29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч: Рэжым трэба адключыць ад міжнароднай фінансавай сістэмы

48
Святлана Алексіевіч: Рэжым трэба адключыць ад міжнароднай фінансавай сістэмы
СВЯТЛАНА АЛЕКСІЕВІЧ

Годная краіна змагаецца з вар'ятам-забойцам пасярод Еўропы.

Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч устурбаваная будучыняй сваёй краіны. "Яна кажа, што кожную раніцу ёй паступаюць электронныя лісты, якія прымушаюць яе плакаць. Яна паказала некалькі з іх. У іх можна ўбачыць жорсткія фатаграфіі раздробненых рук, пераўтвораных у крывавае месіва, целаў з адкрытымі ранамі - гэта фатаграфіі зняволеных з беларускіх турмаў", - піша нямецкі часопіс Der Spiegel (пераклад - inopressa.ru). Журналісты выдання Тобіяс Рап і Фолькер Вайдэрман пагутарылі з пісьменніцай, якая праходзіць зараз лячэнне ў Бэрліне.

"Тое, што ён [Лукашэнка] робіць, гэта катастрофа. Пасля фальсіфікацыі вынікаў галасавання ў жніўні было арыштавана 27 тысяч чалавек. Гэта навукоўцы, прафесары, звычайныя людзі, працоўныя, студэнты. Пацярпелі ўсе слаі грамадства. Лукашэнка разбурае краіну", - заявіла Алексіевіч.

"Лукашэнку абыякавае функцыянаванне грамадства. Нягледзячы на драматычную сітуацыю з каранавірусам і перапоўненыя шпіталі, было затрымана 50 лекараў. У Менску ёсць вядомы кардыёлаг, які адмовіўся звальняць маладых лекараў, якія хадзілі на дэманстрацыю. Пасля гэтага ён страціў сваю працу. Учора я атрымала паведамленне, што падпалілі яго загарадны дом. (...) Увесь Менск нашпігаваны спецназаўцамі ў масках, якія, ствараючы волю, кантралююць і затрымліваюць людзей. Гэта гібрыдная грамадзянская вайна. Прыхільнікі Лукашэнкі супрацьстаяць іншай палове насельніцтва", - сказала пісьменніца.

Кажучы пра прыхільнікаў Лукашэнкі, Алексіевіч адзначыла: "За ім ідуць абсалютна звычайныя людзі. Магчыма, таму што яны баяцца нешта страціць. Але ў асноўным ён падтрымліваецца рэшткамі савецкай сістэмы. Я сама была здзіўленая, наколькі хутка ўсё зноў можа вярнуцца. Метады спецслужбаў са сталінскіх часоў. У Другой сусветнай вайне мы перамаглі фашызм і распрацавалі маральную вакцыну ад яго. Але ад ГУЛАГа, ад Сталіна ў нас няма лекаў. Відаць, старыя пазіцыі могуць сфармавацца зноў у кожную часіну"

"Лукашэнка арыштаваў галоўных мужчын, якія вылучалі сваю кандыдатуру, або прымусіў іх уцякаць з краіны. Аднак гэта не прывяло да мэты, бо іх месца занялі іх жонкі - і выклікалі новую хвалю натхнення. (...) Мужчыны сядзелі ў турме, жанчыны займаліся палітычнымі кампаніямі. Раней такое немагчыма было сабе ўявіць. (...) Лукашэнка не ведае, што рабіць з жанчынамі, ён часцяком адгукаўся пра нас з пагардай. Для яго мае значэнне толькі той, хто быў у войску. Ён недаацэньваў жанчын - да таго часу, пакуль нават у вёсках не сталі праходзіць дэманстрацыі ў падтрымку жанчын", - адзначыла суразмоўца выдання.

"Ідэя нашай каардынацыйнай рады ў тым, каб ажыццявіць перадачу ўлады без гвалту і кровапраліцця. (...) У нас у Беларусі заўсёды было пачуццё, што мы адстаём ад гісторыі. Хто ж хоча быць апошняй савецкай рэспублікай Еўропы? Раптам усё змянілася. Пратэсты сталі свайго кшталту нараджэннем новай нацыі", - падкрэсліла Алексіевіч.

Каментуючы чуткі пра тое, што ў здушэнні пратэстаў у Беларусі ўдзельнічалі і расейскія сілавікі, пісьменніца сказала: "Я таксама так думала. Я не магла сабе ўявіць, што нашы ўласныя людзі могуць так жорстка процідзейнічаць свайму насельніцтву. Але гэта так. Кажуць, Лукашэнка спытаў міністра абароны, ці гатовае яно да ўсяго. Ёсць жа маладыя людзі, якія вучыліся ў вайсковым універсітэце і распавядаюць, што там ім задавалі пытанні накшталт: "Ты б забіў сваіх бацькоў, каб абараніць краіну?".

"Каардынацыйнай рада апазіцыі больш не існуе, - заявіла Алексіевіч. - Яе чальцы знаходзяцца або знаходзіліся ў турме, высланы з краіны або ўцяклі. Ёсць новая рада, імёны яе ўдзельнікаў не выдаюцца з меркаванняў бяспекі. Дамоўленасці праз сацсеткі. Але ў мяне ўзнікае адчуванне, што на Захадзе не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Тое, што мы перажываем, такі жорсткі гвалт над невінаватымі. Турмы перапоўненыя людзьмі, адзінае злачынства якіх у тым, што яны пратэставалі. Людзі сістэматычна зняважаюцца. У прыбіральнях часта няма вады; камеры, прызначаныя для 5 чалавек, напоўненыя 35 людзьмі; зняволеным даводзіцца спаць стоячы, стаяць цэлымі днямі, часам тыднямі. Гэта гісторыі, вядомыя мне толькі са сталінскіх часоў. Робяцца сістэматычныя спробы зламаць людзей. У сваім жыцці я бачыла шмат дрэннага, і тым не менш я ўзрушаная тым, што адбываецца ў Беларусі. Маленькая годная краіна змагаецца з вар'ятам-забойцам, пасярод Еўропы! А свет маўчыць. У чым злачынства гэтых людзей? Яны хочуць новых выбараў. Яны хочуць, каб відавочна фальсіфікаваныя выбары былі ануляваныя. А што кажа Лукашэнка? Не, я не аддам сваю любімую. (...) Так ён называе Беларусь. Пры гэтым ён ператварыў краіну ў канцлагер".

"Санкцыі Еўразвязу - добрая мера, але далёка не дастатковая, - паказала пісьменніца. - Забарона на ўезд у ЕЗ галоўных службовых асоб рэжыму не асабліва іх чапляе. Іх сем'і па-ранейшаму могуць падарожнічаць. А Лукашэнка і так забараніў сваім кіроўным супрацоўнікам пакідаць краіну. Беларусь можна было б выключыць з міжнароднай банкаўскай сістэмы. Для краіны важная нафтавая прамысловасць, тут можна было б увесці санкцыі. Гэта моцна ўдарыла б па эканоміцы. Лукашэнка апынуўся б бяссільны перад пратэстамі, якія ўзніклі б у выніку. Мы хочам перадачы ўлады мірным шляхам, гэта тое, чаго Лукашэнка не можа сабе ўявіць. Ён думае, што пасада належыць яму".

"Калі адбудзецца эканамічнае фіяска, а палітвязні будуць вызваленыя, мы наблізімся да моманту, калі можа ўзнікнуць нешта новае. Магчыма, Расея не дапусціць арыентацыі на Еўропу. Але ў гэты момант нават гэта было б для мяне прымальным. Усё ж лепш, чым сённяшні стан" , - сказала Алексіевіч.

"Лукашэнка здольны на ўсё, - падкрэсліла субяседніца выдання. - Я магу дапусціць поўнае разлажэнне краіны, хаос, сцэнар грамадзянскай вайны. (...) Цяпер краіна стаіць пад зброяй. Для здушэння апазіцыі падняты ўсе магчымыя падраздзяленні. Гэтых спецназаўцаў утрымлівае разам пралітая з ім кроў. Яны баяцца новага ўрада, які можа прыцягнуць іх да адказу. Віна, якой яны абцяжарылі сваё сумленне ў апошнія месяцы, становіцца моцным звяном, што звязвае гэтых маладых людзей".

Гаворачы аб расейскай апазіцыі, Алексіевіч распавяла: "Летам я напісала заклік да расейскай інтэлігенцыі. "На вашых вачах знішчаюць маленькі народ, чаму вы маўчыце?". На яго адрэагавалі дзесяць чалавек, смелых дэмакратаў. Але толькі дзесяць. (...) У расейскага чалавека вельмі глыбока сядзіць адчуванне, што навакольныя краіны, уласна кажучы, належаць да расейскай імперыі".

"Імперыя аслабла. Усюды вымірае камуністычная эліта. Зараз паміж сабой змагаюцца тыя, хто хоча прыйсці да ўлады. Гэта вялікі кацёл, у якім варацца ўсе, старыя камуністы, новыя капіталісты", - сказала пісьменніца.

Калі кажуць пра будучыню пратэстаў у Беларусі, Алексіевіч адзначыла: "Я не думаю, што Лукашэнка зможа доўга душыць энэргію свайго народа. Яго час прайшоў. Але гэта атрымаецца толькі пры ўмове, што да нас на дапамогу прыйдзе сусветная супольнасць".

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках