянальнай каманды Беларусі - была затрыманая ў Менску 30 верасня і асуджаная на 15 дзён за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

WNBPA апублікавала заяву ў Twitter і Instagram. «WNBPA падтрымлівае Алену Леўчанку, адну з самых тытулаваных беларускіх баскетбалістак і былога гульца WNBA (Atlanta Dream), затрыманую за рэалізацыю ўсеагульнага права на свабоду выказвання меркавання і ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту», - між іншым, гаворыцца ў звароце. - Нягледзячы на яе папулярнасць як гульца, а, магчыма, менавіта праз яе, Алена была затрыманая ў аэрапорце Менска 30 верасня, калі павінна была вылецець за мяжу для правядзення планавага медыцынскага абследавання і рэабілітацыі».

Таксама ў заяве адзначаецца: «Алена стала тварам руху беларускіх атлетаў, якія падтрымалі пратэстоўцаў. З прычыны супрацьпраўнага арышту Алены спартыўныя каманды заклікалі да нацыянальнага байкоту ўсіх спартыўных мерапрыемстваў. Мы працуем з міжнароднымі спартыўнымі рухамі і экспэртамі з мэтай высветліць бягучы прававы статус Алены і пераканацца, што глабальныя спартыўныя супольнасці будуць выкарыстаны для аказання ціску з мэтай неадкладнага вызвалення спартоўкі і гарантыі яе бяспекі». У арганізацыі выказалі надзею, што калектыўны голас сябраў WNBPA і спартоўцаў з усяго свету пашле моцны сігнал і ярка пакажа на факт беззаконня ў дачыненні да спартоўкі, і дзякуючы гэтаму Алена будзе вызваленая, палітычны пераслед - спынены, а голас Леўчанкі і яе грамадзянская пазіцыя не будуць здушаныя.

Нагадаем, Алене Леўчанцы інкрымінавалі абвінавачванні ў адміністрацыйным артыкуле «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»: Леўчанка двойчы ўдзельнічала ў акцыях пратэсту (23 жніўня і 27 верасня). Паводле версіі следства, спартоўка «публічна выказвала патрабаванні правядзення сумленных выбараў», а таксама «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным вулічным шэсці без адпаведнага дазволу Менгарвыканкама ў мэтах публічнага выказвання свайго патрабавання правядзення сумленных выбараў у Рэспубліцы Беларусь». Абвінавачванні супраць баскетбалісткі будуюцца на аснове фатаграфій у яе Instagram і матэрыяле на сайце спартыўнага выдання «Прессбол».

Алена Леўчанка ўваходзіць у лік 700 беларускіх спартоўцаў, якія падпісалі адкрыты ліст супраць міліцэйскага самавольства і Аляксандра Лукашэнкі. Спартоўцы заклікалі расследаваць факты збіцця і катаванняў, ахвярамі якіх сталі ўдзельнікі масавых акцый пратэсту ў Беларусі пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Акрамя Леўчанкі, ліст таксама падпісалі баскетбаліст Ягор Мешчаракоў, плыўчыха Аляксандра Герасіменя, самбіст Сцяпан Папоў і іншыя зоркі беларускага спорту.

Падпісанты арганізавалі незалежны рух спартоўцаў SOS_BY, неаднаразова ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту, якія рэгулярна праходзяць у Беларусі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках