25 красавiка 2024, Чацвер, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы ўсе стаім у счэпцы

10
Мы ўсе стаім у счэпцы
Ірына Халіп

Новае жыццё беларускіх пенсіянераў.

Вядома, героі гэтага тыдня - беларускія пенсіянеры. Прыгожыя, адукаваныя, высакародныя, адважныя - менавіта такімі іх нарэшце ўбачыў свет у панядзелак. Яшчэ не паспелі астыць клавішы кампутараў, на якіх нешматлікія жартаўнікі паспелі напісаць кілаграмы жартаў наконт дысцыплінаваных беларусаў, якія пяць дзён працуюць, у суботу адпачываюць, а ў нядзелю пратэстуюць, - і на табе, ідзе па вуліцах калона пенсіянераў, толькі ўчора прайшлі дваццаць кіламетраў нядзельным маршам. І ні следу стомы, страху, асуджанасці - толькі азарт, вясёлая злосць, бясстрашнасць і прага перамен.

Я ведаю мінімум трох удзельнікаў- пенсіянераў таго панядзелкавага маршу. Першы - Ян Грыб. Паэт, чые фатаграфіі ў 2017 годзе абляцелі ўвесь свет. Памятаеце чалавека з кіем, якога ў Дзень Волі затрымлівалі трое АМАПаўцаў? Гэта быў ён, Ян Грыб. Зараз яму 85, і ён выйшаў на марш - у вышыванцы, саламяным капелюшы, са сваім знакамітым кіем - ні даць ні ўзяць горды шляхціц, якога ніякія АМАПаўцы-парабкі не спалохаюць. Другая - Ала Саўчанка, бліскучая выкладчыца англійскай мовы. З ёй пачыналі размаўляць нават тыя, хто паспяваў прайсці бясконцую колькасць курсаў, рэпетытараў, школ - і ўсё адно заставаўся англанямым. Пасля ўрокаў у Саўчанкі па-ангельску гаварылі ўсе. Трэцяя - Галіна Лагацкая, якую шмат гадоў гоніць на мітынгі абвостранае пачуццё справядлівасці. Яна ўдзельнічала і ў прадпрымальніцкіх акцыях, і ў маршах абураных беларусаў, і на Акрэсціна сядзела, і ў Жодзіне. І гэта толькі трое. Вазьмі кожнага з удзельнікаў таго маршу - пра кожнага можна кнігу пісаць. І што, няўжо Саша тры працэнты ўсур'ёз лічыў гэтых людзей і ім падобных сваім электаратам? Усякія памылкі могуць быць у чалавека, але не да такой жа ступені... Зрэшты, гэта лішні раз даказвае, што ён жыве ў нейкім зусім іншым свеце - ілюзорным, няісным, казачным.

У тым няісным свеце беларускія пенсіянеры - гэта не прафесіяналы высокага класа з розных сфер, якія прайшлі праз столькі выпрабаванняў, што пагрозы тырана-вар’ята для іх не ўяўляюць нічога, акрамя бессэнсоўнага спалучэння гукаў. У яго свеце пенсіянеры - гэта маўклівыя бабулі і дзядулі ў хустачках і драных аблавушках, якія мараць толькі аб тым, каб пенсіі на хлеб ставала, і больш ім нічога не трэба. Ён так і не зразумеў, што пенсіянеры зусім іншыя. Некаторыя з іх нават вайну перажылі, так што выжываць звыклі, іх ніякай пенсіяй не спалохаеш. І мараць яны не аб падвышэнні дзяржаўных падачак і не пра ільготы, якіх іх пазбавілі праз тое, што Саша тры працэнты вырашыў, быццам жыццё пенсіянера - гэта дом, аптэка і паліклініка. Яны мараць жыць у свабоднай краіне, а галоўнае - каб іх дзеці і ўнукі жылі ў свабоднай краіне. Дзеля дзяцей і ўнукаў яны і на марш выйдуць, і сцягі будуць шыць, марнуючы пенсію на тканіну, і ў партызаны пойдуць. А калі ўспомніць, колькі яны ўжо выстаялі чэргаў ля СІЗА і ЦІП з перадачамі для дзяцей і ўнукаў, колькі начэй правялі, абзвоньваючы міліцэйскія аддзяленні ў пошуках родных, колькі разоў сарвалі голас, праклінаючы гэты рэжым, - няўжо іх яшчэ чымсьці можна спалохаць? Вядома, ужо нічым.

У пенсіянераў за гэтыя некалькі дзён з'явіўся свой сцяг, свой тэлеграм-канал і свой чат. У чаце яны знаёмяцца, прыдумляюць крычалкі і плакаты для новых акцый пратэсту, вучаць «Муры», абмяркоўваюць, як перавыхоўваць нешматлікіх «ябацек», прапануюць адзін аднаму дапамогу. Адна вяжа бел-чырвона-белыя шалікі для новых сяброў, іншая прапануе дапамагчы з рамонтам адзення і абутку, трэцяя навучае беларускай мове тых, хто раней не размаўляў, а цяпер вельмі хоча вывучыць. А яшчэ яны просяць: «Давайце не будзем у гэтым чаце ўжываць слова «пенсіянеры». Мы проста ўзроставая моладзь!» Чытаю іх чат і радуюся: выдатная моладзь у нас вырасла!

Так што дарма Саша тры працэнты яшчэ месяц таму, калі ўжо на ўсю моц ішлі пратэсты, а пенсіянеры выходзілі разам з усімі на нядзельныя маршы, называў іх «апорай дзяржаўнасці» і ў звыклым забыцці сцвярджаў, быццам «пенсія - гэта святое». Не, Саша, для паджылых беларусаў святое - гэта зусім не пенсія, а шчасце дзяцей і ўнукаў. Дзеля гэтага яны выходзяць на вуліцы, праходзяць дзясяткі кіламетраў, шыюць сцягі і малююць плакаты. Гэта значыць дзеля нас. А мы - дзеля іх. Мы ўсе звязаныя гэтымі трывалымі ніткамі - сямейнымі, сяброўскімі, рабочымі, суседскімі, - дзякуючы якім даўно ўжо адчуваем сябе так, нібыта стаім у счэпцы. Зрэшты, мы ў ёй сапраўды стаім ужо два месяцы. І яе ўжо не прарваць.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках