19 красавiка 2024, Пятніца, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Сванідзэ: Лукашэнка на 100% - палітычны труп

25
Мікалай Сванідзэ: Лукашэнка на 100% - палітычны труп
МІКАЛАЙ СВАНІДЗЭ

Пуцін шукае яму замену.

Больш за тры месяцы ў Беларусі працягваюцца пратэсты, што пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў. Дзясяткі тысяч людзей адбылі або працягваюць адбываць пакаранне, сотнямі распачынаюцца крымінальныя справы ў дачыненні да пратэстоўцаў, а вось факты гвалту з боку сілавікоў застаюцца па-за полем зроку праваахоўных органаў. Чаму, нягледзячы на гэта, Масква пакуль лаяльная да Аляксандра Лукашэнкі, колькі працягнецца гэтая падтрымка, распавёў tut.by расейскі журналіст і грамадскі дзеяч Мікалай Сванідзэ.

- Пакуль у Беларусі супрацьстаянне ў актыўнай фазе, цяжка ўявіць, як менавіта ўсё скончыцца. Нейкая частка беларусаў усё яшчэ чакае, што вось-вось можа стаць «як раней»...

- Як раней дакладна не будзе. Думаю, усё ж такі будзе лепш. Вельмі на гэта спадзяюся і вам гэтага зычу. І зычу не толькі таму, што вы мне глыбока сімпатычныя як народ, як краіна, але і таму, што мне вельмі падабаецца, як беларусы сябе паводзяць. Мы глядзім на вас і маем на ўвазе сваю ўласную будучыню. І ад таго, што і як атрымаецца ў вас, можа залежаць тое, што атрымаецца ў нас. Хоць сітуацыі ў нас розныя. У беларусаў ёсць Расея, а ў нас - толькі мы і нікога іншага, хто б мог паўплываць на наш лёс.

У кожным выпадку, думаю, Лукашэнка асуджаны. Абсалютна. На сто адсоткаў ён - палітычны труп.

- А як жа падтрымка яго Пуціным? Не ўратуе?

- Незалежна ад гэтай падтрымкі, тым больш яна абмежаваная ў часе. Думаю, ён Пуціну ўжо не цікавы, бо яму не цікавы чалавек, які не можа трымаць рэспубліку ў цуглях. А Лукашэнка страціў кантроль у краіне. Гэта абсалютна непапулярны чалавек, улада якога трымаецца толькі на падтрымцы сілавікоў. Пуціну нецікавы чалавек, які сядзіць на штыках. Тым больш Лукашэнка яму антыпатычны, а Пуцін - чалавек суб'ектыўны. Калі б паміж імі было асабістае сяброўства, на падтрымку можна было б разлічваць. Але тут сяброўствам нават не пахне.

- Тым не менш ужо дваццаць гадоў стасункі Беларусі і Расеі роўныя стасункам Лукашэнкі і Пуціна. І гэта выглядае даволі дзіўна. Крыўды, папрокі, прэтэнзіі, потым клятвы ў вернасці - у прынцыпе гэта прымальна для міжасобасных стасункаў, але пры вырашэнні пытанняў паставак газу, узаемнага прызнання віз, хацелася б больш прадказальнай і прагматычнай палітыкі.

- Цалкам дакладна. І гэта адна з прычын, з якой Лукашэнка нялюбы Пуціну. Плюс Пуцін яму не верыць абсалютна.

- Колькі яшчэ Пуцін будзе падтрымліваць Лукашэнку?

- Роўна да таго часу, пакуль не знойдзе яму больш-менш прыдатную замену. Гэтая замена павінна адпавядаць двум крытэрам: чалавек павінен быць выбраны ў Беларусі, гэта значыць быць дастаткова папулярны, і, па-другое, ён павінен арыентавацца на Маскву. Усё. Астатняе не важна.

- Гэта значыць, у прынцыпе Пуціну пасуе большасць прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў Беларусі? Антырасейскіх настрояў у гэтую кампанію не было.

- Гэта было ў пачатку кампаніі. З тых часоў сітуацыя змянілася. Думаю, калі б Пуцін мог павярнуць стрэлкі гадзінніка назад, ён мог зрабіць іншую стаўку на гэтых выбарах. Цяпер, відаць, яму давядзецца шукаць іншых людзей. І я ўпэўнены, ён іх шукае. Магчыма, сярод беларускіх генералаў, магчыма, сярод цывільных асоб. Але шукае, несумненна.

- Тым не менш нават у гэтым годзе Масква, нягледзячы на перыядычныя жорсткія выпады, здаецца, цалкам лаяльная да Лукашэнкі - і захоп банка ў «Газпрама» спусцілі на тармазах, і затрыманне вагнераўцаў, і пра пазыку за газ на вышэйшым узроўні не ўзгадвалі. Крэмль не верыць, што з новым беларускім лідарам будзе лепш?

- Усё проста: пакуль няма замены, Масква падтрымлівае Лукашэнку. Пакуль яму не будуць узгадваць усе гэтыя непрыемнасці ва ўзаемадачыненнях. Пакуль апускаць Лукашэнку яшчэ ніжэй - не ў інтарэсах Масквы. Ён і так апушчаны дашчэнту. Калі б не Масква, Лукашэнкі б ужо не было. На Маскву арыентуюцца лукашэнкаўскія сілавікі, і як толькі Расея дасць адмашку, што ён больш не патрэбны, падтрымка асноўнай часткі беларускіх сілавікоў знікне і Лукашэнка застанецца ў пустаце. Ён сядзіць на крэсле са штыкоў, няма штыкоў - яго не будзе каму падтрымаць.

Старая гвардыя ўжо не спраўляецца. Беларусь ужо іншая. Тут важна, што чым даўжэй развіваецца сітуацыя, тым большая імавернасць, што Беларусь павернецца спінай да Расеі. Так, геаграфію нікуды не падзець, мы ўсё адно будзем суседзямі. Гісторыю таксама нікуды не падзець. Зараз, бачачы падтрымку Лукашэнкі з Крамля, значная частка беларусаў усё больш расчароўваецца і ў Крамлі, і ў Пуціне. Чым даўжэй гэтая падтрымка будзе доўжыцца, тым больш шанцаў, што Беларусь павернецца тварам да Захаду. Расея пакуль не вельмі прывабная краіна, і, калі яна такой застанецца, Беларусь будзе ісці на Захад - па магчымасці захоўваючы добрасуседскія стасункі з Расеяй, пазбягаючы ўступлення ў NАТО. Хоць, можа, і не пазбягаючы, калі Расея стане паводзіць сябе жорстка.

Бачачы падтрымку Лукашэнкі з Крамля, значная частка беларусаў усё больш расчароўваецца і ў крамлі, і ў Пуціну. Чым даўжэй гэтая падтрымка будзе доўжыцца, тым больш шанцаў, што Беларусь павернецца тварам да Захаду

- Пакуль сітуацыя ў Беларусі развіваецца паводле сілавога сцэнару. Ад мінулага складу беларускага ўрада, урада тэхнакратаў, практычна нікога не засталося, ключавым фактарам пры размеркаванні партфеляў стала асабістая лаяльнасць, стаўка робіцца на сілавікоў. Наколькі жыццяздольная гэтая схема хоць бы ў кароткатэрміновай перспектыве? Ці можна зрабіць Паўночную Карэю з еўрапейскай краіны ў XXI стагоддзі?

- На нейкі гранічна кароткі час можна. Але сітуацыя занадта адрозніваецца ад той, што ёсць у Паўночнай Карэі, - і гісторыяй, і ментальнасцю. Беларусы не дазволяць рабіць з сябе Паўночную Карэю. У Лукашэнкі наогул няма падтрымкі ўнутры краіны. Ён патрэбны толькі сілавікам. За межамі краіны Захаду ён не патрэбны, Пуціну - патрэбны да пары да часу, пакуль яму не знайшлі замену. Лукашэнка асуджаны.

- Акрамя гвалту нас сёння вельмі непакоіць беспрэцэдэнтны ціск на журналістаў: трое сядзяць у СІЗА паводле крымінальных артыкулаў, дзясяткі - адседзелі ці сядзяць арышты за працу на акцыях пратэсту. Улада верыць, што, прыбраўшы інфармацыю пра пратэсты, можна пазбавіцца і ад саміх пратэстаў. Гэта можа спрацаваць?

- Умовы ў вас вельмі цяжкія. Дарэчы, у Расеі гэтыя ўмовы таксама становяцца больш жорсткімі, тут мы з вамі блізняты-браты. Не буду даваць рэкамендацыі, гэта лёгка рабіць, знаходзячыся ў іншай краіне. Але прайсці гэты перыяд, вельмі цяжкі, вам давядзецца. Тут вы, дарэчы, наперадзе нас. І ў вас наперадзе ўжо відно святло ў канцы тунэлю. І мне здаецца, ужо не так далёка відно.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках