29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Мінкін: Беларускія сілавікі могуць апынуцца на шыбеніцы

89
Аляксандр Мінкін: Беларускія сілавікі могуць апынуцца на шыбеніцы
АЛЯКСАНДР МІНКІН
ФОТА: RFE/RL

Будзе новы Нюрнбэрг.

У Беларусі на загадзе правадыра збіваюць, катуюць, забіваюць мірных грамадзян. Пануе самавольства і агідная вар'яцкая жорсткасць. Але з пункту гледжання правадыра гэта разумная жорсткасць. Лукашэнка разумее: нічым, акрамя жорсткасці, ён не можа ўтрымаць уладу, піша расейскі журналіст і грамадскі дзеяч Аляксандр Мінкін у артыкуле для «Новой газеты».

Мы не называем Лукашэнку «прэзідэнтам», бо ён не прэзідэнт. Ён саступіў на выбарах; саступіў катастрафічна.

Збіццё, арышты і катаванні тысяч людзей - гэта ягоная помста народу. Ён карае свой народ за тое, што яго не любяць, пагарджаюць, ненавідзяць.

Паводзіны чалавека кажуць пра чалавека. Нашы паводзіны і ёсць мы. Магчыма, нехта ў сваіх думках - гуманіст і паэт. Але калі ён крадзе і гвалтуе - мы справядліва ўважаем яго за злодзея і гвалтаўніка.

Гледзячы на ўзброеных карнікаў, якія збіваюць і забіваюць людзей у Беларусі, шмат хто кажа: гэта фашызм. Няма ў Беларусі ніякага фашызму. Фашызм - гэта агідная ідэя: нацыянальная перавага, арыйцы і недачалавекі, знішчэнне людзей паводле расавай прыкметы, прага сусветнага панавання, заваёва суседніх краін.

У беларускага азвярэлага нягодніка ніякай ідэі няма наогул. Ні пра расавую перавагу, ні пра заваёвы ён не думае ні секунды; габрэі і цыганы ж не прызначаныя да знішчэння. Ён проста ашалеў ад улады. Ён лютуе ад страху, як загнаны ў кут драпежнік. У гэты кут ён загнаў сябе сам.

...І ўсё ж пэўнае гістарычнае падабенства з фашызмам ёсць.

Да 1939 году сутнасць гітлераўскага рэжыму была ясная ўсяму свету. Ужо былі канцлагеры, пакаранні, шалелі СС і гестапа, ужо захопленыя Аўстрыя, Чэхія, пастаўленыя на калені Вугоршчына, Румынія... Але ва ўсім свеце толькі дзве дзяржавы надумалі стаць тады хаўруснікамі Гітлера (лёс Мусаліні вядомы, лёс Японіі таксама).

І толькі Савецкі Саюз падпісаў з Гітлерам пакт аб ненападзе і таемнае пагадненне аб падзеле Еўропы. Правільней назваць гэта дамовай аб сяброўстве, бо СССР эшалонамі пастаўляў у Нямеччыну стратэгічныя матэрыялы, даў нашы палігоны і аэрадромы для навучання фашысцкіх лётчыкаў і танкістаў. Што ж гэта, калі не дружба?

Сталін, вядома, разумеў, што Гітлер - крывавы, жорсткі, бязлітасны дыктатар (гэта ўвесь свет разумеў). Але Сталін разважыў, што сябраваць з Гітлерам выгадна. І дапамагаць яму - выгадна.

Сталін дапамагаў Гітлеру не з любові да яго, а з уласных інтарэсаў, якія ён лічыў дзяржаўнымі. Ён не думаў, што гэта амаральна; ён наогул не думаў у такіх катэгорыях. Ён думаў толькі пра выгаду. Сталін памыліўся. Высветлілася, што сяброўства з Гітлерам каштавала нам прыблізна 30 мільёнаў ахвяр, нанесла незлічоныя пакуты, і трупы нашых салдатаў дагэтуль не ўсе пахаваныя.

Сёння ўвесь свет бачыць, што робіцца ў Беларусі. Цяпер не 1939-ы, мы не маем патрэбы ў чужых апавяданнях і сумнеўных сведчаннях. Мы ўсе бачым на экране. На свае вочы. У рэальным часе. Бачым, калі хочам бачыць. І ніякіх іншых кадраў на экранах крамлёўскіх кампутараў няма. Там бачаць тое ж самае, што ўвесь астатні свет. Калі хочуць бачыць. (Бяда, калі ў самой высокай крамлёўскай вежы глядзяць на свет праз мутнае акно Астанкінскай вежы.)

Калі б нейкая краіна распачала намаганні для адхілення злачыннага правадыра ад улады, гэта было б, вядома, даволі грубае парушэнне ўсякіх міжнародных правілаў. Але ці нам крытыкаваць такі падыход? Па-першае, мы заўсёды з захапленнем казалі пра змоўшчыкаў, якія спрабавалі забіць Гітлера, і заўсёды шкадавалі, што ў іх не атрымалася. Па-другое, ці не мы не так ужо даўно штурмам узялі палац Аміна - і больш Аміна жывым ніхто не бачыў? Паколькі многія архівы засакрэчаныя, мы не можам сцвярджаць, быццам Амін - гэта адзінкавы выпадак у нашай практыцы. (Мы яго спярша двойчы паспрабавалі атруціць, а потым зразумелі, што куля надзейней.) Затое чужая практыка ў нас перад вачыма: не так ужо даўно нашы «партнёры» злавілі і павесілі Садама Хусэйна...

Свет ў жаху ад дзеянняў Лукашэнкі. Ён ужо асуджаны, незалежна ад таго, ці дажыве ён да суда і ці будзе гэты суд. Ён выгнанец.

Толькі мы дапамагаем яму ў жорсткай вайне з яго бяззбройным народам, абяцаем (калі спатрэбіцца) даслаць зялёных чалавечкаў. Дапамагаць злачынцу - значыць быць суўдзельнікам. У гэтым выпадку гэта невытлумачальнае глупства, бо вядома ж, чым заканчваюцца ўсе такія рэжымы.

«Мы»? Але хіба гэта мы пастанавілі дапамагаць крываваму дыктатару? Хіба ў народа Расеі спыталі? Не. Беларускаму правадыру дапамагае Пуцін.

Ён, вядома, усё разумее пра Лукашэнку, ведае пра катаванні, забойствы; ведае, што Лукашэнка саступіў на выбарах. Але Пуцін разважыў, што яму выгадна падтрымаць Лукашэнку. Дабром такая палітыка не канчаецца ніколі.

Лукашэнка ўцягнуў усіх сваіх сілавікоў у злачынны гвалт з народу. Усе яго сілавікі, усе яго генералы азірнуцца не паспелі, як сталі павязанымі. Яны замазаныя крывёю. Яны з суудзельнікі ў групавым згвалтаванні сваёй краіны, свайго народа.

Гвалт народ ім не забудзе і не даруе. І мы, магчыма, убачым іх на шыбеніцы. (У Беларусі смяротнае пакаранне не скасаванае).

А мы? Мы ж не супраціўляемся нашай ганебнай замежнай палітыцы. Некалькі людзей выходзіла з пратэстамі да амбасады Беларусі - гэта былі пратэсты супраць дзеянняў Лукашэнкі. Але ніхто не выйшаў на Красную плошчу з патрабаваннем да свайго прэзідэнта спыніць падтрымку жорсткага рэжыму.

Калі мы не патрабуем ад свайго, як мы можам патрабаваць ад чужога? За гэтыя месяцы палітыка Пуціна зрабіла ўсё, каб беларусы, мякка кажучы, астылі да Расеі. А яны ж на яе спадзяваліся.

Палітыка Пуціна зрабіла ўсё, каб Украіна, мякка кажучы, да нас астыла, каб Грузія астыла... Толькі што мы саступілі Азербайджан туркам і амаль саступілі Арменію. Такое ўражанне, што за апошнія 20 гадоў да нас астылі практычна ўсе.

А Кітай спакойна і не спяшаючыся есць нас халоднымі. Ён ведае, што гарачае шкодна.

Магчыма, яшчэ не позна, магчыма, яшчэ не ўсё страчана. У Закаўказзі, у Сярэдняй Азіі, на Украіне, у Малдавіі і ў Беларусі яшчэ захоўваюцца эмацыйныя і крэўныя сувязі з Расеяй. І вялікая расейская мова там яшчэ не канчаткова забытая. А брудны цынізм і гвалт не дапамогуць. Гвалтаўнікоў ніхто не любіць. Хоць, вядома, некаторым удаецца шыбеніцы пазбегнуць.

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках