19 красавiка 2024, Пятніца, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Медыцыну давялі да такога стану, што ўжо канец»

12
«Медыцыну давялі да такога стану, што ўжо канец»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: TUT.BY

Лекар з 16-гадовым стажам распавядае, чаму наважыў звольніцца.

16 лістапада амаль 5 тысяч беларускіх медыкаў падпісаліся пад зваротам да ўладаў. У выпадку невыканання патрабаванняў яны пагражаюць звольніцца. Адзін з падпісантаў ліста распавёў «Радыё Свабода», чаму гэта зрабіў.

Суразмоўца, які папрасіў пра ананімнасць, мае больш за 16 гадоў стажу. 12 гадоў адпрацаваў лекарам хуткай дапамогі ў Менску, затым быў намеснікам галоўнага лекара ў раённай бальніцы. У сувязі са жнівеньскімі падзеямі звольніўся. Зараз зноў працуе лекарам на «хуткай», але ўжо напісаў новую заяву на звальненне.

«Не хацеў спрыяць хлусні адміністрацыі»

«Я пачаў казаць праўду і выконваць сваю працу, так, як гэта неабходна рабіць, - распавядае лекар пра сваё жнівеньскае рашэнне аб звальненні з кіруючай пасады. - Гэта тычылася і статыстыкі па смяротнасці, і іншых рэчаў. Адміністрацыю гэта не задаволіла, нашы інтарэсы пайшлі насуперак. Але можна сказаць, што ўсё гэта пачалося яшчэ раней, з вясны. Калі афіцыйная статыстыка па каранавірусу пачала, скажам так, не адпавядаць рэчаіснасці».

Лекар кажа, што яшчэ ў красавіку смерці ад каранавіруса арганізавана спісваліся на спадарожную захворванню паталогію. Ён кажа, што гэта ўжо адпрацаваная ў Беларусі схема. Тое ж самае, напрыклад, датычыцца і смерцяў ад анкалогіі. Яны часта спісваюцца на захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы і іншыя.

«Мне гэта было непрыемна, - кажа лекар. - Я як намеснік галоўнага лекара нёс за гэта адказнасць. А ўлетку ўсё пачало нарастаць. Я для сябе наважыў, што больш не буду гэтага рабіць. Што не хачу спрыяць хлусні з боку адміністрацыі. Распавёў пра гэта сваім супрацоўнікам, яны мяне падтрымалі. Кантракт у мяне быў да канца года, мы дамовіліся разарваць яго па згодзе бакоў».

«За дакументамі для пацверджання дыпломаў прыходзяць 5-6 чалавек штодня»

Са слоў суразмоўцы, у найбліжэйшыя два месяцы ён павінен вырашыць, ці заставацца наогул жыць у Беларусі. Працаваць у сферы медыцыны тут, калі ў краіне не адбудуцца важныя змены, яму будзе складана.

«Я ўвесь час размаўляю з калегамі з майго патоку па ўніверсітэце, - кажа лекар. - Многія з іх не маюць намер заставацца тут. У Беларусі зараз няма ўмоў для працы. Шмат хто з медыкаў таксама турбуюцца пра сваю бяспеку і бяспеку сваёй сям'і. Бо калі выкрадаюць лекара проста з працоўнага месца, гэта як разумець? І я не перабольшваю, гэта гісторыя доктара з Менскай абласной бальніцы, якая пайшла на прыём да пацыентцы і не вярнулася дадому. Або калі побач з бальніцамі затрымліваюць лекараў? Пра якую бяспеку можна казаць?».

Лекар кажа, што медыкі не бачаць у Беларусі будучыні ні для сябе, ні для сваіх сем'яў. Прычым гэта ўжо не толькі размовы, але і канкрэтныя дзеянні.

«Нядаўна я быў ва ўніверсітэце, мне ў навучальным аддзеле сказалі, што 5-6 чалавек у дзень прыходзяць за дакументамі, неабходнымі для пацверджання дыпломаў за мяжой, - распавядае суразмоўца. - Гэтыя дакументы патрэбныя для эміграцыі. Выпіска з адзнакамі, планы вучобы і інтэрнатуры. Гэта ўсё разглядаецца ў еўрапейскіх краінах. Недастаткова проста пацвердзіць дыплом, неабходна яшчэ пацвердзіць гадзіны вывучэння пэўных дысцыплін. Калі іх не стае, то прызначаецца дадатковае навучанне. І вось многія цяпер як раз гэтым усім займаюцца».

Са слоў лекара, у прыярытэце сярод яго калег зараз Польшча, бо гэтая краіна спрасціла працэдуру пераезду для дактароў з краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ. Гэтаму спрыяе і падабенства моў. Не кожны вырашыцца ў сталым узросце пераязджаць у нямецка- ці франкамоўныя краіны, дзе ведаць дзяржаўную мову на высокім узроўні - абавязковая ўмова, каб працаваць па прафесіі.

Лекар кажа, што гульні са статыстыкай у беларускай медыцыне пачаліся не з каранавіруса. Са слоў суразмоўцы, гэта звычайная справа.

«Прыклады простыя, - кажа ён. - Чалавек хварэе на анкалагічнае захворванне. 3-4 стадыя, за 70 гадоў. Яго кладуць у стацыянар. Там чалавек памірае. Прычына смерці - сардэчна-сасудзістая. Зразумела, што чалавек памёр ад анкалогіі. А галоўны лекар кажа, што не, што прычына смерці - сэрца, хаваць яго трэба з адпаведнай пазнакай. Калі ўпісаць анкалогію, гэта будзе негатыўна адбівацца на галоўным лекары. Гэта ўсё адбываецца ў любым стацыянары краіны, усе пра гэта ведаюць. Тое ж самае тычыцца і смяротнасці ад інфарктаў. Усе хаваецца, каб смяротнасць ад інфарктаў не перавышала пэўных значэнняў».

«Прыйшоў міліцыянт у бальніцу і патрабаваў прыняць яго без чаргі»

Са слоў суразмоўцы, асаблівая сітуацыя склалася з каранавірусам. Пасля вясновай хвалі ў медыкаў былі надзеі, што ўлады адумаюцца і падыдуць да праблемы больш сур'ёзна. Але гэтага не адбылося.

«Міністэрства аховы здароўя працягвае нахабна хлусіць, - кажа лекар. - Ці можна параўнаць статыстыку смяротнасці за дзень, вясной і цяпер. У еўрапейскіх краінах за дзень памірае 600-700 чалавек. А ў нас 5-6. У апошні час пачалі 7 пісаць. У адной ЦРБ па Менску за дзень назбіраецца больш за 40 чалавек, якія памерлі ад каранавіруса. У Менску 5-6 такіх шпіталяў. Статыстыка па ўсёй краіне прыніжаная ў дзясяткі разоў».

Са слоў суразмоўцы, такая хлусня прывяла да таго, што цяпер у Беларусі значна больш пашырае захворванне COVID-19, чым магла б быць. Людзі проста не адчувалі небяспекі і паводзілі сябе неадпаведна, не трымаліся рэжыму.

«Медыкаў абураюць таксама паводзіны супрацоўнікаў сілавых структур, - дадае ён. - Нядаўна ў Берасці прыйшоў міліцыянт у бальніцу і патрабаваў прыняць яго без чаргі. З якой нагоды? Людзі ўсе роўныя. Ты прыйшоў у паліклініку, ты звычайны пацыент. Чакай. Ніякіх пераваг у яго няма, ні адзін сілавік у паліклініцы іх не мае. А яны ўжо гэтым нават абураюцца. Лекары таксама баяцца такой рэакцыі. Баяцца, што гэта можа адбіцца на іх працы».

«Нам ужо няма чаго губляць»

Са слоў лекара, да таго, што медыкі сёння сталі фактычна асобнай шматлікай групай пратэстуючых, прывёў шэраг прычын.

«Усё наклалася, пачынаючы з каранавіруснай інфекцыі, - кажа суразмоўца. - З хлусні пра яе. Калі б Міністэрства аховы здароўя паказаў праўдзівую статыстыку, то людзі б больш сур'ёзна паставіліся да гэтага. Заняткі ў школах можна было б скасаваць. Мы бачым, што з пачаткам навучальнага года ўсплёск чарговы.

Неапраўдана высокі ўзровень гвалту з боку праваахоўнікаў моцна паўплываў. І ў дачыненні да простых мірных грамадзян, і ў дачыненні да медыкаў таксама. Я зараз напраўду проста баюся ісці па вуліцы, мае родныя таксама. Гэта ўжо канец, мы не можам больш маўчаць.

Вось апошні выпадак, калі затрымалі нашага калегу з лякарні хуткай медыцынскай дапамогі. За тое, што ён проста апублікаваў праўду (гаворка пра лекара, што распавёў пра нулявы ўзровень алкаголю ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі. - Заўвага.). А кіраўніцтва краіны працягвае хлусіць. Лекар мае права прадстаўляць інфармацыю пра стан пацыента або з яго згоды, альбо са згоды родных. Маці Рамана сама перадала журналістам усе даведкі пра аналізы. Каб усе зразумелі, хто хлусіць».

Лекар перакананы, што дзеянні медыкаў і надалей будуць салідарнымі. Яны збіраюцца заступацца за кожнага затрыманага калегу.

«Нам ужо няма чаго губляць, - кажа лекар. - Медыцыну давялі да такога стану, што ўжо ўсё, канец. Урачам надакучыла быць рабамі. Любы зараз можа прыйсці, паскардзіцца на лекара, і лекар будзе вінаваты. Адміністрацыя ў большасці выпадкаў займае пазіцыю «пацыент заўсёды мае рацыю». Але гэта не заўсёды так. Мы за шчырасць выступаем, і мы салідарныя з народам цяпер. У маім калектыве вельмі многія настроены негатыўна ў дачыненні да ўлады. Але звольніцца ці адкрыта пратэставаць усё не могуць. У кагосьці жыллё, у кагосьці крэдыты. Звольніцца, калі ты жывеш у малым горадзе, лекару складана. Дзе ён яшчэ знойдзе там працу? З'ехаць таксама далёка не кожны можа. Гэта дадатковыя выдаткі. Многія за родных сваіх баяцца. Але настрою ва ўсіх ужо крытычныя. Звальненне - гэта наш апошні крок. Апошні спосаб звярнуць увагу на нашы праблемы».

«Страшна ўявіць, што можа адбыцца з медыцынай»

Са слоў суразмоўцы, нікуды не дзеліся і праблемы з даплатамі за працу з каранавіруснымі хворымі. Ён кажа, што ўзнікаюць складанасці з тым, каб якасна даказаць гэта. Аналізы не заўсёды робяцца на неабходным узроўні. У выніку аплата ідзе, але далёка не ўсім медыкам, якія напраўду працавалі з выпадкамі COVID-19. Асобна можна ўздымаць пытанне лекараў-інтэрнаў, якіх вымушаюць працаваць у каранавірусных зонах. Ім дадаткова наогул не плацяць, бо яны не лекары, а ў адпаведным указе гаворка толькі пра даплаты для лекараў. У выніку інтэрны могуць атрымліваць дадатковыя плацяжы толькі тады, калі адміністрацыя бальніц знаходзіць спосаб неяк іх ўузнагародзіць. Гэта здараецца не заўсёды.

«Што павінна адбыцца, каб я не звольніўся? Гвалт трэба спыніць, - кажа лекар. - Павінна змяніцца сістэма ўлады. Усё тое, пра што мы пісалі ў сваім лісце, які падпісалі 5 тысяч медыкаў. Гэта адстаўка Лукашэнкі, прыцягненне ўсіх вінаватых да адказнасці. Каб людзі маглі нармальна хадзіць на працу, нармальна спаць. Каб не баяліся за сваіх дзяцей. Аплату працы лекараў неабходна зрабіць дастатковай. У суседніх краінах яна ў разы большая. А ў нас на сустрэчы з лекарамі Дзмітрый Піневіч (выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя. - Заўвага.) прызнае гэта, але як можна павысіць заробак, не кажа. Іх наогул мала хвалюе ад'езд лекараў з Беларусі».

Са слоў суразмоўцы, нават тыя медыкі, якія падпісалі зварот, у асноўнай масе не жадалі б звальняцца. Але могуць быць вымушаны гэта зрабіць.

«Гэта будзе катастрофа, - разважае пра наступствы магчымага звальнення тысяч медыкаў суразмоўца. - Большасць лекараў і так працуе на 1,5-2 стаўкі. Спецыялістаў не стае. Да таго ж многія лекары цяпер - пенсіянеры. Калі яны пойдуць, а яны паступова сыходзяць, іх не будзе кім замяніць. Маладымі не атрымаецца, бо калі малады лекар прыходзіць, ён яшчэ не спецыяліст, спецыялістамі становяцца гадамі. Доктар, які толькі пасля ўніверсітэта, шмат памыляецца. Ён павінен вучыцца ў дасведчаных лекараў. Калі будуць з'язджаць пісьменныя лекары, а з'язджаюць, як правіла, такія, то мне нават страшна ўявіць, што можа адбыцца з медыцынай».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках